У бой ішлі адважныя дзяўчаты…

murashka

Памяць аб Вялікай Айчыннай вайне ў кожнага беларуса свая: многія сем’і не дачакаліся дамоў родных, аддаўшых свае жыцці дзеля мірнай будучыні наступных пакаленняў. Жывыя сведкі тых далёкіх жудасных дзён ні на хвіліну не забываюць  выпрабаванняў, праз  якія ім давялося прайсці. У знак удзячнасці за перамогу, за магчымасць жыць пад мірным небам моладзь з павагай ставіцца да ветэранаў, агортвае іх клопатам  і ўвагай. Не зарастаюць сцежкі да брацкіх магіл, пахаванняў  воінаў  і партызан.

У біяграфіі кіраўчанкі Марыі Іванаўны Гарохавай Вялікая Айчынная вайна займае асобнае месца. У яе роднай вёсцы Колбава хлопцы і дзяўчаты арганізавалі камсамольскую ячэйку і дапамагалі партызанам — збіралі дадзеныя аб колькасці гітлераўцаў, наяўнасці зброі. Яны таксама перадавалі ў лес зброю, боепрыпасы, медыкаменты. Па просьбе кіраўніцтва партызанскага атрада раздавалі па навакольных вёсках лістоўкі, агітавалі людзей для ўступлення ў атрад.
Сярод іх была і 18-гадовая Марыя. Маладой дзяўчыне ўдалося пераканаць шасцярых аднавяскоўцаў, якія ў перыяд акупацыі служылі ў паліцыі, і тыя са зброяй у руках перайшлі на бок партызан.
Так і жылі сяльчане: днём па ўсім наваколлі гаспадарылі немцы, а ноччу ў іх вёску наведваліся партызаны, каб забраць падрыхтаваную для іх зброю і прадукты харчавання.
Не сціраецца з памяці Марыі Іванаўны той чэрвеньскі дзень далёкага 1942 года, калі фашысты спалілі родную вёску: языкі полымя ахапілі ўсе 140 дамоў разам з надворнымі пабудовамі, асвятляючы ўсё наваколле на некалькі кіламетраў. 56 вяскоўцаў не змаглі выратавацца з агню. Жыхарам нічога не заставалася, як хавацца ў лесе: там яны будавалі зямлянкі і жылі ў іх па некалькі сем’яў. Усе былі ў пастаянным страху — кожны новы дзень быў як апошні.
Марыя, не раздумваючы, падалася ў партызанскі атрад. Тым больш, што ў яго саставе змагаўся з ворагам яе сябар з Нямкоў Мікалай Гарохаў. Яшчэ да вайны дзяўчына пазнаёмілася з ім на танцах у Чыгірынцы, куды ў выхадныя збіралася моладзь з навакольных вёсак. Мікалаю вельмі падабалася Марыя, таму, калі яго забралі ў армію, дасылаў ёй пісьмы з прызнаннямі ў каханні. Маладыя марылі аб тым, як хлопец вернецца пасля службы дадому, як яны пажэняцца…
Але марам не давялося збыцца ў вызначаны час — пачалася вайна. Мікалай служыў пагранічнікам у Брэсце. У няроўнай схватцы з ворагам савецкія войскі панеслі значныя страты, Мікалай Гарохаў атрымаў цяжкае раненне і пасля лячэння ў шпіталі быў дэмабілізаваны. Вярнуўшыся дадому, хлопец без роздуму пайшоў у партызаны.
Нягледзячы на ваенны час, на думкі, што кожны дзень можа быць апошнім, каханне маладога хлопца да Марыі толькі ўзмацнялася. Дзяўчына амаль заўсёды была побач з ім: разам з іншымі байцамі яны змагаліся з ненавісным ворагам, удзельнічалі ў разгроме паліцэйскіх гарнізонаў, выратаванні мірнага насельніцтва ад угону ў канцлагеры.
Пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Мікалая Гарохава накіравалі на працу ў раённы аддзел міліцыі. І на працягу 33- гадоў ў яго была служба «дні і ночы».
Восенню 1944 года прыехала ў Кіраўск і Марыя, тут маладыя згулялі вяселле. 70 гадоў мінула з таго часу, але жанчына помніць усё да драбніц: як Мікалай прыходзіў у сваты, як, нягледзячы на нястачу, яны рыхтаваліся да вяселля. І як усё сумеснае жыццё яе абраннік вельмі шанаваў сваю жонку.
Зараз жанчына жыве разам з сынам. Нягледзячы на сталы ўзрост, Марыя Іванаўна самастойна спраўляецца з усімі хатнімі справамі, у яе кватэры ўтульна. На століку побач з крэслам акуратна складзены газеты і часопісы. Прыемна ўразіў той факт, што на працягу сямі дзесяцігоддзяў Гарохавы выпісваюць і чытаюць нашу “раёнку”.
Не пакідаюць Марыю Іванаўну сам-насам з праблемамі нявестка, унучка, суседка.
У час нашай размовы ветэран адзначыла, што вайна — гэта самае жудаснае з усяго, што ёсць на свеце. Таму патрэбна захоўваць мір, каб нікому не было страшна зазірнуць у заўтрашні дзень.
Таццяна БАРАДЗІНА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.