Памяць над зямлёй у квецені

Семдзесят гадоў…Столькі часу прамінула, столькі вёснаў прашумела над беларускай зямлёй з таго дня, як прыйшло на яе вызваленне ад фашысцкай навалы, і над шматпакутнай нашай зямлёй усталявалася мірная цішыня.
Мы, беларусы, моцныя дружбай з іншымі народамі і іх памяццю. Дружбай, ідэйным адзінствам, аб якія ўшчэнт разбілася гітлераўская ваенная машына. Гэтае адзінства надавала ўсяму савецкаму народу сілу, веру, стойкасць у барацьбе.
Няма ўжо з намі шматлікіх удзельнікаў — сведкаў той страшнай пары, з кожным годам адыходзяць ад нас ветэраны. Але яны паспелі перадаць наступным пакаленням тую памяць, што трывожыла іх, вызначала боль параненых вайной сэрцаў. Таму мы ведаем пра тое ліхалецце, папялішчы, на якіх мірнае насельніцтва нанова ўладкоўвала жыццё, пра лусту хлеба з першага пасляваеннага ўраджаю, цягнікі, што ішлі ў Беларусь з Сібіры, Сярэдняй Азіі і везлі цэмент, жывёлу, машыны… І нельга інакш, таму што без памяці аб мінулым няма будучыні.

…Я еду на сваім двухколавым сябры па вуліцы імя Валадарскага райцэнтра на захад. Колькі разоў пераадольваў гэты маршрут, але цяпер жыццёвая штодзённасць адышла на другі план — зараз хочацца праехаць, прайсці па месцах былых баёў часоў Вялікай Айчыннай, узгадаць расказы сведкаў той пары. Вось тут, дзе цяпер шуміць лістотай паса-джаны кіраўчанамі парк, у канцы чэрвеня 1941-га адбыўся паветраны бой чырваназоркавага самалёта з пераўзыходзячымі па колькасці фашысцкімі “груганамі”. Савецкі лётчык загінуў у няроўнай схватцы, быў пахаваны мясцовымі жыхарамі на Селіцкіх могілках. Імя героя невядома і дагэтуль, адзінае, што можна сцвярджаць, згодна архіўных дадзеных — самалёт належаў 313 авія-штурмавому палку 11-й авіядывізіі. На магіле лётчыка — палявыя кветкі…
А асфальтавая стужка дарогі вядзе далей. На заходнім ускрайку Кіраўска, дзе раскінуўся малады сасоннік, яшчэ ў 80-х гадах даводзілася знаходзіць іржавыя гільзы патронаў, пабітыя нямецкія каскі, рэшткі рамянёў. Тут таксама пралівалася кроў…
Вось і Пацава Слабада, могілкі. Знаходжу невялікі ўзгорак побач з высокай бярозай — тут пахаваны бабуліны бацькі, што загінулі ў гады ваеннага ліхалецця.
…Найбольш жудасным і трагічным для Пацавай Слабады, у прыватнасці, для пасёлка Яўменаўка, выдаўся канец чэрвеня 1942 года — адзін гарачы суботні дзень страшэннай трагедыі, калі з 430 хат было спалена 68 і загінула 77 чалавек, засланіў увесь першы месяц лета. Гэтак пачыналася карная аперацыя “Хрушч-1”, калі фашысты ў бяссільнай злобе ад баявых дзеянняў партызан пачалі паліць мірныя вёскі. Гарэлі Ахоцічы, Багданаўка, Кострыцкая Слабодка, Кострычы…
Вось як распавядала аб яўменаўскай трагедыі жыхарка Пацавай Слабады, на той час дваццаціпяцігадовая жанчына Акуліна Андрэеўна Падаляк: ”Раніцаю мая маці Настасся Кандратаўна мыла бялізну ў двары, бацька Андрэй Макаравіч завіхаўся па гаспадарцы. Раптам пачуліся стрэлы з аўтаматаў, гул машын. Першымі ж чэргамі мае бацькі былі забіты, памятаю, як маміна кроў цякла на бялізну… Сама я хавалася з маімі малымі сынамі на печы за комінам, калі праз вакно ў хату ўкінулі гранату. Частка даху абрынулася ўніз… Крыху акрыяўшы, з дзецьмі сунулася праз дым да іншага вакна, праз яго скокнулі і кінуліся хавацца ў жыце. У аднаго з сыночкаў на ўсё жыццё у целе застаўся асколак…”
Яўменаўку карнікі спалілі невыпадкова — пасёлак знаходзіўся непадалёку ад лесу, з якога супраць ворага ўжо пачалі весці баявыя дзеянні першыя партызаны. Увогуле ж вясна 1942-га была часам масавага развіцця партызанскага руху на акупіраванай захопнікамі тэрыторыі. Партызаны наносілі ўдары па гарнізонах, апорных пунктах ворага, камунікацыях.
…Вызваленне Пацавай Слабады ад ворага, як, дарэчы, і іншых населенных пунктаў, праходзіла даволі складана. Вечарам, 27 чэрвеня 1944 года, сюды накіраліся першыя савецкія танкі 23-й брыгады, а таксама 1320, 1322 і 1324 стралковыя палкі. З боку Хаміч на Пацаву Слабаду рухаўся фашысцкі полк, на ўскраіне вёскі разгарнуўся жорсткі бой. Вораг быў часткова разбіты, застаўшыеся ў жывых фашысты адступілі ў лес.
Раніцай праз вёску прайшлі савецкія палкі 129-й Арлоўскай дывізіі з загадам не прыпыняцца на знішчэнне дробных варожных груп. Між тым, у гэты ж дзень з пасёлка Малінаўка на Пацаву Слабаду пачала рухацца вя-лізная групоўка спрабуючых вырвацца з акружэння фашыстаў. Асноўныя сілы савецкіх войскаў ужо былі далёка наперадзе, у вёсцы засталіся толькі асобныя вайсковыя часці, 906-ы асобны батальён сувязі. Нягле-дзячы на тое, што вораг ужо знаходзіўся ў стане агоніі, разгубленасці, разбітасці, усё ж на долю нашых воінаў-вызваліцеляў выпалі цяжкія выпрабаванні, у вёсцы працягваліся кровапралітныя баі…
У цэнтры Пацавай Слабады ёсць брацкая магіла, дзе пахаваны 63 воіны і партызаны. Дзякуючы актыўнай пошукавай рабоце вучняў мінулых гадоў Пацава-Слабадской школы, якія вялі перапіску з многімі ўдзельнікамі баёў, з роднымі загінуўшых, імёны і прозвішчы 32-х герояў-вызваліцеляў былі ўстаноўлены. Астатнія засталіся невядомымі, бо астанкі загінуўшых у асноўным выкопвалі з адзі-ночных магіл, што былі ў розных месцах…
Сярод пахаваных у брацкай магіле знаходзіц-ца прах радавога 1320-га палка М.І.Слюнкіна, які памёр ад ран. Быў ён родам з Чэрыкаўскага раёна.
У гэтай брацкай магіле пахаваны і ваенны фельчар-лейтэнант Ганна Мікітаўна Скарабагатава з таго ж 1320-га палка, што вызваляў вёску. Нарадзілася дзяўчына ў Курганскай вобласці. Вучылася ў Свярдлоўскім медыцынскім тэхнікуме. У пачатку Вялікай Айчыннай працавала ў шпіталі, а ў сакавіку 1942-га пайшла на фронт. У 1944-м у дом дзяўчыны ў Свярдлоўску прыйшла пахаванка: “Ваша дачка, ваенфельчар-лейтэнант, камсамолка Ганна Мікітаўна Скарабагатава ў баі за Радзіму, верная воінскай прысязе, праявіла гераізм і мужнасць. Была цяжка паранена і памерла 23 чэрвеня 1944 года”…У гонар адважнай сібірачкі была названа піянерская дружына, у фае мясцовай школы быў змешчаны стэнд са звесткамі аб жыццёвым і баявым шляху Г.М.Скарабагатавай.
Ёсць глыбокі сэнс у тым, што мы выхоўваем дзяцей на выдатных традыцыях старэйшых пакаленняў, вучым памяці — сваімі клопатамі пра мір, справядлівасць на гэтай цудоўнай зялёнай зямлі з яе ціхімі світанкамі, песнямі жаўранка і квеценню бэзу. І памяць гэтая стваральная — яна гартуе душы, узвышае думкі, выхоўвае патрыётаў. Жыхары Кіраўшчыны, свята захоўваючы і прымнажаючы слаўныя ратныя і працоўныя традыцыі старэйшых пакаленняў, уносяць важкі ўклад у сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё свайго роднага краю.
Мы шануем ветэранаў, помнім тых, хто ніколі не вернецца, і выказваем шчырую ўдзячнасць ім — героям і гераіням вайны, жывым і мёртвым, якія перамаглі ў вялікай бітве за жыццё, за гэтую зямлю ў квецені…
Аляксандр ДЗМІТРЫЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.