У добры шлях па Краіне ведаў!

4

Учора ва ўсіх установах адукацыі раёна залівісты школьны званок абвясціў аб пачатку новага навучальнага года. І нягледзячы на тое, што з самай раніцы ішоў дождж, у школах было светла і сонечна ад шчырых дзіцячых усмешак і прыгожых рознакаляровых букетаў у руках рабят.
У бягучым навучальным годзе для 191 першакласніка раёна пачынаецца дарога ў цікавае школьнае жыццё, напоўненае адкрыццямі, радасцю пазнання і са-праўдным сяброўствам.
Для вучняў і настаўнікаў гімназіі горада гэты год — юбілейны. Пяцьдзесят гадоў таму тагачасная СШ №2 імя К.П.Арлоў-скага ўпершыню расчыніла свае дзверы перад вучнямі. За гэты час школа дала пуцёўку ў дарослае жыццё сотням рабят. І сёння многія былыя выпускнікі прыводзяць у сцены гэтай навучальнай установы сваіх дзяцей і ўнукаў.
Павіншаваць настаўнікаў, рабят і іх бацькоў з пачаткам новага навучальнага года ў гімназію завіталі першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Уладзімір Царыкаў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, галоўны ўрач райбальніцы Алена Круцько, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Бяляўская, старшыня СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага Аляксандр Багель, начальнік РАУС Ігар Альхоўскі і іншыя.
Віншуючы прысутных з Днём ведаў, Уладзімір Царыкаў адзначыў, што сапраўдныя веды і творчыя здольнасці чалавека заўсёды высока цэняцца ў нашым грамадстве. Менавіта ад інтэлектуальнага патэнцыялу нацыі залежаць сацыяльна-эканамічны дабрабыт, навукова-тэхнічны і духоўны прагрэс нашай краіны. Звяртаючыся да адзінаццацікласнікаў, Уладзімір Царыкаў пажадаў ім не “гнацца” за модай, а выбіраць прафесію, якая ў сучасных умовах будзе запатрабаванай і перспектыўнай.
Прагучалі пажаданні настаўнікам – цярпення і мудрасці, вучням – упэўненасці ў сабе, выдатных ацэнак, насычанага жыцця ў новым навучальным годзе. Менавіта сённяшнім школьнікам давядзецца пісаць новыя старонкі гісторыі нашага раёна, мацаваць яго развіццё і працвітанне, адзначыў Уладзімір Царыкаў.
Ад імя раённага выканаўчага камітэта ён перадаў нядаўна назначанаму дырэктару гімназіі Галіне Русецкай тэлевізар, які стане добрай падмогай у павышэнні якасці адукацыйнага працэсу.
Шчырыя словы віншаванняў выказала ў адрас прысутных Алена Круцько. Яна падарыла гімназіі каляровы прынтэр, з дапамогай якога вучні і настаўнікі змогуць занатаваць самыя яркія моманты свайго школьнага жыцця.
З падарункамі завіталі на свята і шэфы гімназіі — кіраўніцтва СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, яны закупілі для навучальнай установы спартыўны інвентар.
Начальнік міліцыі Ігар Альхоўскі і яго намеснік Мікалай Назарчук уручылі ўсім першакласнікам флікеры для бяспекі рабят на дарогах, а таксама мяч і тэнісныя ракеткі для заняткаў актыўным спортам.
Па склаўшайся традыцыі ў Дзень ведаў першакласнікам былі ўручаны падарункі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі — кнігі “Мая Радзіма — Беларусь”.
Людміла
СЯМЁНАВА.
Фота
Максіма
МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.