Шчасце — у дзецях

matizgil

У гэтыя кастьрычніцкія дні адзначыла свой 60-гадовы юбілей Лілія Новікава з а/г Жылічы. Віншаванняў было шмат, але самымі дарагімі для яе сталі шчырыя словы яе абодвух сыноў. Нягледзячы на тое, што яны даўно ўжо раз’ехаліся з роднага дома, але заўсёды помняць пра яе бясконцую любоў да іх, трывогі і перажыванні. Таму ніколі не прымушаюць сваю любімую матулю доўга сумаваць: часта тэлефануюць ёй, наведваюцца да бацькоў. І тады ў доме чуюцца вясёлыя галасы дзяцей, унукаў, якія наперабой расказваюць сваім родным людзям пра навіны і цікавыя падзеі, якія ў апошні час у іх надарыліся.  

За дзяцей Ліліі Зіновееўне не сорамна: разам з мужам выхавалі дастойных грамадзян Айчыны, яны паспяхова закончылі школу, набылі спецыяльнасць і зараз радуюць сваімі дасягненнямі.
Жанчына лічыць сябе шчаслівай: на рабоце, а працуе яна пасля заканчэння Бабруйскага сельскагаспадарчага тэхнікума ўсё сваё свядомае жыццё ў каледжы — доўгі час была галоўным бухгалтарам, а зараз, пасля выхаду на заслужаны адпачынак, перайшла касірам. За гэты час яна набыла шмат вопыту, якім з задавальненнем дзеліцца з маладымі спецыялістамі. А назапашаных ведаў хопіць для многіх: колькі квартальных, гадавых справаздач давялося здаваць у вышэйстаячыя арганізацыі! І рабіла яна гэта з душой, своечасова і правільна.
Калегі паважаюць Лілію Зіновееўну за прафесіяналізм, адказнасць, дакладнасць. Часам да яе звярталіся бухгалтары іншых сельгасарганізацый за дапамогай, яна ў абавязковым парадку дасць неабходную кансультацыю. А пасля яшчэ патэлефануе, каб даведацца аб выніку. І ніколі не адмовіць, нягледзячы на пастаянную занятасць.
А вечарамі яны часта пераглядаюць сямейны альбом, успамінаюць маладыя гады, калі сыны яшчэ былі малымі. А зараз яны павырасталі, маюць свае сем’і. Жанчыне застаецца толькі падтрымліваць непагасны агеньчык у рабоце і цеплыню дамашняга ачага.
Мамачка, матуля. Так звяртаюцца да жанчыны яе дзеці. І ад гэтых слоў на душы Ліліі Зіновееўны становіцца ясна і цёпла ў самы люты мароз і ў складанай жыццёвай сітуацыі. Маці патрэбна кожнаму чалавеку: і ў пяць, і ў дзесяць, і ў дваццаць, і ў сорак гадоў. Толькі яна заўсёды зможа выслухаць, зразумець, падтрымаць, дапамагчы. І ніколі не патрабуе нічога ўзамен.
Кацярына ЯКУШ,
выкладчык
Жыліцкага
сельгаскаледжа.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.