Хуткімі тэмпамі
Дружная вясна прыспешвае земляробаў хуткімі тэмпамі праводзіць падрыхтоўку да сяўбы. Вядома, што высокая ўраджайнасць дасягаецца толькі тады, калі ўсе агратэхнічныя мерапрыемствы праводзяцца своечасова і якасна.
У ліку тых, хто распачаў веснавыя палявыя работы і механізатары СВК “Чырвоны баец”.
Адзін з надзённых клопатаў — вывазка арганікі на палі. Асноўны аб’ём гэтых работ у «Чырвоным байцы» выканалі яшчэ ўвосень, унеслі амаль 24 тыс. т арганічных угнаенняў, выканаўшы план на 100%.
Сёлета на вывазцы арганікі шчыруе вопытны механізатар Віталь Бяляўскі.
Не менш адказная справа — падрыхтоўка глебы. Гэты участак работы даверылі маладому, стараннаму і адказнаму механізатару Дзянісу Казанцаву. У дзень, калі на полі за в.Полькавічы яго заспела камера фотакарэспандэнта, ён на трактары МТЗ-3022 з дыскатарам праводзіў падрыхтоўку глебы да сяўбы.
Акрамя таго, актыўнымі тэмпамі вядзецца падкормка азімага рапсу, пратручванне насення. Дзякуючы набытаму ў мінулым годзе самаходнаму апырсквальніку «Берту» многія работы ўдасца выканаць у найкарацейшыя тэрміны.