Мадэрнізацыя — шлях у будучыню

shvei

Бягучы год у нашай краіне праходзіць пад знакам мадэрнізацыі. У нашым раёне работа ў гэтым напрамку ажыццяўляецца ў адпаведнасці з планам мадэрнізацыі арганізацый на 2013-2015 гады. Рэалізацыя комплексу мер па рэканструкцыі вытворчых магутнасцей, стварэнні новых вытворчасцей, удасканаленні тэхналагічных працэсаў заклікана павысіць прадукцыйнасць працы, забяспечыць рост заработнай платы і, адпаведна, павышэнне ўзроўню жыцця насельніцтва.
 Вынікі дасягнутага з пачатку года былі падведзены на нядаўнім выязным пасяджэнні райвыканкама. Парадак дня прадугледжваў разгледзець пытанне па выкананні планаў мадэр-нізацыі на прыкладзе ААТ “Кіраўскае райагра-прамтэхзабеспячэнне”, таму ў рабоце пасяджэння прымаў удзел  кіраўнік ААТ “Упраўляючая кампанія холдынга “Аграмашсэрвіс” Міхаіл Юрчанка. Але каб карціна была больш поўнай і відавочнай, удзельнікам было прапанавана наведаць шэраг іншых аб’ектаў, на якіх, варта адзначыць, было ад чаго атрымаць самыя станоўчыя ўражанні і пераканацца, што ўкараненне новай тэхнікі і сучасных тэхналогій прыносіць адчувальны эфект.Якасць і даступныя цэны

У апошнія месяцы значна ўзрос попыт на швейную прадукцыю нашых бытавікоў — у многім таму, што ў асартыменце з’явіліся трыкатажныя вырабы. А выпускаць іх ААТ “Кіраўскія бытпаслугі” дазволіла набыццё і ўстаноўка адпаведнага абсталявання. Тое, як яно працуе пад умелымі рукамі работніц арганізацыі, і якія вырабы атрымліваюцца, назіралі ўдзельнікі выязнога пасяджэння. Дырэктар Ірына Шаршукова з бачным задавальненнем паведаміла, што ў верасні дзякуючы тэхнічным навінкам, якія абышліся ў 35 млн. рублёў, яны атрымалі  дадаткова больш 9 млн. рублёў выручкі, у кастрычніку  ўжо 24 млн. рублёў. Па швейным цэху выручка ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года склала 152%. Павялічылася і аплата працы.
Магчымасці ў абсталявання шырокія, але “гламурныя мадэлі” —  не на першым плане, тут робяць стаўку на вырабы, якія запатрабаваны людзьмі. Як заўважыла Ірына Шаршукова, моду дыктуюць у асноўным сельскія жыхары, заказы якіх акумулююцца ў 9 комплексных прыёмных пунктах раёна. Піжамы, майкі, “начнушкі”, дзіцячы асартымент — гэта асноўная частка трыкатажу ад кіраўскіх бытавікоў. Якасць — выдатная, цэны — прымальныя. Напрыклад, калі на рынку за цяльняшку вытворчасці Кітая, В’етнама, Расіі выкладзеш каля сотні рублёў, тут амаль напалову танней.

Выконваюць тут і індывідуальныя заказы па пашыву элегантных мадэлей адзення, зразумела, гэта патрабуе больш часу. Новыя машыны дазваляюць працаваць з шырокім спектрам тканін, у тым ліку і пры пашыве канцэртных, навагодніх касцюмаў.
На новай раскройнай машыне спрытна ўпраўлялася з тканінай Ларыса Салаўёва. Тут трэба быць віртуозам, каб усё зрабіць належным чынам.
У акцыянерным таварыстве адчулі ўсе выгоды работы на новым абсталяванні і не збіраюцца спыняцца на дасягнутым. Як адзначыла Ірына Шаршукова, у планах — набыццё іншых новых адзінак машын.

Новы кандытарскі цэх — самы сучасны!

Удзельнікам выязнога пасяджэння пашанцавала ў гэты дзень быць першымі сведкамі адкрыцця пасля правядзення мадэрнізацыі новага кандытарскага цэха пры галіне грамадскага харчавання райспажыўтаварыства. Старшыня праўлення Святлана Сарока нагадала, якімі непрыгляднымі яшчэ ў зусім нядаўнім мінулым былі памяшканні старога цэха, ён не адпавядаў санітарным нормам і патрабаванням часу. А зараз гэта ззяючыя чысцінёй, утульнасцю сучасныя вытворчыя памяшканні. Умовы працы створаны самыя найлепшыя. Тут дадаткова будуць уведзены 3 рабочыя месцы. Сучаснае аблічча набыў і магазін “Кулінарыя”.
Пры правядзенні мадэрнізацыі асвоена 1млрд. 600 тыс. рублёў, у тым ліку 400 млн. рублёў — на набыццё абсталявання. У гэты дзень былі запушчаны ў эксплуатацыю новыя печы, ішлі наладачныя работы. Вы-творчасць кандытарскіх вырабаў плануецца павялічыць у 2-2,5 раза, прыярытэт будзе надавацца крэмавым вырабам і са слаёнага цеста. У планах — пашырэнне асартыменту прадукцыі.
Святлана Сарока паказала і набыты апарат шокавай замарозкі прадукцыі, які дазволіць забяспечыць доўгатэрміновае — да 30 сутак захаванне вырабаў.
Такі цэх у сістэме спажыўкааперацыі вобласці пакуль адзіны, пасля выхаду на поўную вытворчую магутнасць ён будзе міжраённым (у зону абслугоўвання ўвойдуць Бабруйскі, Клічаўскі, Асіповіцкі і Глускі раёны).
Старшыня райвыканкама даў станоўчую адзнаку рабоце кааператараў: за кароткі прамежак часу, ва ўстаноўленыя тэрміны быў рэалізаваны гэты праект, прадугледжаны праграмай мадэрнізацыі, хоць было зусім ня-проста ўвасобіць яго ў жыццё. У харчовай галіне гэта самыя сучасныя тэхналогіі. Новы цэх дасць магчымасць павялічыць прадукцыйнасць працы і, адпаведна, выручку і заработную плату работнікаў.

Імпартазамяшчэнне па-кіраўску

Яскравым прыкладам таго, як можа сур’ёзны, удумлівы падыход да ажыццяўлення мадэрнізацыі прадпрыемства карэнным чынам змяніць яго аблічча і вынікі дзейнасці, стала другое жыццё былога кансервавага камбіната, зараз замежнага таварыства з абмежаванай адказнасцю “Кіраўскі харчовы камбінат”. Рэалізацыя гэтага праекта з удзелам расійскага інвестара распачалася ў студзені мінулага года, а сёння ў рэканструяваным былым цэху мясных кансерваў нала-джана сучасная вытворчасць канцэнтраванага яблычнага соку. За працэсам перапрацоўкі яблыкаў назіралі ўдзельнікі пасяджэння. Каментарыі давалі дырэктар прадпрыемства Андрэй Кукулаў і яго намеснік Юлія Рэвяка.
У рамонт будынкаў старога цэха, набыццё і ўстаноўку высокапрадукцыйнага абсталявання інвеставана 52 млрд. рублёў. Канцэнтраваны сок з’яўляецца асновай для вытворчасці розных сокаў, таму запатрабаваны адпаведнымі прадпрыемствамі рэспублікі. Канцэнтрат  практычна на 90% завозіўся з-за межаў нашай краіны. Відавочнай была неабходнасць атрымання яго з мясцовай сыравіны, што і ажыццяўляецца на харчовым камбінаце. За сёлетні сезон тут пера-працавалі больш 11 тыс. тон яблыкаў, якія прымалі з нашага раёна і практычна з усіх рэгіёнаў Беларусі.
На будучы год, як адзначыў Андрэй Кукулаў, у іх грандыёзныя планы —  павялічыць аб’ёмы вытворчасці канцэнтраванага соку як мінімум у 2-3 разы: вытворчыя магутнасці гэта дазваляюць, як і ёмістасці для захавання прадукцыі.
Мадэрнізацыя на камбінаце працягваецца: праводзіцца рэканструкцыя другой часткі будынка цэха.  Мяркуецца да пачатку наступнага сезону аднавіць лінію па вытворчасці яблычнага пюрэ, якое будзе змяшчацца ў асептычную ўпакоўку, як і сокі, наладзіць перапрацоўку бярозавага соку. Ёсць патрэба ў гэтай прадукцыі і рынкі збыту. Дарэчы, тут мяркуюць выходзіць са сваёй прадукцыяй і на расійскі рынак.
Як адзначыў кіраўнік раёна Уладзімір Піскіжаў, стратэгія развіцця прадпрыемства, вызначаная інвестарамі, прынесла свой плён. Разам з новым асноўным напрамкам дзейнасці, які ўдыхнуў у былы кансервавы камбінат жыццё, працуе традыцыйная для яго вытворчасць плодаагароднінных кансерваў. Захаваны калектыў, рабочыя месцы. Узровень сярэдняй заработнай платы на прадпрыемстве вышэйшы за сярэднераённы.

Задача — рэалізаваць намечанае

ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне”, асобныя структурныя падраздзяленні якога былі далей у цэнтры ўвагі на выязным пасяджэнні райвыканкама, — шматгаліновае прадпрыемства. Аб асноўных напрамках работы і яе эфектыўнасці паведаміў дырэктар РАПТЗ Мікалай Чаранкоў.
Як вядома, пры РАПТЗ працуе дылерскі цэнтр Мінскага трактарнага завода і ВА “Гомсельмаш”. Тут ажыццяўляецца перадпродажная падрыхтоўка новых трактароў, тэхнічнае абслугоўванне гарантыйнай і іншай тэхнікі. За 10 месяцаў гэтага года  работ і паслуг дылерскім цэнтрам выканана  на суму 8,7 млрд. рублёў. На вытворчых плошчах цэнтра ішла размова аб яго рабоце з удзелам прысутных кіраўнікоў гаспадарак раёна.
У межах выканання плана мадэрнізацыі сёлета ў РАПТЗ наладжана вытворчасць грабель, ажыццяўлялася іх рэалізацыя. Набыта 11 адзінак тэхнікі. Але асобныя пазіцыі плана пакуль не ўдалося рэалізаваць. Кіраўніцтву даручана дэталёва прапрацаваць шляхі ўвасаблення ў жыццё намечанага.
Асноўным відам дзейнасці таварыства з’яўляецца вытворчасць і рэалізацыя сельгаспрадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі, аб’ём яе рэалізацыі займае найбольшую ўдзельную вагу ў агульным аб’ёме рэалізацыі прадукцыі і паслуг. У сельскагаспадарчай вытворчасці па стане на пачатак лістапада занята 160 чалавек з 325 працуючых у калектыве РАПТЗ.
Асноўны праект плана мадэрнізацыі — рэканструкцыя малочна-таварнай фермы “Пацава Слабада” на 635 галоў жывёлы. Яна стала наступным аб’ектам наведвання ўдзельнікамі выязнога пасяджэння, тут абмяркоўваліся ўвогуле актуальныя пытанні дзейнасці жывёлагадоўчай галіны раёна.
Як мы паведамлялі на старонках газеты, па выніках мінулага года наш раён заняў у вобласці першае месца па надою малака ад каровы з паказчыкам 5622кг. Мы падышлі да той рысы, калі вы-творчасць кожнага дадатковага літра малака даецца з усё большымі затратамі працоўных і фінансавых рэсурсаў, адзначыў падчас наведвання фермы старшыня райвыканкама. Для павелічэння вытворчасці малака неабходны рост пагалоўя жывёлы і эфектыўная работа з ёй: задача — даіць на карову не менш 6 тыс. кг малака, каб хутчэй акупіліся затраты на будаў-ніцтва новых малочна-таварных модуляў. Зыхо-дзячы з гэтага, на ўзведенных МТФ трэба будаваць сваю работу.  Павінны быць новыя падыходы ў кармленні, даенні, аднаўленні статка, якія дазволяць сёння атрымаць высокапрадуктыўную нецель, з вялікім патэнцыялам, і павялічыць прадуктыўны ўзрост жывёлы.
Аб тым, як наладжана работа на новым комплексе, праінфармаваў дырэктар РАПТЗ Мікалай Чаранкоў. На будаўніцтве асвоена 15,5 млрд. рублёў. Пакуль не ўдалося ўвесці ў эксплуатацыю другі хлеў, тэхналагічны працэс належным чынам не наладжаны. Зрабілі прыбліжана да неабходных патрабаванняў. Жывёла размешчана па групах. На гэты дзень расцялілася 4 жывёліны, таму ў кароўніку ўладкавалі сектар раздою, з устаноўкай у даільнай зале абсталявання раздою навацельных кароў, аналагічнага асноўнай даільнай устаноўкі. Кіраўнік адзначыў, што яны будуць імкнуцца аператыўна завяршыць работы на другім хлеве, тым больш, што ёсць пагалоўе цялушак і кароў для запаўнення комплексу. Сёлета ў РАПТЗ нарыхтавалі дастаткова кармоў — 47 ц к.адз. на ўмоўную галаву жывёлы, і якасць іх выдатная. Значыць, зімоўка будзе сытнай.
За 10 месяцаў бягучага года тут атрымалі на 650 тон малака больш леташняга ўзроўню. І ўвогуле ў таварыстве ў гэтым напрамку стабільна працуюць апошнія тры гады, забяспечваючы значны прырост прадукцыі: 28%. Як заўважыў кіраўнік ААТ “Упраўляючая кампанія холдынга “Аграмашсэрвіс”  Міхаіл Юрчанка, сярод 17 аналагічных арганізацый вобласці, якія займаюцца жывёлагадоўляй, Кіраўскае РАПТЗ на сённяшні дзень з’яўляецца лідарам па вытворчасці малака, тэмпе росту, сярэднясутачнаму надою ад каровы. Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Осіпаў падкрэсліў, што выйсці на такія рубяжы райаграпрамтэхзабеспячэнне здолела, нала-дзіўшы работу па аднаўленні статка, забяспечыўшы трывалую кармавую базу.
Шэраг заўваг наконт маючыхся рэзерваў для павышэння эфектыўнасці работы ў жывёлагадоўлі дзякуючы ўводу ў эксплуатацыю новых малочна-таварных комплексаў выказаў старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў.
Слушныя практычныя парады па пытанні камплектацыі МТФ жывёлай даў намеснік начальніка райсельгасхарчу Іван Грышчанка.

Працэс мадэрнізацыі працягваецца…

Убачанае на аб’ектах і дасягнутае за прайшоўшы перыяд бягучага года абагульнілі на плянарным пасяджэнні.
З належачых мадэрнізацыі ў адпаведнасці з раённым планам 19-ці арганізацый да гэтай дзейнасці прыступілі 18.  Рэалізацыя мерапрыемстваў дазволіла дася-гнуць па выніках 9-ці месяцаў наступных асноўных паказчыкаў: выручка на аднаго занятага склала 18,8 тыс. долараў ЗША пры заданні на год 25,3 тыс. долараў (74,3%).

Дабаўленая вартасць на аднаго занятага склала 8,2 тыс. долараў ЗША пры заданні 11,6 тыс. долараў (70,7%), сярэднямесячнай заработнай платы 3865 тыс. руб. пры заданні 3582 тыс. руб. (107,9%).
У ходзе абмеркавання вынікаў было прааналізавана, якія прычыны не дазволілі выйсці на запланаваныя паказчыкі, што неабходна выправіць, каб за застаўшыйся да канца года час максімальна наблізіцца да выканання пастаўленых задач.
Старшыня райвыканкама адзначыў арганізацыі, якія, нягледзячы на няпростыя эканамічныя ўмовы, здолелі забяспечыць выкананне заданняў не толькі па     9-ці месяцах, але практычна і гадавыя. Гэта ПМК-255, ПМК-97 “Вадгас”. Была таксама адзначана станоўчая работа па рэалізацыі планаў мадэрнізацыі УКП “Жылкамгас”, ААТ “Кіраўскія бытпаслугі”, райпаліўзбыту. У гэтых арганізацыях, заўважыў кіраўнік раёна, дзейсна  папрацавала эканамічная служба, была праведзена дакладная ацэнка магчымасцей і адпаведным чынам распрацаваны мера-прыемствы, што і дало добры рэзультат.
Калі нядрэнна папрацавалі арганізацыі прамысловасці, будаўніцтва, то такога нельга сказаць пра сельскую гаспадарку: тут назіраецца адставанне ад выканання вызначаных заданняў. У ходзе пасяджэння было прааналізавана становішча спраў у кожнай сельгасарганізацыі. Старшыня райвыканкама адзначыў, што тут відавочныя, мякка кажучы, не вельмі адказныя адносіны да складання планаў: не былі прааналізаваны з пункту гледжання рэальнасці ўвасаблення свае магчымасці. Таму на шэрагу аб’ектаў увогуле не прыступілі да мадэрнізацыі. Трэба выпраўляць сітуацыю, каб забяспечыць дынамічны рух наперад.
Тое, што своечасовае выкананне мерапрыемстваў па мадэрнізацыі дае відавочны эфект у выглядзе выканання кантралюемых паказчыкаў, уплыву на павышэнне ўзроўню жыцця людзей, усе перакана-ліся ў ходзе наведвання аб’ектаў выязнога пасяджэння. Работа па мадэрнізацыі працягваецца…
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.