Малака прыбывае — гаспадарка грошы зарабляе

DSCF3636

Не здаюць сваіх лідзіруючых пазіцый і пастаянна нарошчваюць вытворчасць малака жывёлаводы ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне”.Прырост малака за 10 месяцаў гэтага года склаў 630 т, а тэмп росту вытворчасці да аналагічнага леташняга перыяду — 119,4%. “Плюсуе” РАПТЗ і па сярэднясутачным надоі, з пачатку года на карову атрымалі па 5168 кг супраць 4554 кг у 2012 г. Шмат ўвагі надаецца якасці малака, бо тут добра разумеюць — чым вышэй гатунак, тым вышая цана продажу.
Сярод структурных падраздзяленняў сельгаспрадпрыемства добрых вынікаў дасягнулі жывёлаводы малочна-таварнага комплексу “Уласавічы”. Даенне кароў тут вядзецца з дапамогай даільнай устаноўкі “ІТЕК”, што дазваляе адпраўляць на перапрацоўчае прадпрыемства малако гатункамі “экстра” і вышэйшым.
Агульнае пагалоўе буйной рагатай жывёлы складае 520 галоў, дойны статак — 410 кароў. У дзень ад кожнай рагулі ў сярэднім атрымліваюць па 17,6 кг, тлустасць малака — 3,7%. Надой на карову за 10 месяцаў бягучага года склаў 5121 кілаграм, што на 662 кг больш леташняга паказчыка. Расце і таварнасць малака, зараз яна на ўзроўні 92,5%. Валавая вытворчасць малака за студзень-кастрычнік бягучага года яна склала 2100 тон (у 2012 годзе — 1783 т). З пачатку года рэалізавана 1942 т малака, што больш адпаведнага перыяду мінулага года амаль на 300 т.
“Плюсуюць” на МТК і па атрыманні цялят (+70 галоў да 2012 года). Маладняк БРЖ тут утрымліваецца да 30-дзённага ўзросту, а пасля  пераводзіцца на дарошчванне на Любоніцкую ферму.
Як адзначыла падчас размовы загадчыца МТК “Уласавічы” Людміла Пятруша, за ўсімі высокімі дасягненнямі стаіць карпатлівая праца кожнага работніка комплексу. Лідарам па надоях не толькі на комплексе, але і ў раёне з’яўляецца даярка Вікторыя Кудзінава. За 9 месяцаў бягучага года ад кожнай са сваіх рагуль яна ў сярэднім надаіла па 5675 кг.
Стараннасцю ў рабоце вызначаюцца даяркі Юлія Мішына, Юлія Каваленка, Алена Паўлоўская і іншыя. Падтрымліваюць абсталяванне комплексу ў рабочым стане, забяспечваюць бесперапынную работу даільнай устаноўкі слесары Андрэй Іваноў і Павел Пінчук. З адказнасцю ставяцца да выканання сваіх абавязкаў даглядчыкі Дзяніс Мішын і Міхаіл Пінчук. Яны ўдваіх абслугоўваюць увесь вялікі статак комплексу: раздаюць кармы і канцэнтраты, ажыццяўляюць чыстку і ўборку памяшканняў.
Асаблівымі словамі была адзначана работа лабаранта Ліліі Чайка. Жанчына курыруе адзін з самых адказных участкаў работы: праводзіць лабараторныя даследаванні малака. Селекцыянер Людміла Фяліцкая адказвае за збор, паўнату і даставернасць інфармацыі аб карове. У камп’ютар заносяцца дадзеныя аб сярэднім і агульным надоях, перанесеных хваробах, асемяненні і расцёле жывёлы.
А ўвогуле асноўным падмуркам вялікіх надояў малака і прыбаўленняў у вазе жывёлы спецыялісты і работнікі МТК “Уласавічы” лічаць збалансаванае кармленне, належны догляд і якаснае ветэрынарнае абслугоўванне грамад-скага статка.
Важным аспектам высокіх вытворчых паказчыкаў з’яўляецца моцная кармавая база. Сельгаспрадпрыемствам кармоў нарыхтавана ўдосталь, галоўнае — скарміць іх рацыянальна, каб атрымаць важкія прыбаўкі малака і мяса. Пад поўную патрэбу жывёла забяспечваецца мінеральнымі дабаўкамі і канцэнтратамі.
Жывёлаводы РАПТЗ нацэлены на паспяховае завяршэнне бягучага года і ўдалы старт у год наступны.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.