Распачата сяўба азімага рапсу

bere

Да сяўбы азімага рапсу ў раёне першымі прыступілі механізатары дзвюх гаспадарак: СВК “Бераснёўскі” і СВК “Калгас “Беларусь”: па стане на 18 чэрвеня г.г. засеяны 145 га.
Учора супрацоўнікі “раёнкі” пабывалі ў СВК “Бераснёўскі”, дзе шырокім фронтам вядуцца палявыя работы.

Не паспеў на палях сціхнуць гул збожжаўборачных камбайнаў, як на вызваленыя ад саломы ўчасткі выехалі трактары з плугамі, культыватарамі. Механізатары працуюць арганізавана, зладжана, каб своечасова падрыхтаваць глебу і не ўпусціць аптымальныя тэрміны сяўбы азімых культур.
З пачатку жніўня калектыў філіяла СВК “Бераснёўскі” ААТ “Упраўляючая кампанія холдынга “Бабруйскаграмаш” узначаліў Віктар Мамурын. Нягле-дзячы на малады ўзрост, у яго за плячыма маецца значны вопыт работы ў аграпрамысловым комплексе. Пасля заканчэння Чырвонабярэжскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа Віктар Віктаравіч працаваў на роднай Гомельшчыне: начальнікам участка па раслінаводстве, намеснікам дырэктара, в.а. дырэктара КСУП “Лунское” Жлобінскага і дырэктарам РУСП “Эксперыментальная база “Уваравічы” Буда-Кашалёўскага раёнаў. Затым узначальваў ТАА “Нарачанская ніва-2004” Мядзельскага раёна і філіял “Кіцін” ААТ “АФВК “Жлобінскі мясакамбінат”. Завочна закончыў 4-ы курсы БДСГА.
У сваёй рабоце Віктар Віктаравіч галоўную ўвагу надае так званаму чалавечаму фактару. Ён лічыць, што менавіта дзякуючы добрасумленнасці работнікаў, іх дысцыплінаванасці, адказнасці, жаданню працаваць з душой залежаць агульныя здабыткі ўсяго калектыву. Таму з першых дзён работы ў СВК “Бераснёўскі” ён пастаянна сярод працаўнікоў, цікавіцца іх штодзённымі справамі і праблемамі. Апошнія імкнецца вырашаць своечасова, не адкладаючы на потым.
Значную ўвагу кіраўнік надае пытанням якаснага правядзення сяўбы азімых збожжавых і рапсу. Дарэчы, пад апошнюю культуру ў гаспадарцы плануюць заняць 256 га. Своечасова набыта элітнае насенне гатунку “зорны” ў СВК “Гігант” Бабруйскага раёна.
Як адзначыў галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Васіль Лугаўцоў, сяўба азімага рапсу вядзецца актыўна: ім засеяна ўжо 70 га. Гэтай адказнай справай займаецца механізатар Віктар Скрыпуноў. Ён літаральна “наступае на пяткі” сваім калегам, якія рыхтуюць глебу.
На ворыве заняты вопытныя механізатары Генадзь Доўкша і Сяргей Міхалап, якія на трактарах МТЗ-1221 з плугамі штодня перавыконваюць даведзеныя заданні. Услед за імі Антон Трушкін на МТЗ-2522 з культыватарам рыхтуе ўчасткі пад сяўбу азімых культур.
Таццяна БАРАДЗІНА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.