Па закліку душы, з адкрытым сэрцам і святочным настроем!

zgilvel

 

poleokt

 

gorgen

Па склаўшайся добрай традыцыі, да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Беларусі адкрываюцца новыя і рэканструяваныя сацыяльныя аб’екты. У нашым раёне дзень 7 лістапада быў азнаменаваны ўрачыстым адкрыццём пасля завяршэння капітальнага рамонту аб’екта «ДСУ «Кіраўская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа». А першым масавым мерапрыемствам на абноўленым стадыёне стала традыцыйная раённая акцыя “За здароўем — на веласіпедзе!”, прысвечаная святу і закрыццю веласіпеднага сезону. 

Тут выстраіліся прадстаўнікі працоўных калектываў, навучальных устаноў, ветэраны са сваімі двухколавымі сябрамі — веласіпедамі, упрыгожанымі сувенірнымі флажкамі Рэспублікі Беларусь, паветранымі шарамі.
На свята да кіраўчан завітаў старшыня Горацкага райвыканкама Уладзімір Піскіжаў: кіраўчане ведаюць, што Уладзімір Уладзіміравіч, будучы на чале Кіраўскай раённай вертыкалі ўлады, быў ініцыятарам правядзення такой фізкультурна-аздараўленчай акцыі, зыходзячы з таго, што веласіпед — вельмі папулярны ў нас від транспарту, а на рахунку былых выхаванцаў аддзялення веласпорту ДЮСШ — шмат дасягненняў нават сусветнага ўзроўню.
Прысутных вітала старшыня раённага Савета дэпутатаў Надзея Каранкевіч. Яна павіншавала ўсіх з Днём Кастрычніцкай рэвалюцыі і адзначыла, што наша краіна — адна з нямногіх, якія аддаюць даніну павагі гэтай гістарычнай даце. Прамоўца падкрэсліла значнасць падзей восені 1917 года, якія карэнным чынам паўплывалі на ход далейшай гісторыі.
Старшыня райсавета дэпутатаў выказала глыбокую ўдзячнасць ветэранам вайны і працы і ўсім, хто ўносіць свой уклад ва ўмацаванне эканомікі раёна і паляпшэнне дабрабыту яго жыхароў.
Далей Надзея Каранкевіч адзначыла, што для правядзення фізкультурна-аздараўленчай акцыі “За здароўем — на веласіпедзе!” ёсць некалькі аргументаў: гэта здаровы лад жыцця, карысны адпачынак, станоўчыя эмоцыі, якія будуць спрыяць дасягненню поспехаў ва ўсіх значных справах. Адметна, падкрэсліла яна, што гэтая святочная акцыя стартуе і фінішуе на абноўленым стадыёне: адрамантаваны фасад адміністрацыйнага будынка, заменены ваконныя запаўненні, новае асфальтавае пакрыццё набыла бегавая дарожка стадыёна. На гэтыя мэты сёлета быў выкарыстаны 1 млрд. 66 млн. рублёў. Тут нямала яшчэ трэба зрабіць, але першая прыступка пераадолена. У дзяцей і моладзі, дарослага насельніцтва з’явілася яшчэ больш магчымасцей для заняткаў фізкультурай і спортам.

Як адзначыў, звяртаючыся да прысутных Уладзімір Піскіжаў, вельмі радуе, што ў дзень свята, якое для многіх пакаленняў стала сімвалам новага, сімвалам здзяйсненняў, у Кіраўску наладзілі такую форму правядзення масавага мерапрыемства, якой няма ні ў адным рэгіёне Магілёўскай вобласці. Адчуваецца імкненне кіраўчан быць разам і ў працы, і на адпачынку. Людзі па закліку душы, з адкрытым сэрцам і добрым настроем прыходзяць на велапрабегі ў межах акцыі. У адным страі з ветэранамі — школьнікі, моладзь, нават дашкаляты. Гэта значыць, будзе працяг гэтай традыцыі, і яна захаваецца на гады.
Уладзімір Піскіжаў выказаў таксама задавальненне тым, што праве-дзены капітальны рамонт у ДСУ «ДЮСШ», набыў новае аблічча стадыён. Кожная капейка, якая ўкладзена ў гэтую справу, падкрэсліў ён, зароблена добрасумленнай працай кіраўчан. Людзі гэта разумеюць, таму ўсё зробленае цэняць, зберагаюць.
Ветэран спорту, суддзя вышэйшай нацыянальнай катэгорыі Уладзімір Бяляўскі адзначыў у сваёй прамове, што аб акцыі “За здароўем — на веласіпедзе!” ведаюць ужо ў многіх рэгіёнах краіны. З велапрабегу, праводзімага ў Брэсце, ён прывёз навацыю і прапанаваў яе для ажыццяўлення ў Кіраўску: велазаезд “Жаночы абцасік”, калі прадстаўніцы цудоўнага полу ў туфлях на абцасах, прыгожых сукенках на веласіпедах спаборнічаюць за першынство на пэўнай дыстанцыі.
Прагучала пажаданне “Добрага шляху!”, і ўдзельнікі акцыі дружна накіраваліся па вызначаным маршруце па вуліцах Кіраўска. На гэты раз дыстанцыя складала 5,5 км. Па ходу руху гараджане і госці горада падтрымлівалі веласіпедыстаў шчырымі апладысментамі.
А на фінішы на стадыёне ўсіх чакаў духмяны чай з прысмакамі.
На Кіраўшчыне ў гонар 97-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі быў наладжаны шэраг іншых культурна-масавых мерапрыемстваў.
Наталля ХАДАКОВА,
Максім МІКЕШЫН.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.