У памяць аб загінуўшых аднавяскоўцах

ohotichi

Мінулай восенню на ўскрайку вёскі Ахоцічы з’явіўся помнік у выглядзе стылізаванай разгорнутай кнігі , на “старонках” якой змешчаны імёны і прозвішчы 118 расстраляных, закатаваных, спаленых фашысцкімі нелюдзямі жыхароў гэтай вёскі, а таксама тых, хто быў расстраляны ў суседняй Баравіцы. 

Ініцыятарам устанаўлення тут помніка выступіла 80-гадовая жыхарка в.Ахоцічы Валянціна Віктараўна Русакевіч, якая з дапамогай сям’і і блізкіх родзічаў ажыццявіла задуму аб увекавечванні памяці бязвінна загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны аднавяскоўцаў.
Каб аб усім даведацца, як гаворыцца, з першых вуснаў, мы завіталі ў в.Ахоцічы, дзе сустрэліся з В.В.Русакевіч. Жанчына расказала, што даўно марыла аб тым, каб увекавечыць памяць загінуўшых аднавяскоўцаў. А тут сыны неяк паведалі ёй, што ў в.Выжары адзін чалавек паставіў такі помнік сваім аднавяскоўцам. Вось толькі там не знайшлося нікога, хто ўзгадаў бы прозвішчы загінуўшых. А Валянціна Віктараўна падзеі мінулых гадоў памятае, нібы яны ўчора адбыліся. Аб адным шкадуе жанчына, што не ўсіх загінуўшых змагла ўспомніць, а іх родныя ці тыя, хто мог бы дапамагчы ўстанавіць прозвішчы, адгукнуліся не ўсе.
Падтрымалі маральна і матэрыяльна ідэю В.В.Русакевіч яе дзеці і брат, сваячка Алена Галачова.
Слова “вайна” шасцігадовая Валя ўпершыню пачула, калі яе бацьку Віктара Камінскага забралі на фінскую вайну. Ён вярнуўся дадому ў 1939 годзе. У сям’і Камінскіх было пяцёра дзяцей: сын Мікалай (яго, 12-гадовага хлопца, расстралялі фашысты), Валя, Вольга (яна памерла перад пачаткам вайны), Віктар і Яўген, які нара-дзіўся ўжо ў ваенным 1942-м.
— Тата, калі вярнуўся з фінскай вайны, — успамінае Валянціна Віктараўна, — так і хадзіў у чырвонаармейскай форме: у тыя гады з адзеннем было нялёгка. А калі ў вёску прыйшлі фашысты, то бацьку адразу і схапілі. Маці, узяўшы маленькага Жэньку на рукі, пабегла ўслед за немцамі, плакала і прасіла адпусціць бацьку. Але пазней фашысты яго ўсё роўна расстралялі. У той жа дзень ад рук карнікаў загінулі яшчэ пяцёра мужчын: Ягор Камінскі, Арсеній Пархамовіч, Піліп Лапацінскі, Іван Пархамовіч і Юрый (прозвішча, на жаль, не памятаю).
Непадалёк ад бацькоўскага дома жыў наш дзядуля Вікенцій з сынам Сяргеем і жонкай Вольгай. Аднойчы па вёсцы разнесліся нечалавечыя крыкі дзеда: фашысты мучылі яго, выкручвалі рукі і ногі. Калі аднавяскоўцы яго хавалі, то гаварылі, што ўсе косці ў яго былі пераламаны. Расстралялі і Сяргея, а цяжарную, параненую, але яшчэ жывую Вольгу закідалі анучамі і падпалілі.
Лютавалі фашысты апантана. Расстрэльвалі ўсіх без разбору: дзяцей, жанчын, старых людзей. Сярод іх — настаўніца Лідзія Кунцэвіч, якая прыехала ў вёску са Слуцка, яшчэ адна настаўніца Ксенія Галім-ская, брат Валянціны Віктараўны Мікалай і шмат іншых.
Страшная доля напаткала сям’ю Лукаша Камінскага: фашысты расстралялі сына Івана, другі сын Косця загінуў у партызанах, дачку Юлю і сына Пецю замучылі ў канцлагеры — з дзевяці чалавек не засталося нікога…
Многія вяскоўцы пайшлі ў партызаны. Немцы вышуквалі сем’і, у каго родныя былі ў партызанах, распраўляліся з імі. Сярод “расстрэленых” былі сем’і Камінскіх, Міхалапаў, Пархамовічаў, Галімскіх, Храмовічаў і іншыя. У Надзеі Храмовіч фашысты расправіліся адразу з чатырма дзецьмі. Убілі лесніка Луку Русакевіча, які дапамагаў партызанам (потым яго сын Яўген стане мужам В.В.Русакевіч). Сярод расстраляных — і два камуністы Пётр Сачонак і Радзівон Лясковіч, дарэчы, у Радзівона ад рук фашыстаў загінулі жонка Марыя і чацвёра іх дзяцей, выратавацца давялося толькі старэйшай, яна зараз жыве ў Калініградзе.
У 1944 годзе карнікі спалілі вёску Ахоцічы. Тыя, каму пашчасціла выратавацца, хаваліся ў лесе, сярод іх і В.В.Русакевіч разам з маці і малодшым братам.
…Сёння сэрца Валянціны Віктараўны Русакевіч напоўнена радасцю і шчасцем: імёны аднавяскоўцаў, загінуўшых ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў, застануцца ў людской памяці, чорная мармуровая пліта захавае іх для будучых пакаленняў.
Людміла ЛУКАНОВІЧ,
старшыня раённага таварыства інвалідаў.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.