Для рассветаўцаў восень — работ больш, чым восем

lykovyjmyhin babich

Калі гавораць, што ўвосень – работ восем, то гэта ў значнай меры датычыцца СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага. Акрамя таго, што ў сельгаскааператыве самыя вялікія ў раёне пасяўныя і ўборачныя плошчы, тут яшчэ спецыялізуюцца на вырошчванні розных відаў сельгаскультур і агародніны.
Зараз тут вядзецца ўборка бульбы, яблыкаў, цыбулі, кукурузы на сілас, апрацоўка глебы і ўнясенне арганічных угнаенняў пад ураджай будучага года, сяўба азімых культур і інш.
Актыўнымі тэмпамі вядуць рассветаўцы ўборку “другога хлеба”. Бульбяныя палеткі сёлета займаюць 400 га.
Па стане на ўчарашні дзень клубні ўбраны на 20 га, накапана больш за 700 т. Сярэдняя ўра-джайнасць складае каля 350 ц/га. Сёлета на палетках сельгаскааператыва былі пасаджаны “скарб”, “брыз”, “лілея”, “рагнеда”, “рэд скарлет” і інш. Неблагую ўраджайнасць дае гатунак “скарб”. Увогуле ў гаспадарцы імкнуцца працаваць з высока-прадукцыйнымі гатункамі бульбы.
На 11 га была пасаджана бульба гатунку “апал”. Па словах начальніка ўчастка “Кірава” Ігара Шчэрбіча, гэты палетак засяваўся на заказ. Адна з беларускіх фірм, якая займаецца вырабам чыпсаў, прадаставіла гаспадарцы насенне, хімпрэпараты, і ўвесь ўраджай пойдзе на перапрацоўку і выраб смачнай прадукцыі.
Для ўборкі бульбы маецца 5 камбайнаў, 2 з якіх — айчыннай вытворчасці, 3 — замежнай. На адвозцы задзейнічаны 5 аўтамабіляў.
Старанна працуюць на ўборцы “другога хлеба” механізатары бульбаўборачных камбайнаў Валерый Юркавец, Іван Бяляўскі, Іван Салановіч, Юрый Бяляўскі. Хутка дастаўляюць выкапаныя клубні на перапрацоўку вадзіцелі Дзяніс Сакабіцкі, Канстанцін Галімскі, Віталь Бабіч, Юрый Каранкевіч і Сяргей Шчэрбіч.
Увесь атрыманы ўраджай адвозіцца ў бульбасховішча, дзе ідзе яго сартыроўка. З адказнасцю падышлі да падрыхтоўкі памяшкання для захоўвання: была праведзена дэзінфекцыя, у неабходнай колькасці маюцца кантэйнеры. Усяго тут плануюць закласці на захоўванне разам з насенным матэрыялам каля 8000 т бульбы. Частка ўраджаю пасля сартыроўкі ідзе на рэалізацыю праз гандлёвыя кропкі сельгаскааператыва, дробная і некандыцыйная — на корм жывёле.
Кіпіць работа ў яблыневым садзе: між доўгіх радоў рухаецца трактар з кантэйнерамі, куды работнікі акуратна складваюць спелыя плады. Ёсць у гаспадарцы і спецыяльны камбайн з платформай: знятыя яблыкі кладуцца на канвеер, а машына сама акуратна складае ўраджай у кантэйнер. Пасля збору сакавітая прадукцыя накіроўваецца ў агароднінасховішча. Усяго плануецца сабраць каля 1000 тон яблыкаў, з іх 500 тон будзе закладзена на захоўванне.
Па словах начальніка ўчастка “Сад” Алены Юркавец, на ўборцы яблыкаў задзейнічаны 30 работнікаў. Ужо сабрана 450 т, ураджайнасць радуе — больш за 10 тон з гектара.
Яблыневы сад у гаспадарцы займае 242 га, 200 з якіх — пладаносныя яблыні і грушы, а астатнія – маладыя саджанцы. Каб вырасціць багаты ўраджай, спецыялісты гаспадаркі пільна сочаць за ростам яблынь: своечасова абразаюць, каб правільна сфарміраваць крону, апрацоўваюць ад розных захворванняў і пустазелля, праводзяць падкормку.
Паралельна з іншымі работамі ў “Рассвеце” вядзецца ўборка цыбулі. Сёлета гэтая культура займае плошчу ў 40 га. Уборка залацістых галовак з палеткаў праводзіцца механізавана, на гэтых работах задзейнічаны бульбаўборачны камбайн са спецыяльнай прыстаўкай для ўборкі цыбулі, кіруе ім вопытны механізатар Пётр Мухін. Але, каб не страціць частку ўраджаю, услед за сельгастэхнікай па полі праходзяць работнікі гаспадаркі і падбіраюць цыбуліны.
На падыходзе — уборка іншых сельгаскультур — морквы, капусты, сталовых і цукровых буракоў.
Асаблівая ўвага — уборцы кукурузы на сілас. Як адзначыў першы намеснік старшыні сельгаскааператыва Аляксандр Жылінскі, ужо закладзена адна траншэя, а гэта 18 тыс. т сіласнай масы. Усяго ж пад зімовую па-трэбу рассветаўцам неабходна мець 70 тыс. т сіласу. Для гэтых мэт кукурузай было засеяна 3060 га (650 га з іх будзе ўбрана на зерне). «Каралева палёў» дае неблагія вынікі — з гектара выходзіць каля 400 ц сіласнай масы.
На здрабненні зялёнай масы задзейнічаны вопытныя корманарыхтоўшчыкі Міхаіл Вербенка і Віталь Кашкоў. Дастаўляюць свежую масу да месцаў складзіравання Валерый Шчэрбіч і Сяргей Іваніцкі.
Хуткімі тэмпамі вядзецца перадпасяўная апрацоўка глебы, узарана ўжо больш за 2500 га.
У лепшыя агратэхнічныя тэрміны імкнуцца правесці рассветаўцы сяўбу азімых культур. У бягучым годзе яны раскінуцца на плошчы ў 3480 га. Лідзіруючае месца займае пшаніца — 2300 га, трыцікале зазелянее на 400 га, на 780 га раскінуўся рапс. Палявыя работы вядуцца на энерганасычаных трактарах і сучасных сеялках. За штурваламі агрэгатаў — вопытныя і адказныя механізатары: Мікалай Дрозд і Дзмітрый Кахновіч.
На раніцу ўчарашняга дня азімымі ў гаспадарцы засеяна ўжо 850 га.
Задаволены ўраджаем «другога хлеба» механізатар Валерый Юркавец: ён займаўся пасадкай бульбы і доглядам, а зараз вядзе яе ўборку; у ліку лепшых працаўнікоў — вадзіцель Віталь Бабіч.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.