Спрыяльныя тэрміны нельга ўпускаць

vzite

Шырокім фронтам вядуцца палявыя работы ў СГФ “Чыгірынка” РУП “Беларусьнафта-Магілёў-аблнафтапрадукт”: гэта сяўба кукурузы, хімічная апрацоўка пасеваў шматгадовых культур ад шкоднікаў і пустазелля, падрыхтоўка глебы пад паўторную сяўбу аднагадовых культур на корм жывёле.  Мы пераканаліся ў гэтым, калі ў мінулую суботу пабывалі ў гаспадарцы. Усяго тут маецца 1854 га сельгасугоддзяў, з іх 1466 занята пад ворыва.

Сёння тут прыступілі і да адказнага этапу працы аграрыяў — нарыхтоўкі кармоў для грамадскага статка. Механізатары гаспадаркі разумеюць, што ад колькасці і якасці нарыхтаваных імі кармоў непасрэдна залежаць паказчыкі ў жывёлагадоўлі. Таму з году ў год працуюць зладжана і арганізавана, эфектыўна выкарыстоўваюць кожную пагодную хвіліну. Дарэчы, сёлета плануецца з 550 га сельгасугоддзяў нарыхтаваць 680 т сена, 670 т сіласу, 2950 т сенажу.
Падчас нашага прыезду мы даведаліся, што ў гаспадарцы ўжо вялося падкашванне зялёнай масы на падкорм грамадскага статка. Гэтай справай займаецца Віталь Шаўцоў. Сёмы год запар ён нарыхтоўвае кармы агрэгатам КРЗ-10. Механізатар працуе старанна, з-за яго не бывае прастояў даверанай яму тэхнікі. Віталь добра вывучыў усе механізмы, бо яшчэ з дзяцінства зведаў устройства трактара. Юнак любіў прыходзіць на мехдвор да бацькі, які працаваў механізатарам у роднай гаспадарцы, асабліва калі той займаўся рамонтам трактара. Набытыя ў свой час навыкі і прывітая любоў да роднай зямлі дапамагаюць Віталю заўсёды працаваць з агеньчыкам.
Спорыцца работа і ў механізатара Уладзіміра Бабіцкага. На працягу трыццаці гадоў ён добрасумленна выконвае ўсе даручаныя яму сельскагаспадарчыя работы. Як заўважыў кіраўнік СГФ «Чыгірынка» Ігар Кузняцоў, няма ў сельгасарганізацыі такога поля, дзе б ні працаваў Уладзімір Аляксандравіч.

А наогул, у СГФ “Чыгірынка” працуюць усе тры браты з сям’і Бабіцкіх, і на кожнага з іх можна спадзявацца: у рабоце яны не падвядуць!
У суботу ў патомнага хлебароба Уладзіміра Бабіцкага быў 50-гадовы юбілей. На пачатку працоўнага дня яго шчыра павіншавалі ад імя праўлення гаспадаркі, на памяць уручылі каштоўны падарунак. Кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства ўпэўнена, што і надалей Уладзімір Аляксандравіч будзе працаваць так прадукцыйна і зладжана, як і раней.
Нягледзячы на такую знамянальную падзею, юбіляр быў у полі: тэрміны не чакаюць. Сваё дзень нараджэння ён абавязкова адзначыць вечарам са сваімі роднымі і блізкімі. Зараз механізатар заняты на хімпраполцы яравых зернебабовых культур, пад іх пасевы адведзена 243 га. Уладзімір Бабіцкі працуе старанна, не губляючы часу, каб своечасова былі апрацаваны ўсе ўчасткі.
Два дні таму ў гаспадарцы павіншавалі яшчэ аднаго юбіляра — Віталя Шаўцова, якому споўнілася 40 год. І гэты механізатар у святочны для яго дзень шчыраваў на палетках. А як жа інакш? Спачатку агульная справа, а затым ужо асабістая.
Ганарацца юбілярамі і члены іх сем’яў: гэта надзейныя спадарожнікі па сумесных жыццёвых сцежках, чулыя бацькі. А Уладзімір Аляксандравіч яшчэ і клапатлівы дзядуля: у сям’і сына падрастаюць дзве дачушкі. Дарэчы, галава сям’і разам з жонкай, мясцовым фельчарам, зараз у прыемным чаканні: не за гарамі папаўненне і ў сям’і іх дачкі.
Віталь Шаўцоў разам са сваёй палавінай, якая працуе настаўніцай у мясцовай школе, выхоў-ваюць траіх дзяцей. Тата стараецца знаходзіць час, каб пабыць разам з рабятамі, пастаянна цікавіцца іх справамі. І ў абавязковым парадку ўсе разам імкнуцца дапамагчы маці па гаспадарцы.
Уладзімір Бабіцкі і Віталь Шаўцоў — заўсёды ладзяць з калегамі па рабоце, суседзямі, абавязкова, калі гэта патрэбна, прыдуць ім на дапамогу. Па такіх прынцыпах жывуць самі, гэтаму вучаць і сваіх дзяцей.
Таццяна БАРАДЗІНА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.