Каб такое больш ніколі не паўтарылася…

karankevich

Нездарма гаворыцца, што вайна не заканчваецца з апошнімі выстраламі. Яна працягваецца ў памяці і душах тых, каму давялося яе перажыць. З кагорты такіх людзей і 90-гадовая кіраўчанка Марыя Давыдаўна Каранкевіч.

Бацька Марыі загінуў яшчэ да вайны, і маці адной давялося гадаваць дзяцей. Жанчына ўспамінае, што яе матуля была чалавекам разумным, з моцным характарам. У гады Вялікай Айчыннай вайны маці Марыі падтрымлівала сувязь з партызанамі, перапраўляла ім у лес зброю і прадукты харчавання.
Кожны пражыты дзень вайны праходзіў у страху за сваё жыццё, за жыцці родных і блізкіх людзей. У іх доме заўсёды ляжалі сабраныя “торбачкі”, у якіх было самае неабходнае, на выпадак, калі давядзецца тэрмінова ўцякаць ад фашыстаў.
Малодшага брата Марыі Фёдара разам з іншымі хлопцамі немцы часта ганялі капаць акопы. А аднойчы іх сям’я прачнуліся пасярод ночы ад плачу і крыкаў людзей, якіх немцы кудысьці гналі па вуліцы. Схапілі карнікі і сям’ю Марыі Давыдаўны, уцячы ад немцаў пашчасціла толькі брату Фёдару.
Марыя Давыдаўна памятае, як моцна за матчыну спадніцу трымалася малодшая сястра Ала і дзяўчынка Аня, якую пакінула ў іх бежанка са Смаленска, яны плакалі, прасілі піць і есці. Памятае і жанчыну па прозвішчы Салавей, якая за свой наручны гадзіннік вымяняла ў фашыстаў вядро вады і раздала яе ўсім палонным. Людзі не ведалі, куды і для чаго іх вядуць. Таго, хто быў слабейшым і падаў на зямлю, не маючы сіл падняцца, немцы расстрэльвалі.
У Жлобіне ўсіх пагрузілі ў вагоны цягніка і павезлі. Па прыездзе мужчын і жанчын падзялілі асобна і павялі па непралазных балотах. Там, дзе нямецкія машыны не маглі праехаць і грузлі, з палонных знімалі адзенне і кідалі пад колы аўтамабіляў. А было гэта напраканцы зімы. Шмат людзей загінула ад холаду і голаду. Толькі прыбыўшы на месца даведаліся, што знаходзяцца ў канцлагеры Азарычы.
Першае, што кінулася ў вочы трапіўшых у канцлагер, гэта вялікі роў, на дне якога ўжо ляжалі мёртвыя людзі, закіданыя галлём.
Дні і месяцы праведзеныя ў фашысцкім канцлагеры Азарычы, сталі самымі жудаснымі ў жыцці тых, хто трапіў туды. Кожную хвіліну палонным даводзілася глядзець смерці ў вочы, кожны дзень хтосьці паміраў, не вытрымаўшы такіх нечалавечых умоў існавання…
Не перадаць словамі, з якой радасцю сустракалі вязні канцлагера савецкіх салдат, якія іх вызвалілі.
Дадому сям’я Марыі дабіралася пешшу, часта даводзілася начаваць ў лесе. На сваю малую радзіму вярнуліся толькі ўвосень. Радаваліся, што немцы не спалілі хату, было дзе жыць. Праз некаторы час вярнуўся дадому малодшы брат, яго схаваў у сваім доме незнаёмы чалавек. Знайшлася і маці Анечкі, яна забрала дзяўчынку дадому ў Смаленск. Памятае Марыя Давыдаўна, як жанчына дзякавала матулю за тое, што яна зберагла яе дачушку.
Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны Марыя выйшла замуж. З мужам яны пражылі ў згодзе больш за 50 гадоў, выхавалі двзвюх дачок. На жаль, 7 гадоў таму гаспадара не стала.
Усё сваё жыццё М.Д.Каранкевіч імкнулася быць добрай жонкай, матуляй і бабуляй. Яна і зараз не сядзіць склаўшы рукі, шмат чытае, любіць глядзець цікавыя і пазнавальныя тэлеперадачы. Вось толькі калі на экране дэманструюцца кадры аб Вялікай Айчыннай вайне, сэрца жанчыны сціскаецца ад болю, і ў памяці ўсплываюць страшныя моманты жыцця, праведзеныя ў канцлагеры Азарычы. І толькі аб адным марыць Марыя Давыдаўна, каб такое ніколі не паўтарылася ў жыцці будучых пакаленняў.
Людміла ЛУКАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.