Жыццё пражыць — не поле перайсці…

lydi

Кіраўчанкі Галіна Карнееўна Каранкевіч і Ніна Фёдараўна Рудзько не ўяўляюць свайго жыцця без раённай газеты, дзякуючы якой жанчыны даведваюцца пра навіны Кіраўшчыны, лепшых яе людзей, поспехах і праблемах калектываў, у якіх яны ў свой час працавалі да выхаду на заслужаны адпачынак. Наш фотакарэспандэнт зрабіў здымак, калі жанчыны чыталі спецвыпуск “Кіраўца”, выпушчаны да абласных і раённых фестываляў-кірмашоў працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2014”.

Жанчыны — даўнія сяброўкі: у іх ёсць аб чым пагаварыць, яны заўсёды дзеляцца навінамі, падтрымліваюць адна адну ў цяжкія моманты жыцця. А яно ў абедзвюх было напоўнена рознымі падзеямі, ім давялося перажыць гады нямецкай акупацыі, пасляваенную разруху. Абедзве заста-ліся ўдовамі.
…Дзяцінства Галіны Карнееўны прайшло на Гомельшчыне: яна была сярэдняй з трох дачок у сям’і. Вельмі любіла дзяўчынка дапамагаць бацькам па хатняй гаспадарцы, заўсёды знаходзіла час, каб праведаць тату-інваліда на калгасным двары: ён рамантаваў сані, калёсы, хамуты. Дачка пераняла ад яго такія якасці характару, як дапытлівасць, уседлівасць, акуратнасць. Паспявала Галіна і да маці на поле збегаць, каб падсобіць ёй жаць жыта, палоць агародніну, зграбаць сена на лузе.
Пасля вайны Галя пайшла ў 3-ці клас, але не закончыла яго: не было чаго ні апрануць, ні абуць, ні сшыткаў, ні падручнікаў. Таму, калі надышла зіма, дзяўчына вымушана была застацца дома. Дарослай стаць давялося з 13-гадовага ўзросту — тады пачалася яе самастойная працоўная дзейнасць. Спачатку пачынала на мясцовым торфапрадпрыемстве, а калі стала поўнагадовай — разам з іншымі дзяўчатамі з вёскі паехала па вярбоўцы ў Комі АССР.
Там пазнаёмілася з маладым хлопцам Ула-дзімірам з Кіраўшчыны, ураджэнцам в.Хамічы. У хуткім часе яны пажаніліся. Маці мужа жыла на Кіраўшчыне адна, таму Каранкевічы вырашылі вярнуцца на яго радзіму. Тут абодва ўладкаваліся на працу на льнозавод. Прадпрыемства выдзеліла ім аванс на будоўлю ўласнага дома.
На ўсіх участках, дзе даводзілася працаваць, жанчына паказвала высокія вынікі. За стараннасць, добрасумленнасць Галіна Карнееўна мае шмат узнагарод. Сярод іх — ордэн “Знак Пашаны”, юбілейныя і медаль “Ветэран працы”, Ганаровыя граматы.

Гэту жанчыну многія ведаюць і за вясёлы нораў, любоў да песень, былін, прыпевак і анекдотаў. Дзіву даешся яе памяці, ёй пазайздросціць нават малады: як з рогадастатку, дзе, як вядома, усяго многа, адна за другой выдае іх Галіна Карнееўна слухачам — яны бываюць заўсёды. У свой час спявала ў хоры роднага прадпрыемства, давялося выступаць у розных гарадах Беларусі. І зараз, якую б работу па хатняй гаспадарцы ні выконвала, яна не разлучаецца з песняй. “Магчыма, таму і жыву так доўга на гэтай зямлі”,— усміхаецца Г.К.Каранкевіч.
Нягледзячы на паважаны ўзрост, а жанчыне ўжо 83 гады, яна самастойна сее і ўбірае агародніну, наводзіць парадак у доме і на агародзе. Пры размове падкрэсліла, што ўсё любіць рабіць сама, таму адмаўляецца ад дапамогі сына з нявесткай, школьнікаў. А вось гасцей яна вельмі паважае, заўсёды ветліва сустрэне, пачастуе прысмакамі.
Не забываюцца пра бабулю два яе ўнукі, якія зараз жывуць у Маскве. Яны часта ёй тэлефануюць, наведваюцца ў госці. І тады ў доме Галіны Карнееўны чуюцца вясёлыя галасы, асабліва радуе праўнук Ягорка.
…Ніна Фёдараўна Рудзько нарадзілася на Брэстчыне ў першыя дні вайны. Аб зверствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў ведае са слоў маці — як ёй разам з пяцёра дзецьмі даводзілася хавацца ў лесе, як хварэла маленькая дачушка Ніна, як не было чым карміць сям’ю.
Паступова наладжвалася пасляваеннае жыццё, пасля перамогі вярнуўся дадому бацька. Старэйшыя браты і сёстры клапаціліся аб маленькай Ніне, з прыроднага матэрыялу выраблялі ёй цацкі. Дзяўчынка з дзяцінства вельмі любіла чытаць, а калі пайшла ў школу, то вучоба давялася ёй лёгка.
Пасля заканчэння 7 класаў працавала санітаркай у аптэцы, якая размяшчалася ў палове іх дома. Неяк у іх вёску да дзядзькі, які быў ляснічым, прыехаў малады хлопец Рыгор. З Нінай пазнаёміўся на танцах, яна яму вельмі спадабалася. Затым дасылаў ёй пісьмы, а ў адным з апошніх прапанаваў выйсці за яго замуж. Дзяўчыне ён таксама прыйшоўся да спадобы, і яна згадзілася.
Пасля вяселля Ніна пераехала на Кіраўшчыну: спачатку жылі ў в.Гарадзец, дзе яе муж працаваў кінамеханікам. Затым маладыя пабудавалі дом у Кіраўску, тут у іх нарадзіліся двое сыноў і дачка.
Ніна з Рыгорам уладкаваліся на працу ў тагачасны кінатэатр “Кастрычнік”: ён “круціў” кіраўчанам фільмы, а яна — прыбірала памяшканне. Калі падраслі дзеці — жанчына ўладкавалася на агароднінасушыльны завод: працавала на слоікамыечнай машыне.
Ніна Фёдараўна ўсё жыццё сумленна працавала, прывучала з дзяцінства дзяцей да выканання абавязкаў па хатняй гаспадарцы. І ёй не сорамна за іх, бо сыны, дачка, унукі не пакідаюць яе сам насам са штодзённымі праблемы, клапоцяцца аб ёй, падтрымліваюць ва ўсім. А жанчына вельмі радуецца, калі ўся яе дружная сям’я збіраецца разам у бацькоўскім доме — тады яе шчасцю няма межаў.
…Наша жыццё ўладкавана так, што яно працягваецца, нягледзячы ні на што, бо нараджаюцца дзеці, якія сваім залівістым смехам умацоўваюць веру ў тое, што жыццё пражыта не дарэмна. Як у гэтых абедзвюх працавітых, душэўных, спагадлівых жанчын. Іх жыццёвая формула — стаўся добрасумленна да працы, з увагай да людзей, калі сама хочаш заслужыць павагу.
Таццяна БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.