Самае святое, што ў нас ёсць, — наша памяць

18 снежня ў Магілёўскім аблвыканкаме адбылася сустрэча з кіраўнікамі грамадскіх аб’яднанняў вобласці, ветэранамі вайны і працы. У ёй прыняла ўдзел і дэлегацыя нашага раёна.У сваім уступным слове старшыня аблвыканкама Пётр Руднік закрануў пытанне падрыхтоўкі да святкавання 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ён падкрэсліў, што, безумоўна, святкаванне гэтай даты не абмяжоўваецца толькі ўрачыстасцямі.  У цэнтры ўвагі выканаўчых камітэтаў усіх узроўняў, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый быў і застаецца ветэран, якасць яго жыцця, стан здароўя.
Па словах кіраўніка вобласці, у 2014-2015 гадах у Магілёўскай вобласці адрамантуюць усе помнікі воінскай славы, прывядуць у парадак, добраўпарадкуюць  воінскія пахаванні. За 2012 год і 7 месяцаў бягучага года праведзена абследаванне помнікаў воінскай славы і пахаванняў у большасці раёнаў Магілёўшчыны. Некаторыя з іх патрабуюць рамонту, рэканструкцыі і дастаткова сур’ёзных фінансавых укладанняў. Гэта датычыцца і мемарыяльнага комплексу “Буйніцкае поле” ў Магілёўскім раёне, мерарыялу ў вёсцы Усакіна Клічаўскага раёна.
Прынята рашэнне сродкі на рамонт і рэканструкцыю гэтых помнікаў зарабіць падчас суботнікаў, задзейнічаць шэфскія арганізацыі, спонсараў, грамадскасць і моладзь у рабоце па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні ўсіх воінскіх пахаванняў. Патрэбна ўзмацніць у гэтым накірунку работу валанцёрскага руху. Пётр Руднік падкрэсліў: “Толькі ўсеагульнымі намаганнямі мы зможам зрабіць гэтую работу. І я ўпэўнены, што раўнадушных у гэтай справе не будзе, бо гэта самае святое, што ў нас ёсць, — наша памяць”.
Аб стане работы, праблемах і задачах абласной арганізацыі Беларускага грамадскага    аб’яднання ветэранаў расказаў яе старшыня Анатоль Любчанка.
У ходзе сустрэчы прадстаўнікі ветэранскіх арганізацый акрэслілі праблемы і пытанні, якія іх хвалююць. Усе яны ўзяты на кантроль.
Ул. інф.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.