«Май, вясна і шчаслівыя твары: Перамога — няма ёй цаны!»

prazdnovanie

На мінулым тыдні наша краіна адзначыла адно з самых светлых і знамянальных святаў — Дзень Перамогі. Гэты дзень з’яўляецца ўвасабленнем мужнасці, патрыятызму і стойкасці савецкага народа ў барацьбе з фашызмам. І хаця з тых гадоў ваеннага ліхалецця мінула ўжо шмат часу, і, на жаль, з кожным годам усё менш застаецца ўдзельнікаў падзей Вялікай Айчыннай вайны, але словы “Мы перамаглі!” разам з імі сёння з гонарам гавораць удзячныя нашчадкі.
Раніцай 9 Мая нібыта і сама прырода шчыра радавалася светламу святу: свяціла яркае сонейка, квітнелі сады, радавала вока зеляніна дрэў. І толькі пунсова-чырвоныя цюльпаны ў кветніках горада, нібыта кропелькі крыві загінуўшых салдат Вялікай Айчыннай, схіліўшы галовы, калыхаліся на вятры…
Па склаўшайся добрай традыцыі святочнай майскай раніцай каля брацкай магілы воінаў і партызан, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, па вул.Гагарына сабраліся прадстаўнікі раённай улады, воіны-інтэрнацыяналісты, працоўныя і вучнёўскія калектывы, раённыя арганізацыі грамадскіх аб’яднанняў і госці нашага горада. З букетамі кветак і рознакаляровымі паветранымі шарамі ў руках прысутныя прыйшлі, каб падзякаваць тым, хто набліжаў Перамогу, а таксама аддаць даніну памяці загінуўшым воінам, якія мужна змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны, партызанам, працаўнікам тылу.
Самае ганаровае месца было адведзена, вядома ж, ветэранам. А яны,у сваю чаргу, горда трымалі галовы і шчыра радаваліся нашчадкам, для якіх яны ў барацьбе з фашызмам заваявалі мір і свабоду.
Старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Надзея Каранкевіч у першую чаргу падышлі да ветэранаў, паціснулі ім рукі і шчыра падзякавалі за неацэнны ўклад у агульную справу набліжэння Дня Вялікай Перамогі 1945 года.
Мітынг-рэквіем «Мы помнім», прысвечаны 69-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, распачаўся Дзяржаўным гімнам Рэспублікі Беларусь.

У сваёй прамове кіраўнік раёна Уладзімір Піскіжаў, звяртаючыся да прысутных, адзначыў: “Ветэраны і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны прадэманстравалі ўсяму свету сапраўдны прыклад адданасці сваёй Айчыне. Дзякуючы іх подзвігу на нашай зямлі больш не чуваць ваеннай стральбы і выбухаў снарадаў. Для беларусаў вайна ніколі не стане далёкім мінулым, мы проста не маем права забыць, якой цаной дасталася Перамога. Сёння мы ганарымся тым, што ў нашай краіне пануюць мір, спакой і парадак, дзеля іх захавання мы павінны пры-кладаць усе намаганні, выпраўляючы свае памылкі і робячы вывады з памылак іншых. Дзякуючы нашаму адзінству, за апошнія 20 гадоў пабудавана тое, аб чым марылі нашы бацькі, дзеды і прадзеды — незалежная беларуская дзяржава. Неабходна памятаць, што без адзінства народаў не можа існаваць незалежнай краіны”, — падкрэсліў Уладзімір Уладзіміравіч. Ён падзякаваў ветэранам за неацэнны ўклад у справу выхавання моладзі, пажадаў ім моцнага здароўя і далейшым быць для нас прыкладам мужнасці, гераізму і моцы духу.
Шчыра і пранікнёна прагучалі словы ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Галіны Ва-сільеўны Каранкевіч. Гістарычным, важным і незабыўным яна назвала Дзень Перамогі. “У баях на фронце, у атрадах народных мсціўцаў і ў падполлі, у тыле наш народ аддаваў свае сілы дзеля адной мэты – выстаяць і перамагчы. Беларусам, як і нашым брацкім народам, гэтае свята дасталося высокай цаной — мільёнамі чалавечых жыццяў. Мы змагаліся за свабоду і незалежнасць нашай Айчыны, за мірнае неба над галавой. Гэта дата залатымі літарамі назаўсёды ўпісана ў гісторыю нашай краіны”, — адзначыла Г.В.Каранкевіч.
Ад імя маладога пакалення Кіраўшчыны слова трымала вучаніца 11 класа СШ №1 Марына Заркевіч. У першую чаргу, дзяўчына падзякавала ветэранам — за тое, што сучасная моладзь мае магчымасць жыць пад мірным чыстым небам, спакойна вучыцца і працаваць, будаваць планы на будучыню. “Мы шчаслівыя, — адзначыла яна, — і за гэта нізкі паклон вам, паважаныя ветэраны, а таксама тым, хто быў з вамі ў адным страі, але не дайшоў да Перамогі. Кожная магчымасць сустрэчы і размовы з ветэранамі і сведкамі Вялікай Айчыннай вайны для нас неацэнная”.
У знак вялікай павагі і ўдзячнасці ветэранам былі ўручаны прыгожыя майскія кветкі ад вучняў школ раёна, а да брацкай магілы пастаўлены запаленыя лампадкі, як сімвал нязгаснай памяці. Мінутай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. На жаль, з кожным годам радзеюць рады ветэранаў, сёлета на Кіраўшчыне светлае Свята Перамогі сустрэлі толькі 33 удзель-нікі Вялікай Айчыннай вайны.
Па традыцыі да брацкай магілы воінаў і партызан былі ўскла-дзены вянкі і кветкі. Першы кошык памяці з кветкамі — ад старшыні райвыканкама Уладзіміра Піскіжава і старшыні раённага Савета дэпутатаў Надзеі Каранкевіч. Вянкі і кветкі да брацкай магілы ўсклалі ветэраны вайны, прадстаўнікі ўстаноў і арганізацый раёна, моладзь.
У неба былі выпушчаны тры галубкі — як сімвал міру і спакою на беларускай зямлі.
Далей святочна ўпрыгожаная калона ў суправа-джэнні аўтамабіляў з ветэранамі вайны і працы, а таксама кіраўніцтва раёна, салдаты дзеючай арміі, супрацоўнікі РАУС і РАНС, воіны-інтэрнацыяналісты, прадстаўнікі арганізацый і ўстаноў раёна, а таксама госці горада рушылі па галоўнай вуліцы райцэнтра.

Увагу ўдзельнікаў святочнага мерапрыемства прыцягнула экспазіцыя музея пад адкрытым небам “Сцяна памяці”: тут былі размешчаны фота-здымкі ваенных гадоў, аб іх таксама нагадвалі рэчы, звязаныя з гадамі ваеннага ліхалецця — узоры зброі, вайсковая форма, каскі, друкарскі станок, салдацкія фляжкі і іншыя. Асобны стэнд “Памятаем, ганарымся!” быў прысвечаны нашым землякам — ветэранам вайны, тут былі фотаздымкі з сямейных архіваў, мерапрыемстваў, прысвечаных Дню Перамогі.
А побач, у вайсковай палатцы, на экране дэманстраваліся кадры дакументальнай фотахронікі аб Вялікай Айчыннай вайне. Непадалёку працавала “Палявая кухня”, дзе частавалі салдацкай кашай. Пакаштаваць яе, у першую чаргу, запрасілі ветэранаў вайны.
Хвалюючым і запамінальным для ўсіх стаў тэатралізаваны канцэрт “Свята Перамогі — на ўсе часіны!”, які адбыўся на сцэнічнай пляцоўцы на плошчы імя Кірава. У хо-дзе святочнай праграмы былі ўвасоблены эпізоды Вялікай Айчыннай вайны: яе трывожныя дні і ночы, цяжкія баі, калі зрывалася сувязь, хрыпела рацыя, але нашы воіны ішлі ўперад, на ворага, набліжаючы Перамогу — адну на ўсіх.
Гледачы ўсёй душой перажывалі старонкі вайны праз расказы салдата, ішоўшага на бой за безыменную вышыню, маці, праважа-ючай на фронт сына, маладой санітаркі са шпіталя і іншых герояў, якіх пранікнёна паказалі на сцэне работнікі культуры і самадзейныя артысты. Уразіў эпізод партызанскага вяселля, калі фата ў нявесты была з кавалка парашутнага шоўку, і ўсё праходзіла ў цішыні, бо гучна гаварыць ці шумець было небяспечна — вораг можа пачуць.
Не па чутках усё гэта знаёма і засталося ў памяці ветэранаў вайны, якія прысутнічалі на свяце, а гучаўшыя вершаваныя радкі “Да, путь к Победе был нелегким…” нібы пераклікаліся з іх думкамі. І далей: “Май, весна и счастливые лица, День Победы — и нет ей цены! Низко-низко хочу поклониться ветеранам великой войны!”
Ім, былым удзельнікам баёў, хто каваў доўгачаканую Перамогу, вучні паднеслі яркія веснавыя кветкі.
А над плошчай гучалі знаёмыя і любімыя ўсімі песні: “У лесе прыфрантавым”, “Кацюша”, “На безыменнай вышыні”, “Едуць па Берліне нашы казакі” і іншыя. Іх спяваюць унукі і праўнукі тых, хто адстаяў сённяшнюю мірную вясну.
Ратныя традыцыі дзедаў і прадзедаў свята захоўваюць юнакі Кіраў-шчыны. На плошчу страявым крокам выйшлі будучыя воіны Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь прызыву 2014 года. Іх віталі ўсе прысутныя, прагучалі пажаданні дастойна выканаць свой свяшчэнны абавязак, быць сапраўднымі абаронцамі сваёй Айчыны. Хлопцам былі ўручаны сувеніры на памяць і наказ ад ветэранаў вайны.
Завяршальным акордам канцэртнай праграмы стала песня “Дзень Перамогі”, якую спявалі і ўдзельнікі, і ўсе прысутныя на плошчы. “Свята са слязамі на вачах” — дарагое і блізкае людзям розных узростаў, бо няма на Кіраўшчыне сям’і, якую б у свой час не закранулі падзеі ваеннага ліхалецця: у кожнай свята шануюць памяць аб загінуўшых і прапаўшых без вестак родных і блізкіх, з павагай ставяцца да ветэранаў вайны і з асаблівымі пачуццямі адзначаюць Дзень Перамогі.
Трэба адзначыць, што ў тэатралізаванай канцэртнай праграме ўдзельнічалі выкладчыкі і вучні школ мастацтваў, агульнаадукацыйных школ горада, Жыліцкага сельгаскаледжа, ліцэя, іншыя самадзейныя артысты.
Далей аматары фізкультуры, спорту і здаровага ладу жыцця сабраліся на гарадскім стадыёне, дзе адбыліся спаборніцтвы па футболе сярод дзяцей і падлеткаў “Скураны мяч”, шашках, шахматах, дартсе і іншыя. А ў скверы каля РЦГіЭ школьнікі ўдзель-нічалі ў спартыўна-забаўляльнай праграме. Каля РДК працавала дзіцячая пляцоўка з тэатралізаваным прадстаўленнем і гульнямі “Няхай заўжды будзе мір!”
Кіраўчан і гасцей запрашалі ў гандлёвыя палаткі.
А ўвечары на імправізаванай сцэне на плошчы імя Кірава адбыўся рэстра-канцэрт “Пераможны каскад”, а потым — святочная дыскатэка.
Людміла СЯМЁНАВА,
Наталля ХАДАКОВА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

изображения не найдены

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.