“Гонар маю!”

safronov

Пад такой назвай у СШ №1 праходзіў тыдзень патрыятызму, прысвечаны Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. У яго межах былі арганізаваны тэматычныя класныя гадзіны і гадзіны інфармавання, адбылася сустрэча з воінамі-інтэрнацыяналістамі “Афганістан баліць у маёй душы”. Прайшлі спаборніцтвы па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі сярод падлеткаў, прысвечаныя ўвекавечанні памяці воіна-інтэрнацыяналіста А.І.Лагуценкі.
Для вучняў школы воіны-інтэрнацыяналісты Юрый Сафронаў і Уладзімір Перадня правялі прэзентацыю кнігі “Чужая вайна”, дзе распавядаецца пра нашых землякоў, якія прайшлі нялёгкімі дарогамі вайны ў Афганістане.
Рабяты і настаўнікі падрыхтавалі літаратурна-музычны дзённік “Чужая вайна. Афганістан” і аформілі тэматычную насценгазету “Жывая памяць”.
Ля памятнага знака воінам-інтэрнацыяналістам вучні школы разам са сваімі педагогамі правялі акцыю “Свечка памяці”. Рабяты ўспомнілі тых, каму не наканавана было вярнуцца з той вайны. Зачыталі лісты, якія пісалі сваім матулям загінуўшыя ў Афганістане нашы землякі Пётр Петрусевіч, Віктар Шумілаў і Аляксандр Ядлоўскі. Іх светлая памяць была ўшанавана мінутай маўчання.
Галоўная мэта праведзеных мерапрыемстваў — расказаць рабятам праўду аб вайне, якая забрала жыцці тысяч юнакоў, і пра тое, наколькі важна захоўваць мір і спакой у нашай краіне.
Людміла ДРЭМЕЗАВА,
класны кіраўнік 5 «Б» класа.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.