У цэнтры ўвагі — “каралева палёў”

verbenkp

Згодна інфармацыі райсельгасхарчу, тры сельгаспрадпрыемствы раёна: СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, СВК “Бераснёўскі”, СГФ “Чыгірынка” РУП “Беларусьнафтра-Магілёўаблнафтапрадукт” перавысілі паказчык адпаведнага перыяду мінулага года па нарыхтоўцы кармоў для грамадскага статка.

У гэтыя дні на палетках СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага поўным ходам вядзецца ўборка кукурузы, пад якую сёлета было адведзена 3064 га. Па стане на 6 кастрычніка тут ужо ўбрана на сілас і зялёны корм 1587 га, што складае 66%. З іх нарыхтавана 55056 т спажыўных кармоў. З кожнага гектара ў сярэднім атрымана па 347 ц зялёнай масы.
На прадстаячую зімоўку для буйной рагатай жывёлы працаўнікі сельгаспрадпрыемства ўжо назапасілі 15284 т к.адз. На ўмоўную галаву жывёлы прыходзіцца ў сярэднім па 24,4 ц.
Старанна працуе на нарыхтоўцы кармоў на кормаўборачным камбайне BIGX-700 вопытны трактарыст-машыніст Міхаіл Вербенка: сёлета споўнілася 25 гадоў з таго часу, як мясцовы хлопец пасля службы ў арміі прыйшоў на працу ў родную гаспадарку. Дзякуючы высокім штодзённым паказчыкам на ўборцы кукурузы на сілас ён знаходзіцца ў ліку лідараў працоўнага спаборніцтва сярод механізатараў вобласці.
Дарэчы, у мінулым годзе Міхаіл Васільевіч стаў пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва ў намінацыі за дасягненне высокіх паказчыкаў на нарыхтоўцы травяных кармоў. Нашаму земляку быў уручаны Ганаровы дыплом і легкавы аўтамабіль!
Трэба адзначыць, што Міхаіл Васільевіч дабіваецца высокіх вынікаў у працы на любым участку, які яму давяраюць. Ён — сумленны, адказны, ініцыятыўны работнік, душой хварэе за агульную справу. У мінулыя гады, калі ён шчыраваў на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур, меў на сваім рахунку значныя дасягненні, якія дазволілі яму быць сярод пераможцаў на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі “Дажынкі”: у 2005 годзе — 2-е месца, у 2006-м — 3-е.
Як адзначыў намеснік старшыні СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага Аляксандр Жылінскі, работу Вербенкі не трэба кантраляваць, ён да дробязей ведае нюансы кожнай сельскагаспадарчай кампаніі. На такіх, як ён, трымаецца сельгаспрадпрыемства.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.
На здымку: механізатары Міхаіл Вербенка і Аляксандр Кавалеўскі, занятыя адпаведна на ўборцы кукурузы і адвозцы зялёнай масы.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.