На парадку дня — ступень гатоўнасці да сяўбы

Штогод напярэдадні старту веснавой сяўбы райвыканкамам аналізуецца гатоўнасць сельгасарганізацый раёна да гэтай адказнай кампаніі,  падчас якой закладваецца фундамент будучага ўраджаю. З якім узроўнем падрыхтаванасці падыходзяць гаспадаркі да сяўбы-2014, абмяркоўвалася на пасяджэнні райвыканкама 19 сакавіка.

Ранняя вясна ўнесла свае карэктывы ў планы аграрыяў, вызначаныя загадзя — з надыходам спрыяльнага надвор’я распачаліся работы ў полі: вядуцца падсеў і падкормка шматгадовых траў,  вывозіцца і ўносіцца арганіка, праводзіцца закрыццё вільгаці.
Першы намеснік начальніка райсельгасхарчу Мікалай     Пад’ялоўскі праінфармаваў, што паказалі праверкі гатоўнасці сельгасарганізацый да правядзення веснавой сяўбы. У цэлым, адзначыў ён, была праведзена значная арганізацыйна-тэхналагічная работа , з улікам выпраўлення недахопаў і ўпушчэнняў, якія мелі месца летась. Згодна рабочых планаў, сяўбу яравых збожжавых і зернебабовых культур, цукровых буракоў неабходна завяршыць да 1 мая, пасадку бульбы, сяўбу кукурузы, ільну, сталовых буракоў — да 9 мая. Але, падкрэсліў Мікалай Пад’ялоўскі, пры адпаведных пагодных умовах, належнай спеласці глебы, высокай арганізацыі работ сяўбу магчыма завяршыць раней.
Усе сельгасарганізацыі раёна ў поўным аб’ёме забяспечаны насеннем яравых збожжавых і зернебабовых культур, ільну і шматгадовых траў. Насенне яравых збожжавых і зернебабовых засыпана на 98% элітай — першай     рэпрадукцыяй і адпавядае пасяўным стандартам. Усё насенне кандыцыйнае. З улікам мінулага года, калі прыйшлося перасяваць больш 2 тыс. га плошчаў яравымі збожжавымі, сёлета створаны стабільны запас насення гэтых культур — 125% да патрэбы.
Дакладчык далей прааналізаваў узровень падрыхтоўкі сельгасарганізацый да сяўбы па іншых напрамках (па стане на 15 сакавіка).
Пад яравую сяўбу з улікам выдзеленых грашовых сродкаў у раёне на гэты дзень мелася толькі 33% ўсіх мінеральных  угнаенняў ад патрэбы. Таму перад кіраўніцтвам гаспадарак была пастаўлена задача больш актыўна працаваць з Белагра-прамбанкам па асваенні вы-дзеленых крэдытных сродкаў, пастаянна трымаць гэтае пытанне на кантролі.  Немалаважны момант — беражлівае стаўленне да захаванасці і выкарыстання мінеральных угнаенняў. Кошт іх значны, таму неабходна ўносіць іх рацыянальна, папярэдне вызначыўшы прыярытэты.
Недахоп мінеральных тукаў, адзначалася ў ходзе пасяджэння райвыканкама, трэба кампенсаваць дадатковым унясеннем арганікі. Ставілася задача нарыхтаваць іх у аб’ёме 294 тыс. т. Па стане на 15 сакавіка яна была выканана. Вывезена на палі было 83% ад нарыхтаванага. Найменьшую колькасць на гэты дзень вывезлі ў СВК “Калгас “Свярдлова”,  РАПТЗ,  КСУП “Жылічы”. Канстатавалася, што гаспадаркам неабходна актывізаваць работы па вывазцы арганічных      угнаенняў на палі з наступным стопрацэнтным унясеннем у глебу.
У ходзе абмеркавання пытання была звернута ўвага кіраўнікоў асобных гаспадарак на нізкую забяспечанасць прэпаратамі для пратручвання насення, неабходнасць завозу недастаючай колькасці прэпаратаў.
Значная работа была праведзена па падрыхтоўцы да веснавых пасяўных работ сельскагаспадарчай тэхнікі. На гэты дзень з 297 трактароў тэхнічна спраўнымі былі 289, з 22 глебаапрацоўчых пасяўных камбінаваных агрэгатаў, маючыхся ў раёне, былі не адрамантаваны 2 — у СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага і “Калгас “Свярдлова”. Гатоўнасць астатняй тэхнікі, задзейнічанай на веснавых палявых работах — стопрацэнтная. Да 25 сакавіка ўся наяўная тэхніка павінна быць на лінейцы гатоўнасці.
Было таксама абмеркавана пытанне забяспечанасці механізатарскімі кадрамі.
Плошчы яравой сяўбы ў гаспадарках раёна сёлета складуць 19288 га, у тым ліку яравых збожжавых і зернебабовых — 8070 га, тэхнічных культур — 1340 га, бульбы — 415  га, кармавых культур — 8102  га. Мікалай Пад’ялоўскі звярнуў увагу прысутных на прынцыповыя змены ў структуры пасяўных плошчаў: значнае, амаль на 100% павелічэнне плошчаў пад яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры выклікана па-трэбай забяспечыць бялком грамадскі статак.
Па гэтым і іншым напрамках работы шэраг слушных заўваг выказаў старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў. Ён заўважыў, што кампенсацыя недастаючага бялка пераварымага пратэіну дорага абыходзіцца гаспадаркам, кладзецца на сабекошт прадукцыі. Значнае павелічэнне пасяўных плошчаў пад яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры падмацавана тым, што за два апошнія гады ў раёне створана сур’ёзная матэрыяльная база, дазваляючая ўбіраць і нарыхтоўваць кармы па прагрэсіўных тэхналогіях, каб захаваць пераварымы пратэін. Задача для гаспадарак — максімальна папрацаваць над тым, каб у цэлым 36 тыс. т грубых кармоў для дойнага статка нарыхтаваць у стрэйч-плёнку.
Сёлета, працягваў старшыня райвыканкама,  раней звычайнага ў раёне будзе распачата нарыхтоўка кармоў,  каб убраць іх у той фазе, якая дасць найбольшае ўтрыманне спажыўных рэчываў.
Запланавана нарыхтаваць на адну ўмоўную галаву жывёлы кармоў усіх відаў (уключаючы летнія зялёныя) не менш 56,1 ц к.адз., кармоў на стойлавае ўтрыманне — не менш 43,9 ц к. адз. Удзельная вага травяністых кармоў першага класа павінна скласці не менш 90% ад аб’ёму нарыхтоўкі за кошт строгага захавання тэхналогіі.
Сёлета таксама павялічаны пасяўныя плошчы пад бульбу і агародніну адкрытага грунту. Гэта, адзначыў Уладзімір Піскіжаў, прынцыповае пытанне: пралічваем тое, што карыстаецца попытам у спажыўцоў, каб мець больш таварнай прадукцыі.
Асаблівы акцэнт кіраўнік раёна зрабіў на тым, што ў сельгас- арганізацыях галоўны клопат павінен быць аб людзях, удзельніках веснавой пасяўной кампаніі. Забяспечыць іх бяспеку, даць магчымасць з поўнай аддачай выкарыстоўваць адведзены для выканання работ час, арганізаваць паўнацэннае харчаванне, бытавыя ўмовы.
Важны аспект пры правя-дзенні веснавых палявых работ — рацыянальнае выкарыстанне рэсурсаў, эканомія паліва. Гэтаму, у першую чаргу, паспрыяе выкарыстанне GPS-маніторынгу транспартных сродкаў, які добра зарэкамендаваў сябе ў сельгасарганізацыях.
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.