Жыве так, як падказвае сумленне

gerosimov

Дастойных людзей на свеце мноства. Але асаблівай павагі заслугоўвае той, хто не здаецца ў палон гадам, захоўвае бадзёрасць духу, верыць у дабрыню і справядлівасць. Адным з такіх і з’яўляецца Валянцін Адамавіч Герасімовіч.
Учора гэты паважаны чалавек ад-значыў свой 75-гадовы юбілей.
Нарадзіўся ён у в.Харлапавічы, у простай сялянскай сям’і. Пасля заканчэння Жыліцкай школы юнак працягнуў вучобу ў мясцовым саўгасе-тэхнікуме.
Сваю працоўную дзейнасць Валянцін Герасімовіч пачаў у якасці брыгадзіра паляводчай брыгады калгаса “Камуніст”. Потым была служба ў арміі.
Падчас яе праходжання В.А.Герасімовіч праявіў свае лепшыя якасці камсамольскага лідара, за што і быў узнагароджаны Ганаровай граматай ЦК ВЛКСМ. Прайшоўшы спецыяльную падрыхтоўку, звольніўся ў запас у званні малодшага лейтэнанта.
Хлопец вярнуўся ў родную гаспадарку, працаваў брыгадзірам комплекснай брыгады, адначасова быў абраны сакратаром партыйнай арганізацыі калгаса. Ён з адказнасцю ставіўся да любой даручанай справы і выконваў яе толькі на “выдатна”, гэта і стала падставай да ўзнагароджвання яго медалём “За працоўную адзнаку”.
У 1969 годзе Валянцін Герасімовіч паступае ў Беларускую дзяржаўную сельгасакадэмію. І тут ён праявіў свае лепшыя чалавечыя і арганізатарскія якасці. Падчас вучобы ў акадэміі Валянцін Адамавіч у якасці дэлегата прымаў удзел ва Усесаюзных злётах студэнтаў, што праходзілі ў Маскве і Мінску. Акрамя таго, быў членам вучонага савета пры Міністэрстве вышэйшай адукацыі СССР. Адным з самых яскравых момантаў яго студэнцкага жыцця стала выбранне дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР восьмага склікання ад студэнтаў БСГА. Варта адзначыць, што Валянцін Герасімовіч атрымаў такі высокі давер адным з першых у гісторыі існавання сельгасакадэміі.
Пасля заканчэння БСГА В.А.Герасімовіч вяртаецца на сваю малую радзіму. Як чалавеку дасціпнаму і адказнаму, яму давяраюць узначаліць Жыліцкі саўгас-тэхнікум. Працуючы на гэтай пасадзе, ён шмат увагі надаваў развіццю сельскагаспадарчай вытворчасці, паляпшэнню ўмоў жыцця і працы людзей. Чарговым прызнаннем яго плённай і добрасумленнай работы стала ўзнагароджванне ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
У 1970 годзе В.А.Герасімовіч быў абраны старшынёй Кіраўскага райвыканкама. Узначаліўшы раён, Валянцін Адамавіч не змяняе свайму галоўнаму крэда жыцця — клапоціцца аб людзях. Знакавым ён да сённяшняга часу лічыць будаўніцтва ў Кіраўску дзіцячага садка №3, ініцыятарам якога ён быў асабіста. На той час праблема з месцамі ў дзіцячых садках перад жыхарамі Кіраўска стаяла вельмі востра. Шмат ўвагі надавалася тады і добраўпарадкаванню вуліц: многія з іх былі заасфальтаваны.
Пасля трох гадоў на пасадзе старшыні райвыканкама В.А.Герасімовіч прымае рашэнне вярнуцца працаваць у Жылічы. Наступных 15 гадоў ён быў нязменным кіраўніком Жыліцкага саўгаса-тэхнікума.
Падчас яго работы на гэтай пасадзе з кожным годам значна ўзрасталі вытворчыя паказчыкі ў гаспадарцы, мацнеў дабрабыт людзей. Аб’ём вытворчасці вырас больш чым у два разы. Сярэднясутачныя надоі малака складалі 4,5 тыс. кг, кожны год на пера-працоўчыя прадпрыемствы краіны гаспадарка адпраўляла па 500 тон ялавічыны, ураджайнасць збожжавых і зернебабовых складала 30-35 ц/га. Гаспадарка і яе працаўнікі не аднойчы станавіліся пераможцамі не толькі раённага спаборніцтва, але і Усесаюзнага. Вядома, гэтыя дасягненні не засталіся па-за ўвагай кіраўніцтва краіны і грудзі В.А.Герасімовіча ўпрыгожыў яшчэ адзін ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Кіраўніцтвам саўгаса-тэхнікума шмат ўвагі надавалася будаўніцтву і паляпшэнню матэрыяльна-тэхнічнай базы. З’явіліся галоўны корпус, кацельня, мехдвор, Дом культуры, для жылічан было пабудавана каля 170 кватэр. Значная работа была зроблена па добраўпарадкаванні дарог і вуліц, у дамах вяскоўцаў з’явіліся тэлефоны і газ.
Шмат увагі надавалася развіццю мастацкай самадзейнасці, фізічнай культуры і спорту. Валянцін Гера-сімовіч разумеў, што ўсё зробленае для развіцця Жыліч — гэта інвестыцыі ў будучыню.
Вялікіх поспехаў дасягалі мясцовыя спартсмены — яны неаднойчы станавіліся пераможцамі спаборніцтваў розных узроўняў. Радавалі сваімі поспехамі выхаванцы дзіцячай школы мастацтваў.
Варта адзначыць, што В.А.Герасімовіч заўсёды жыў і працаваў гледзячы наперад. Ён добра разумеў людзей, граматна падбіраў кадры, з якімі яны разам і дабіваліся высокіх паказчыкаў.    Аўтарытэт у людзей ён заваяваў сваёй прынцыповасцю, дзелавітасцю, уменнем зразумець і дапамагчы.
На працягу многіх гадоў Валянцін Герасімовіч быў членам бюро райкама партыі, а потым — членам райвыканкама.
Пашанцавала Валянціну Адамавічу і са спадарожніцай жыцця. З Нінай Міхайлаўнай яны пражылі разам 46 гадоў, выхавалі дзвюх дачок Наталлю і Валянціну. Яны абедзве атрымалі вышэйшую адукацыю, як і бацька, скончылі БСГА. Ніна Міхайлаўна пасля заканчэння педінстытута працавала ў Жыліцкай СШ. На жаль, у 2005 го-дзе жанчыны не стала, для сям’і Герасімовічаў гэта цяжкая страта дарагога чалавека.
Асаблівая радасць і клопат зараз для Валянціна Адамавіча — яго ўнукі і праўнук.
Ветэран працы і зараз не сядзіць без справы, з задавальненнем сустракаецца з моладдзю, з былымі калегамі і аднавяскоўцамі.
Ён і зараз не раўнадушны да ўсяго, што адбываецца на яго малой радзіме, у раёне і ўвогуле ў нашай краіне. Валянцін Адамавіч узначальвае пярвічную ветэранскую арганізацыю Жыліцкага сельгаскаледжа.
Варта адзначыць, што на працягу ўсяго жыцця В.А.Герасімовіч быў чалавекам адказным, шчырым з тымі, хто побач, працаваў так, як падказвала сумленне.
Рыгор КАГАН,
ветэран працы.  

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.