Плённай працай славім родны край!

osipov

Прафесійнае свята аграрыяў — гэта нагода і для падвядзення вынікаў працы земляробаў, бо яно прыходзіцца на другую палову лістапада, калі практычна завершана ўборка ўраджаю, і для вызначэння асноўных шляхоў далейшага развіцця сельскагаспадарчай галіны, і, безумоўна, для ўшаноўвання лепшых працаўнікоў.
Аб гэтым — наша інтэрв’ю напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК з першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандрам ОСІПАВЫМ.— Аграрны сектар — асаблівая сфера дзейнасці. Становішча спраў у ім закранае інтарэсы практычна кожнага чалавека і ў вырашальнай ступені вызначае харчовую бяспеку краіны, — з гэтага пачаў нашу размову Аляксандр Васільевіч. — Дасягненні аграпрамысловага комплексу —заслуга як радавых працаўнікоў, якія апрацоўваюць зямлю і вырошчваюць хлеб, атрымліваюць малако і мяса, агародніну і фрукты, так і спецыялістаў, кіраўнікоў, работнікаў сацыяльна-культурнай сферы на вёсцы.
Паступова мы перайшлі да аналізу спраў у аграпрамысловым комплексе раёна, адзначаючы не толькі поспехі, але і праблемныя пазіцыі. Хоць інтэрв’ю святочнае, але каб вызначаць задачы на перспектыву, патрэбна ведаць рэзервы росту.
— Аляксандр Васільевіч, ёсць такія вершаваныя радкі: “Каб жыць прыгожа і шчасліва, павінен з хлебам быць народ…” Хачу дадаць прозай: яшчэ з малаком і мясам, а для гэтага грамадскі статак трэба забяспечыць кармамі. Як абстаяць справы ў раслінаводчай галіне аграрнага сектара раёна?
— Сяўба збожжавых і зернебабовых культур сёлета на палетках раёна была праведзена ў аптымальныя тэрміны, выкананы  ўсе неабходныя агратэхнічныя мерапрыемствы. Але неспрыяльныя пагодныя ўмовы ў нашай зоне адмоўна паўплывалі на канчатковы вынік. Збожжавых і зернебабовых культур было намалочана 49833 тоны  супраць леташніх 65772 тон. Нагадаю, што ў мінулым годзе нашы хлебаробы сабралі рэкордны ў найноўшай гісторыі раёна ўраджай.
Але недабор збожжа ўдалося кампенсаваць зернем кукурузы: яго па стане на 1 лістапада атрымана 13453 тоны, што больш  чым у два разы перавышае леташні намалот. Ураджайнасць зерня кукурузы склала 90,3 ц/га. Так што, грамадскі статак будзе забяспечаны зернефуражом на зімова-стойлавы перыяд.
Намалочана 7879 тон рапсу пры ўраджайнасці 26 ц/га, у прынцыпе, узяты леташні паказчык за невялікім мінусам, а ў мінулым годзе, нагадаю, ураджай масланасення рапсу таксама быў найвышэйшым за ўсе часіны функцыянавання аграпрамысловага комплексу раёна.
Арганізавана, зладжана была праведзена ўборка збожжа ў СВК “Добасна-агра”, “Калгас Ніва”, “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, “Чырвоны баец” і іншых гаспадарках.
— А які ў заліку раёна ўраджай “другога хлеба” —  бульбы і іншых  сельгаскультур?
— Бульбы накапалі практычна столькі, колькі ў мінулым годзе — 12365 тон. Цукровых буракоў па стане на 1 лістапада маем 44138 тон, або 132,7% да леташняга ўзроўню.
Трэба заўважыць, раён своечасова і ў поў-ным аб’ёме выканаў дзяржзаказы па пастаўках збожжа, рапсу, цукровых буракоў.
— Аграрыі раёна стабільна паспяхова працуюць у раслінаводчай галіне, і гэта забяспечвае надзейную базу для эфектыўнай работы і развіцця  жывёлагадоўлі. Што канкрэтна зроблена сёлета ў кормавытворчасці?
—    У раёне створаны паўтарагадовы запас кармоў для грамадскага статка — 30,4 цэнтнера  кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Такім чынам, па грубых, сакавітых кармах і з улікам зерня кукурузы — па фуражы праблем у зімовы стойлавы перыяд у жывёлагадоўчай галіне быць не павінна. І па якасці кармоў у сельгасарганізацыях папрацавалі нядрэнна.
Асаблівы ўпор у раслінаводстве робім на работу з бабовымі культурамі, каб забяспечыць  збалансаваны рацыён кармлення па асноўных спажыўных рэчывах.
— Прыемна было даведацца з афіцыйных дадзеных Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, апублікаваных нядаўна ў рэспубліканскай прэсе, што па выніках работы за студзень — верасень бягучага года ў галіне жывёлагадоўлі наш раён на 10-м месцы ў рэспубліцы (сярод 118 рэгіёнаў). Наколькі я ведаю, і ў кастрычніку атрымалі неблагія вынікі?
— З году ў год наша жывёлагадоўчая галіна працуе з прыбаўкай. За 10 месяцаў бягучага года вытворчасць малака склала  40669, 3 тоны, гэта 102,4% да ўзроўню мінулага года.
Найбольшы прырост па валавой вытворчасці малака да студзеня — кастрычніка 2012 года атрыманы ў райагра-прамтэхзабеспячэнні,  СВК “Чырвоны баец”.
Надой малака на карову ў сярэднім па раёне за 10 месяцаў склаў 4817 кг, гэта 101% да леташняга паказчыка, а па выніках года ён пралічваецца на ўзроўні 5750 кг. Па надою малака ад каровы стабільна ўтрымліваем першае месца ў вобласці.
Рэалізавана малака 36583 тоны, тэмп росту да аналагічнага перыяду мінулага года — 103,5%. Рэнтабельнасць рэалізаванага малака па выніках работы за 9 месяцаў — 28,6%.
З лепшага боку па рэалізацыі малака адзначым наступныя гаспадаркі: СВК “Чырвоны баец”, райаграпрамтэхзабеспячэнне, СГФ “Чыгірынка”, СВК “Калгас “Ніва”.
Раён выканаў даручэнне губернатара вобласці па выхаду на таварнасць малака ў 90%, атрымалі такі паказчык па выніках работы за 9 месяцаў і трымаем яго за студзень — кастрычнік. Асноўны ўпор і далей робім на якасць малака, каб сярэдняя цана рэалізацыі была значна вышэйшай, чым сабекошт.
— У павышэнні вытворчасці малака, безумоўна, адыграе значную ролю ўвядзенне ў эксплуатацыю новых сучасных малочна-таварных ферм, узводзімых згодна даручэння Кіраўніка нашай дзяржавы за сродкі сельгасарганізацый.
— Удасканаленне вытворчай базы жывёлагадоўлі да-зволіць павялічыць пагалоўе дойнага статка і, адпаведна, вытворчасць і рэалізацыю малака. У канцы мінулага года на МТФ “Старыя Дваранінавічы” СВК “Чырвоны баец” была завершана мадэрнізацыя памяшкання пад радзільнае аддзяленне з заменай абсталявання. Зараз наладжваецца тэхналагічны працэс на ўзведзеных будынках кароўніка і даільна-малочнага блоку новых малочна-таварных ферм: “Барчыцы” ў СВК “Калгас “Беларусь” і “Пацава Слабада” РАПТЗ. Плануем і далей працаваць па завяршэнні будаўніцтва і ўводу ў эксплуатацыю ўсіх запланаваных 8-мі ферм. У дадатак  актыўнымі тэмпамі вядзецца будаўніцтва малочна-таварнай фермы “Колбава” на 450 галоў у СГФ “Чыгірынка” РУП “Беларусьнафта-Магілёўаблнафтапрадукт”.
—У нашым раёне актыўна ўкараняюцца новыя сучасныя тэхналогіі, якія дапамагаюць павысіць эфектыўнасць работы.  У тым ліку і ў агранізацыях аграпрамысловага комплексу. Напрыклад, узята на ўзбраенне такая інавацыя, як спадарожнікавы маніторынг транспартных сродкаў. Раскажыце аб гэтым больш падрабязна.
— У шэрагу гаспадарак перайшлі на новую сістэму кантролю работы аўтатранспарту, устанавіўшы на ім абсталяванне  GPS-маніторынгу. Актыўна працуюць у гэтым напрамку ў СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, “Чырвоны баец”, “Калгас “Ніва”. Распачалі работу ў КСУП “Жылічы”, РАПТЗ. Эфект у эканоміі гаруча-змазачных матэрыялаў відавочны — да 30%.
Працуюць нашы гаспадаркі і па ўкараненні альтэрнатыўных відаў энергетыкі. У першую чаргу, назаву біягазавую ўстаноўку ў СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, якая, выкарыстоўваючы адходы вытворчасці: гной буйной рагатай жывёлы, кукурузны сілас, зернеадходы, выпрацоўвае цеплавую і электрычную энергію. У канцы лістапада чакаецца выхад комплексу на праектную магутнасць.
У некаторых гаспадарках устаноўлены геліевыя воданагравальнікі.
Работа ў напрамку асваення інавацыйных тэхналогій для эканоміі рэсурсаў працягваецца.
— Думаецца, значную ролю ў дасягненні аграрным сектарам раёна неблагіх рэзультатаў адыгрывае дакладна наладжаная сістэма работы ўсіх структур і кадраў.
— Безумоўна, гэта так. У  адзіным ланцугу працуюць раслінаводчая галіна, служба механізацыі, жывёлагадоўля, а дапамагае эфектыўнай рабоце дакладны аналіз фінансавай дзейнасці з боку бухгалтарска-эканамічнай службы. І, зразумела, пастаянны кантроль над вытворчымі працэсамі.
Хачу адзначыць, што ў вобласці праводзіцца неафіцыйны залік у разрэзе раёнаў па вытворча-эканамічнай дзейнасці аграрнага сектара і ўручаецца адпаведны кубак: па выніках 9-ці месяцаў мы — на другім месцы.
Галоўная мэта ўсёй нашай работы — павышэнне дабрабыту людзей: на тое, каб яны атрымлівалі дастойную заработную плату, мелі належныя ўмовы працы і камфортныя ўмовы пражывання, і нацэлены ўсе намаганні па павышэнні паказчыкаў, атрыманні большай “валоўкі”, а, значыць, неабходных грашовых сродкаў.
За студзень — верасень бягучага года сярэдняя заработная плата ў сельскай гаспадарцы раёна склала 3761 тыс. рублёў. Будзем і далей працаваць на павелічэнне яе ўзроўню.
А ўвогуле ў раслінаводчай і жывёлагадоўчай галінах аграрнага сектара ёсць яшчэ рэзервы: мы іх ведаем і будзем задзейнічаць для павышэння эфектыўнасці работы.
— Аляксандр Васільевіч, у пачатку нашай размовы мы адзначылі, што прафесійнае свята — гэта нагода для ўшанавання лепшых працаўнікоў галіны.
— Многія з іх названы ў прынятых напярэдадні свята аграрыяў рашэннях райвыканкама па выніках раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур, нарыхтоўцы кармоў, а таксама раённага спаборніцтва за своечасовае і якаснае правядзенне веснавых палявых работ, сяўбы азімых культур і ўздыму зябліва, якія надрукаваны ў раённай газеце “Кіравец”. А іх ушанаванне і ўзнагароджванне пройдзе на сцэне раённага Дома культуры на ўрачыстым мерапрыемстве якраз у дзень выхаду гэтага нумару газеты, 15 лістапада.
Хочацца ў дадатак адзначыць і лепшых спецыялістаў-аграрыяў. У першую чаргу, тых, чые  прафесіянальныя навыкі і багаты вопыт шмат гадоў служаць на карысць сельгасарганізацый, за што ім вялікая ўдзячнасць. Гэта галоўны заатэхнік СВК “Добасна-агра” Г.П.Наскавец, галоўны аграном СВК “Бераснёўскі” В.У.Лугаўцоў, у інжынернай службе — М.С.Шапоткін з “Бераснёўскага” і А.С. Палячэнка з КСУП “Жылічы”, намеснік дырэктара па фінансах і бухгалтарскім уліку РАПТЗ М.А.Акушэвіч, эканаміст СВК “Калгас “Беларусь” Т.Я.Кірычэнка, галоўныя бухгалтары з СВК “Калгас “Ніва” Д.А.Анісковіч і з СВК “Чырвоны баец” А.В.Асіпенка. Яны служаць прыкладам для маладых спецыялістаў, іх веды і вопыт — неацэнныя. Адзначу і рассветаўскіх спецыялістаў: намесніка па раслінаводстве А.В.Жылінскага, галоўнага тэхнолага вытворчага ўчастка “Сад” А.В.Юркавец, галоўнага інжынера А.А.Пятрушу.
Мы шмат гаварылі сёння аб жывёлагадоўлі. Пра лідараў працоўнага спаборніцтва за дасягненне найвышэйшай прадукцыйнасці працы раённая прэса інфармуе штомесячна. Хацелася б падкрэсліць асаблівы ўклад загадчыкаў ферм: М.І.Лысянковай — МТФ “Барчыцы” СВК “Калгас “Беларусь”, Г.Ц.Валькевіч — МТФ “Капусціна” СВК “Калгас “Ніва”, М.І.Пятрушы — МТФ “Старыя Дваранінавічы” СВК “Чырвоны баец”, Л.П.Пятруша — МТФ “Уласавічы” РАПТЗ, а таксама работу галоўнага заатэхніка СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага І.А.Казекі, асемянатара М.М.Ганчаровай з СВК “Добасна-агра”.
Значную работу праводзяць спецыялісты раённых службаў, у раслінаводстве адзначу начальніка раённай станцыі хімізацыі В.У.Пузянкова, намесніка начальніка райдзярж-інспекцыі па насенняводстве, каранціне і абароне раслін Н.В.Акуліч, у жывёлагадоўлі — загадчыка аддзела дыягностыкі райветстанцыі Д.М.Хаброва, начальніка раённага філіяла Магілёўскага дзяржплем-прадпрыемства Г.Л.Шкрабаву.
Хочацца выказаць шчырую ўдзячнасць усім работнікам аграпрамысловага комплексу за плённую, самаадданую працу на карысць працвітання раёна, роднай Беларусі, паджадаць здароўя, дабрабыту, новых поспехаў і здзяйсненняў!
Размову вяла
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.