Узнагароды — лепшым
Падчас правядзення свята “Купалле”(«Александрыя збірае сяброў») у а/г Александрыя адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання перадавікоў сельскай гаспадаркі Магілёўскай вобласці па выніках рэспубліканскага і абласнога спаборніцтваў за 2013 год. Сярод пераможцаў было нямала прадстаўнікоў Кіраўшчыны, аб іх мы паведамлялі ўжо на старонках раённай газеты (№45 і 49).
Са словамі ўдзячнасці за нястомную і карпатлівую працу да земляробаў і жывёлаводаў, хлебаробаў і механізатараў, усіх працаўнікоў сяла звярнуўся старшыня аблвыканкама Пётр Руднік. У сваёй прамове ён адзначыў, што, нягледзячы на складаныя ўмовы, наша вобласць па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі за мінулы год заняла 2-е месца ў рэспубліканскім спаборніцтве.
Кіраўнік вобласці выказаў упэўненасць у тым, што працаўнікам сельскагаспадарчай вытворчасці па сілах задачы, пастаўленыя перад імі: зрабіць аграбізнес прыбытковым, а жыццё на вёсцы яшчэ больш камфортным і забяспечаным.
Пераможцам рэспубліканскага і абласнога спаборніцтваў былі ўручаны дыпломы і грашовыя прэміі.
На здымку: старшыня аблвыканкама Пётр Руднік уручае дыплом дырэктару ААТ «Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне» Мікалаю Чаранкову за перамогу сельгаспрадпрыемства ў абласным спаборніцтве.