Пры высокай актыўнасці выбаршчыкаў

kutil domgol

Арганізавана, зладжана, пры высокай актыўнасці выбаршчыкаў прайшлі ў раёне выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў дваццаць сёмага склікання. Жыхары Кіраўшчыны ў чарговы раз прадэманстравалі сваю палітычную свядомасць, адказнасць за далейшае развіццё рэгіёна і Рэспублікі Беларусь у цэлым.
Многія грамадзяне пажадалі выказаць сваё волевыяўленне адносна таго ці іншага кандыдата ў дэпутаты падчас датэрміновага галасавання, якое праводзілася з 18 па 22 сакавіка ўключна: у гэты перыяд прагаласавала  48,2% выбаршчыкаў раёна. Актыўнасць на ўчастках для галасавання назіралася і ў дзень выбараў, 23 сакавіка.
Згодна паведамлення Кіраўскай раённай выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў раённага Савета дэпутатаў дваццаць сёмага склікання, з агульнай колькасці выбаршчыкаў па раёне — 16042 чалавек удзел у выбарах прыняў 14181 чалавек, што складае 88,4%.

23 сакавіка на ўсіх 27-мі ўчастках для галасавання раёна панавала святочная і ў той жа час дзелавая атмасфера.
З самай раніцы актыўна ішлі выбаршчыкі на Кіраўскі ўчастак для галасавання №3, размешчаны ў гарадской гімназіі. У ліку першых выбаршчыкаў    удзел у галасаванні прыняў старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў. Мы папрасілі яго падзяліцца ўражаннямі і даць ацэнку рабоце па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў па нашым раёне:
— Выбары для мяне, як і для любога грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, вельмі важная палітычная падзея. Самае галоўнае, што кожны з нас, прымаючы ўдзел у галасаванні, адчувае  сваё дачыненне да агульнай адказнай справы кіравання краінай. Таму пераважная большасць грамадзян разумее важнасць гэтай падзеі. Гэта мы бачылі па актыўнасці выбаршчыкаў, якую яны праявілі падчас датэрміновага галасавання.
Беларусы, ведаючы пра тыя падзеі, якія адбываюцца зусім непадалёку за межамі нашай краіны, яшчэ больш згуртаваліся. І яшчэ большай стала ўпэўненасць у тым, што іх волевыяўленне вельмі важнае, важкае і неабходнае, а ад кожнага з іх многае залежыць у захаванні стабільнасці і міру.
Я перакананы ў тым, што кіраўчане, жыхары раёна выберуць дастойных дэпутатаў, а выбіраць ёсць з каго: у нас няма ніводнай безальтэрнатыўнай акругі  па выбарах у абласны, раённы, сельскія  Саветы дэпутатаў.
У раёне выбарчая кампанія праходзіць у спакойным, дзелавым рытме, у адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам. Раённы выканаўчы камітэт пастараўся стварыць неабходныя матэрыяльна-тэхнічныя ўмовы для плённай работы раённай і ўчастковых выбарчых камісій, усё было зроблена своечасова, і нейкіх нараканняў з боку камісій не паступала.
Заўсёды з жонкай прыходзім галасаваць непасрэдна ў дзень выбараў, каб адчуць святочную, урачыстую атмасферу. Настрой у нас добры, прыўзняты. З пачуццём адказнасці прагаласавалі за дэпутатаў, якім давяраем далейшую работу па нашай выбарчай акрузе.
Людна было на Кіраўскім участку для галасавання №1, размешчаным у раённым Доме культуры. Мы сустрэлі тут ветэрана Вялікай Айчыннай вайны  Рыгора Іванавіча Куцілкіна.

Пасля таго, як Рыгор Іванавіч Куцілкін прагаласаваў, мы папрасілі падзяліцца думкамі, што значыць для яго гэты дзень:
— Я прыйшоў на выбары з добрым настроем, таму што сёння вельмі важны дзень. Усе галасуюць, робяць свядомы выбар. Роля мясцовых Саветаў дэпутатаў вялікая, усё пачынае рашацца менавіта на іх узроўні, бо яны бліжэй за ўсіх да народа. Дэпутаты мясцовых Саветаў звязаны з людзьмі, і яны ведаюць, як трэба дапамагчы вырашыць тое ці іншае пытанне. Яны павінны актыўна і дзейсна працаваць, каб наша жыццё станавілася лепш.
На гэтым жа ўчастку галасавала старшыня раённага Савета дэпутатаў Надзея Каранкевіч. І ёй мы адрасавалі просьбу падзяліцца сваімі ўражаннямі ад гэтага дня:
— Я родам з Савецкага Саюза, таму для мяне выбары — гэта важная падзея, гэта свята. Я заўжды галасую менавіта ў дзень выбараў, таму што на душы — святочны настрой, гучыць музыка, ва ўсіх на тварах — усмешкі, можна сустрэцца з многімі знаёмымі людзьмі.
Роля мясцовых Саветаў дэпутатаў вельмі значная, і тут важна тое, што людзі, якія выбіраюцца ў гэтыя Саветы з народа, ведаюць праблемы тых, хто пражывае з імі па суседству, у адным населеным пункце, і гэтыя праблемы вельмі важна данесці да выканаўчай улады, каб іх аператыўна вырашыць. Трэба, каб дэпутаты працавалі актыўна, і не толькі праблемы, а таксама ініцыятывы, якія зыходзяць з месц, былі даведзены да ведама выканаўчай улады.
Актыўны ўдзел у галасаванні прынялі і сельскія жыхары.
На Мышкавіцкім участку для галасавання № 6, які размясціўся ў мясцовым Доме культуры, па словах старшыні ўчастковай выбарчай камісіі Галіны Басак, людзі актыўна галасавалі датэрмінова. З агульнай колькасці выбаршчыкаў у 1370 чалавек, амаль 50% прынялі ўдзел у датэрміновым галасаванні. Шматлюдна тут было і ў асноўны дзень выбараў. Святочны настрой надавала гучаўшая музыка.
На пытанне “Якім вяскоўцы бачаць свайго абранніка?” у большасці сваёй можна было пачуць прыкладна такія адказы: мясцовы, вопытны, адукаваны, адказны, чалавек, які сваёй плённай працай прынясе карысць нашаму рэгіёну і ўвогуле краіне.
На Баравіцкім участку для галасавання №19 колькасць зрабіўшых свой выбар загадзя склала 346 чалавек з агульных 675. Як адзначыла старшыня выбарчай камісіі Алена Іванова, прычыны для гэтага ў кожнага свае: хтосьці, дзякуючы ўсталяваўшамуся цёпламу надвор’ю запланаваў на выхадныя работы ў агародзе, некаторыя адзначалі асабістыя святы, акрамя таго палявыя работы распачаліся і ў мясцовай гаспадарцы СВК “Бераснёўскі”. Аднак у нядзелю народ таксама актыўна выкарыстоўваў сваё грамадзянскае права, прыйшоўшы прагаласаваць за свайго абранніка.
Зладжана, у спакойнай атмасферы праходзілі выбары на Капусцінскім участку для галасавання №23, які размясціўся ў мясцовым сельскім клубе. Як адзначыў у размове з карэспандэнтам “раёнкі” старшыня камісіі Васіль Капцялоў, 46% выбаршчыкаў скарысталіся магчымасцю датэрміновага галасавання. На 11 гадзін раніцы ў нядзелю колькасць прагаласаваўшых была ўжо амаль 80%.
Як станоўчае, Васіль Піліпавіч адзначыў тое, што многія сяльчане прыходзілі на ўчастак для галасавання ўжо з сфарміраваўшымся меркаваннем, за каго аддаць свой голас.
Цудоўнай музыкай сустракалі вяскоўцаў на Барчыцкім участку для галасавання №25, які размясціўся ў мясцовым Доме культуры. З агульнай колькасці 294 выбаршчыкаў на 12 гадзін дня 23 сакавіка прагаласавала ўжо 230 чалавек.
Сяльчане адзін за адным наведваліся на ўчастак, каб аддаць голас за “свайго”  кандыдата ў дэпутаты. Варта адзначыць, што некаторыя прыходзілі цэлымі сем’ямі. А пасля таго, як бацькі рабілі свой выбар, малашы з задавальненнем апускалі бюлетэні ў урны для галасавання.
Сяргей Тарабуеў, які працуе ў СВК “Калгас “Беларусь” загадчыкам майстэрні, прыйшоў на выбары разам з сынам Раманам. Яго жонка прагаласавала датэр-мінова таму, што ў гэты дзень знаходзілася на рабоце.
— За каго галасаваць — вызначыўся яшчэ да прыходу на ўчастак для галасавання, — адзначыў Сяргей Васільевіч. — Лічу, што дэпутатам павінен быць чалавек, які ўжо нечага дасягнуў у сваім жыцці і мае за плячыма пэўны працоўны вопыт.
Урачыста была ўшанавана Наталля Спіжар-ская, якая ўпершыню прымала ўдзел у галасаванні. Старшыня камісіі Тамара Маслава павіншавала дзяўчыну са знамянальнай падзеяй у яе жыцці і ўручыла ёй памятныя сувеніры.
— Гэты дзень для мяне асаблівы. Крыху хвалявалася, усё ж такі ўпершыню ўдзельнічаю ў палітычнай падзеі — выбарах, — прызналася Наталля.
У гэты дзень дзяўчына спецыяльна прыехала дадому (яна працуе поварам у дзіцячым садку г.Бабруйска), каб прагаласаваць.
— Вельмі прыемна і надзвычай адказна, — працягвала яна. Разумееш, што твой голас важны, і менавіта ты сам выбіраеш будучыню сваёй малой радзімы, яе развіццё і дабрабыт.
Скарысталіся сваёй магчымасцю прыняць удзел у выбарах і тыя, хто па стане здароўя не змаглі прыйсці на ўчастак для галасавання. Такіх на Барчыцкім участку было 27 чалавек, усе яны прагаласавалі ў нядзелю дома, калі іх наведалі члены ўчастковай выбарчай камісіі.
Варта адзначыць, што на кожным участку было арганізавана дзяжурства супрацоўнікаў райаддзелаў унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях, медработнікаў. У дзень правядзення выбараў на ўчастках для галасавання праходзілі канцэрты мастацкай самадзейнасці. Гандлёвыя кропкі прапаноўвалі наведвальнікам шырокі выбар разнастайнай прадукцыі.
Наталля Хадакова,
 Людміла Сямёнава,
 Анастасія Бегуновіч.
Фота
Людмілы Сямёнавай
і Максіма Мікешына.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.