Сустрэча з цікавым чалавекам

korolev

Нямала славутых і таленавітых людзей узгадавана на Кіраўшчыне. А калі гаварыць пра яе літаратурную старонку, то яна вартая асобнай кнігі. Колькі паэтаў, празаікаў, крытыкаў выйшла на шырокую прастору мастацкага слова з вёсак, вёсачак, з мястэчкаў, з самога Кіраўска. Адных мы ведаем добра, другіх – менш, але кожны з іх заслужыў удзячную памяць нашчадкаў.
Ужо стала традыцыяй запрашаць у нашу  школу вядомых мастакоў слова – ураджэнцаў Кіраўшчыны, а таксама тых, хто звязаў свой лёс з нашым раёнам.
Надоўга застанецца ў памяці  сустрэча з членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, нашай зямлячкай Тамарай Талкачовай. Запамінальнай стала таксама сустрэча з Надзеяй Чмара. А вось зусім нядаўна мы запрасілі ў школу Уладзіміра  Каралёва. Гутарка адбылася ў школьнай бібліятэцы, дзе са-браліся настаўнікі і вучні – аматары паэтычных радкоў. Уладзімір Міхайлавіч – чалавек цікавы, з тонкім пачуццём гумару. З вялікім задавальненнем адгукнуўся ён на сустрэчу з намі. Мы і не здагадваліся, што наш субяседнік не мясцовы. Аказваецца, нарадзіўся ён ў вёсцы Халмы Магілёўскага раёна. Уладзімір Міхайлавіч расказаў, што ў Кіраўскі раён трапіў пасля заканчэння Магілёўскага педінстытута. Спачатку працаваў настаўнікам роднай мовы і літаратуры ў Глыбокавіцкай школе,  затым дырэктарам Барчыцкай школы, а потым намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Зараз Уладзімір Міхайлавіч знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але з задавальненнем прымае ўдзел у літаратурных сустрэчах, сэнс свайго жыцця бачыць у сваіх родных і ў паэзіі.
Пачаў друкавацца ў 1990 годзе спачатку ў “Магілёўскай праўдзе”, потым у “Кіраўцу”, у газетах “Зямля і людзі”, “Чырвоная змена”, у часопісе “Маладосць”. Ён прызнаўся нам, што вершы пачаў пісаць пасля сустрэчы з пісьменнікам Уладзімірам Саламахам – вядомым нашым земляком. Уладзімір Міхайлавіч з уласцівым яму гумарам і артыстызмам не толькі расказаў пра сябе, але і прачытаў нам свае вершы, байкі на самыя розныя тэмы. Асабліва ўразілі нас так званыя “карацелькі” або, як ён іх сам называе, “шрацінкі-залацінкі”, якім уласціва пільнасць назіранняў, іронія, лёгкая смяшынка. Уладзімір Міхайлавіч падзяліўся ўспамінамі пра Пятра Звягінцава, расказаў пра сваё сяброўства з Уладзімірам Саламахам.
У час сустрэчы вучні прачыталі вершы нашых паэтаў-землякоў: Пятра Звягінцава, Дзмітрыя Калмыкова, Тамары Талкачовай. Усхвалявалі  прачытаныя вучаніцай 11”Б” класа  Вікторыяй Міхалап яе паэтычныя радкі пра нялёгкую працу настаўніка.Уладзімір Міхайлавіч запэўніў рабят у тым, што не трэба баяцца пісаць вершы. Няхай часам не хапае паэтычнай сілы,  галоўнае, каб яны гучалі шчыра, ад сэрца.
Марына Карпава і Віялета Свірко пазнаёмілі прысутных з сабраным матэрыялам пра пісьменнікаў Кіраўшчыны, а бібліятэкар Святлана Іваніцкая – з выставай “Кіраўшчына літаратурная”.
Уладзімір Міхайлавіч адзначыў, што сённяшнія школьнікі з дапамогай электронных сродкаў могуць здабыць любую  інфармацыю. Але вельмі добра, што ў патоку гэтай інфармацыі старанна і беражліва захоўваецца крынічка свайго, роднага.
Ганна Стральцова,
настаўнік беларускай мовы
і літаратуры СШ №1.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.