“Хлеб нельга атрымаць без працы,а песню праспяваць без сэрца…”

muski

Урачыста, маляўніча, насычана адзначыў Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК калектыў самай буйной у раёне гаспадаркі — СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага: у Мышкавіцкім СДК адбылося святочнае мерапрыемства, на якое сабраліся работнікі ўсіх падраздзяленняў, ветэраны працы. На ім прысутнічалі старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў, старшыня Мышкавіцкага сельскага Савета дэпутатаў Віталь Глекаў, дырэктары падшэфных школ і дзіцячага садка.Пачатак свята быў стылізаваны пад кірмаш, багаты дарамі сада і агарода, як гэта бывае па восені.
З прафесійным святам рассветаўцаў павіншаваў кіраўнік раёна Уладзімір Піскіжаў. Ён адзначыў, што напярэдадні на раённым свяце сярод лепшых працаўнікоў аграпрамысловага комплексу раёна было ўшанавана нямала прадстаўнікоў “Рассвета”, якія сваёй добрасумленнай працай прымнажаюць дабрабыт гаспадаркі, праслаўляюць яе і ўвесь Кіраўскі рэгіён. У першую чаргу, гэта збожжаўборачныя   экіпажы: Івана Салановіча і Канстанціна Казакова, Мікалая і Андрэя Драздоў, якія занялі адпаведна другое і трэцяе месцы ў абласным спаборніцтве па выніках уборкі ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур.
Як заўважыў старшыня райвыканкама, уклад сельгасарганізацыі ў вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі раёна вельмі важкі — гэта 37%,  30% атрыманага малака і  каля 10% мяса.
Адзначыў Уладзімір Піскіжаў і заслугі асобных падраздзяленняў шматгаліновага сельгаскааператыва. Так, калектыў участка “Сад”  на чале з Аленай Юркавец сёлета атрымаў небывалы ўраджай яблык амаль у 2 тыс. тон, дадаўшы да леташняга ўзроўню 1240 тон.
Словы ўдзячнасці выказаў старшыня райвыканкама работнікам цяплічнага камбіната пад кіраўніцтвам Кацярыны Шапавалавай, якія сваёй скрупулёзнай, удумлівай працай пры наяўным высокім узроўні вытворчасці здолелі ў гэтым годзе забяспечыць значны прырост прадукцыі, за што адзначаны на абласным узроўні.
Была звернута ўвага і на дастойны ўклад рыбаводаў пад кіраўніцтвам вопытнага спецыяліста гэтай справы Алега Шапавалава, а таксама іншых падраздзяленняў.
Кіраўнік раёна выказаў пажаданні новых поспехаў у працы, дабрабыту сем’ям рассветаўцаў і каб яны прыбаўляліся звонкімі галасамі дзяцей.
Гаворачы на святочным мерапрыемстве аб здабытках калектыву “Рассвета” ў бягучым годзе, задачах на пер-спектыву, старшыня сельгаскааператыва Аляксандр Багель нагадаў  заслужаных людзей, якія шмат зрабілі для гаспадаркі: гэта, перш за ўсё, яе заснавальнік К.П.Арлоўскі, прадаўжальнік яго спраў В.К.Старавойтаў, а таксама Л.І.Дрозд, Ф.А.Скудная, Н.Я.Бяляўская і многія іншыя, хто не шкадуючы сіл, працаваў на карысць пра-цвітання “Рассвета”.
Усе сённяшнія дасягненні калектыву, падкрэсліў Аляксандр Багель, сталі магчымымі дзякуючы самаадданай працы высокакваліфікаваных спецыялістаў, прафесіяналізму і адказнасці ўсіх работнікаў гаспадаркі.
Аснова ўсяму — гэта хлеб. Сёлета працу хлебаробаў не раз карэкціравала надвор’е, але дзякуючы  ўпартасці, дысцыплінаванасці такіх работнікаў, як А.В.Жылінскі, А.М.Бяляўскі, Ю.У.Комар, Г.У.Бяляўскі, А.А.Гутараў і многія іншыя, былі належным чынам праведзены веснавыя палявыя работы, сабраны нядрэнны ўраджай.
У гэтым годзе, паведаміў Аляксандр Багель, у развіццё “Рассвета” было  інвестыравана больш 19 млрд. рублёў, гэтыя сродкі былі выкарыстаны на закуп тэхнікі, будаўніцтва МТФ “Валосавічы”, якое мяркуецца завяршыць на працягу бліжэйшага месяца, і на іншыя мэты. Так, больш 500 млн.рублёў было ўкладзена ў рамонтныя работы, каб запусціць цэх па вытворчасці мінеральнай вады.
Мы не можам стаяць на месцы, трэба развівацца, ісці ўперад, працягваў сваю размову старшыня праўлення. Несумненна, падкрэсліў ён, эканамічны дабрабыт гаспадаркі непарыўна звязаны з дзвюма асноўнымі галінамі — раслінаводствам і жывёлагадоўляй, якія арганічна дапаўняюць адна другую.
Нямала яшчэ нявырашаных задач у жывёлагадоўлі. Аднак удалося аздаравіць статак буйной рагатай жывёлы. Аляксандр Багель выказаў спадзяванне, што  ў гэтай галіне яны здолеюць выйсці на запланаваныя рубяжы. Плённа рашалася задача развіцця кармавой базы: набыта і ўстаноўлена новая лінія па вытворчасці камбікорму.
Асаблівую ўдзячнасць старшыня выказаў лідарам жывёлагадоўчай галіны:  Г.Ц.Шлапаковай, Т.У.Хомскай, С.У.Стральцову, К.С.Дамарод, Г.А.Лёгкай, В.Л.Клімовіч, А.Ф.Старушэнка, У.А.Бяляўскаму і іншым.
Важнейшая задача на прадстаячы перыяд, адзначыў Аляксандр Багель, —  захаванне пагалоўя статка, яго прадуктыўнасці, павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі, і як вынік —  паляпшэнне фінансавай устойлівасці прадпрыемства.
Старшыня гаспадаркі адзначыў таксама важкі ўклад у агульную справу калектываў цяплічнага камбіната, участка “Сад”, агароднінасховішча і задачы на бліжэйшы час і перспектыву.
Зладжана працуе і сацыяльная сфера гаспадаркі: грамхарч, санаторый імя К.П.Арлоўскага, майстэрня па пашыву адзення, гасцініца, гандлёвыя цэнтры ў Бабруйску і Магілёве, конна-спартыўны клуб “Рэванш”.
Аляксандр Багель, віншуючы рассветаўцаў з прафесійным святам, заўважыў, што ў калектыве ёсць разуменне і жаданне вырашыць пастаўленыя перад ім задачы на карысць развіцця і працвітання гаспадаркі.
У ходзе святочнага мерапрыемства была ўшанавана самая вялікая сям’я, члены якой працуюць у гаспадарцы на працягу многіх гадоў — гэта сям’я Бяляўскіх, а самы старэйшы яе прадстаўнік Зоя Рыгораўна Бяляўская ўзнагароджана ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і “Знак Пашаны” (на здымку злева).
Увага была нададзена маладым спецыялістам, якія сёлета папоўнілі калектыў рассветаўцаў, а таксама пенсіянерам, якія працяглы час адпрацавалі ў гаспадарцы і сёлета пайшлі на заслужаны адпачынак — усім былі ўручаны памятныя падарункі.
Віншавалі таксама работнікаў грамхарчу, які сёлета святкуе 35 гадоў свайго ўтварэння, і майстэрні па пашыву адзення: ёй — 30 гадоў!
Гучалі музычныя падарункі, насычанай была танцавальная праграма, а ўсё гэта ад шчырага сэрца падрыхтавалі работнікі і выхаванцы Мышкавіцкіх СДК і дзіцячай школы мастацтваў, РДК, Жыліцкай школы мастацтваў.
У фае СДК быў арганізаваны гандаль сіламі Бабруйскага мясакамбіната і райспажыўтаварыства.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.