Несанкцыянаваны гандаль у цэнтры горада

torgovlya

Наш горад з кожным годам прыкметна прыгажэе:  будуюцца і рамантуюцца дамы, пракладваюцца тратуары, узводзяцца і афарбоўваюцца агароджы. Але, напэўна многія згадзяцца, што вельмі псуе выгляд райцэнтра  “стыхійны” рынак  — на тэрыторыі, прылягаючай да магазіна “Наш маркет”. 

Сельгаспрадукцыю, вырашчаную на сваіх прысядзібных участках, тут прапануюць сельскія жыхары і гараджане. Для яе размяшчэння выкарыстоўваюць скрыні, вёдры, кошыкі, якія гандляры ставяць на бардзюр або прама на зямлю. Зразумела, што гандаль з зямлі — гэта негігіенічна.
Месца для цывілізаванага гандлю прадукцыяй, вырашчанай на прысядзібных участках, у нашым горадзе маецца: на міні-рынку ў раёне аўтастанцыі. І прыязджа-ючым вяскоўцам вельмі зручна: не трэба несці цяжкія кошыкі ў цэнтр горада. Але гандляры аблюбавалі месца каля прыватнага магазіна. Сапраўды, пакупнікоў тут шмат, і многія, у мэтах эканоміі свайго часу, набываюць прадукцыю з пыльных тратуараў. І не толькі фрукты і агародніну, якія перад ужываннем можна памыць. Гандляры выстаўляюць на продаж курыныя яйкі, ягады, “закаткі” і інш. І гэта ў спякотныя дні.
За тлумачэннямі мы звярнуліся да галоўнага санітарнага ўрача раёна Андрэя ЧЫСТАБАЕВА. Вось што ён паведаміў:
— Несанкцыянаваны гандаль забаронены, тым больш прадуктамі харчавання ў непрыдатных для гэтых мэт умовах. Зямля, асфальт — гэта прамы рассаднік інфекцыі: кішэчнай палачкі, патагенных мікраарганізмаў (сальманелёзу, дызентэрыі, батулізму).
Значную небяспеку для чалавека ўяўляюць нітраты і ядахімікаты. Трапляючы ў арганізм разам з агароднінай і фруктамі, як правіла, у малых дозах, яны паступова і непрыкметна пагаршаюць здароўе, з цягам часу выклікаючы розныя захворванні, якія чалавек ніяк не звязвае з ужываннем неправераных прадуктаў.
Дарэчы, кансерваваныя салаты не дазваляецца наогул прадаваць на рынку. Тым больш, што тэрмін такой прадукцыі, як і ўмовы вырабу і захоўвання, на вока вызначыць немагчыма. А такое вельмі небяспечнае захворванне, як батулізм, якое не мяняе колеру і паху кансерваванай прадукцыі, праяўляе сябе толькі ў арганізме чалавека пасля яе ўжывання. Кансерваваныя салаты, якія прадаюцца праз спецыялізаваныя гандлёвыя кропкі, выпускаюцца на прадпрыемствах, дзе яны праходзяць апрацоўку пры высокай тэмпературы, іх вырабляюць спецыялісты, якія прайшлі медагляд, з правераных прадуктаў і на абсталяванні, адпавядаючым усім санітарна-гігіенічным патрабаванням.
Вельмі хацелася б, каб прыватнікі клапаціліся не толькі аб збыце сваёй прадукцыі, але і аб захаванні вызначаных правілаў гандлю і належнага выгляду нашага горада.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.