“Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”

vystovka

Важнасць краязнаўчай работы нельга пераацаніць, таму што ў ёй — вытокі выхавання патрыятызму, любові да Радзімы.
Першы арыенцір, які трапляецца на шляху спазнання Сусвету чалавекам – гэта яго малая радзіма. Што за людзі жылі на гэтай зямлі? Чым яны займаліся? Што пакінулі ў спадчыну? Яму важна асабіста далучыцца да спадчыннага скарбу, таму што гэта скарб яго продкаў. Затым у яго абуджаецца жаданне памножыць і захаваць гэты скарб для наступных пакаленняў.

Вобразныя ўяўленні чалавека аб гісторыі свайго краю дазваляюць зразумець, як яна звязана з гісторыяй краіны, як знітаваны падзеі яго малой радзімы з падзеямі, якія адбываліся ў Беларусі. Арганічнае спалучэнне гісторыі, культуры і традыцый сям’і, малой радзімы, краіны стварае духоўнае адзінства.
Акцыя “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” — гэта комплексная і сістэмная форма краязнаўчай работы з моладдзю, якая дзейнічае з 2006 года і заклікана забяспечыць бесперапынны працэс у вывучэнні сваёй сям’і, роду, свайго мястэчка, роднага города, краю, краіны і свету. Мэтавызначальна акцыя садзейнічае раскрыццю не толькі важнейшых вех гісторыі, матэрыяльнай і духоўнай культуры краю, але і фарміраванню ў вучняў духоўных прынцыпаў, актыўнай жыццёвай пазіцыі, унутранай патрэбы да самаадукацыі.
Самым першым і галоўным выхавальнікам у жыцці чалавека з’яўляецца сям’я. Менавіта ў ёй усё багацце жыццёвага вопыту, ведаў, звычак і ўменняў перадаецца з пакалення ў пакаленне, ад бацькоў дзецям з дапамогай жывога прыкладу старэйшых. Таму напрамак дзейнасці “Мой род, мая сям’я” з’яўляецца важнейшым у межах акцыі. Хлопчыкі і дзяўчынкі даследуюць ўласныя радаводы, духоўную спадчыну продкаў і сямейныя традыцыі ў непарыўнай сувязі гісторыі сям’і з гісторыяй свайго народу.
Падмурак патрыятычных пачуццяў закладваецца ў маленстве, а актыўнае фарміраванне адбываецца ў школьны перыяд. Школа — гэта той асноўны прыступак чалавечага жыцця, дзе з дзіцяці, якое пераступіла парог першага класа, вырастае асоба з усталяванымі жыццёвымі арыенцірамі.
Працуючы ў напрамку “Мая школа – часцінка майго жыцця”, юныя краязнаўцы ствараюць летапісы ўстаноў адукацыі, апісваюць найбольш адметныя старонкі іх гісторыі, збіраюць матэрыялы аб творчай дзейнасці і працоўным шляху славутых настаўнікаў і выпускнікоў, захоўваюць і папулярызуюць традыцыі ўстаноў адукацыі.
Важны прыступак фарміравання патрыятызму праходзіць праз выхаванне любові да “асабістай Беларусі”, “малой радзімы” – вёскі, горада і ваколіц, да мясцовых традыцый, да гісторыі, культуры, прыроды. Таму і з’явіўся наступны напрамак дзейнасці “Мая вёска, мой горад”. Вучні пад кіраўніцтвам педагогаў выяўляюць адметнасці свайго рэгіёна — гістарычныя, культурныя, прыродныя і эканамічныя каштоўнасці малой радзімы, праводзяць іх усебаковае і цэласнае даследаванне, а таксама выяўляюць малавядомыя падзеі і факты рэгіянальнай гісторыі і культуры. Не менш важнай з’яўляецца далучэнне рабят да работы па добраўпарадкаванні і захаванні гісторыка-культурных, прыродных і сацыяльных аб’ектаў сваёй мясцовасці.
Краіна, грамадства, народ, Айчына, яе гісторыя, культура, яе традыцыі – усё аб’яднана накірункам “Мая Радзіма — Беларусь”.
Праводзяцца паходы, экскурсіі, вандроўкі па родным краі са складаннем краязнаўчых маршрутаў, турысцка-края-знаўчых даведнікаў, банка дадзеных, даследуюцца народныя традыцыі прыродакарыстання і сакрэты земляробства, выяўляюцца зніклыя вёскі, гарады і іншыя паселішчы, духоўна-культавыя мясціны краю, жыццёвы і творчы шлях славутых людзей краю і г.д.
Жыццё ідзе… Пройдуць гады, дзесяцігоддзі, а радкі летапісу не будуць старэць, будуць жыць, абуджаць успаміны і натхняць ужо другіх хлопчыкаў і дзяўчынак на тое, каб дапісаць нешта важнае, значнае, вечнае. І так бясконца…
Тамара ГАРБАЧОВА,
метадыст
Цэнтра дадатковай
адукацыі дзяцей
і моладзі.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.