Быць у гушчыні падзей

gazeta ñïåö - 7.p65

У раённым спаборніцтве сярод органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання лепшым старастам прызнана Ніна Гушчына з а/г Барсукі.

Размаўляючы з гэтай жанчынай, міжволі залюбуешся ёю: у яе душы жыве прыгажосць, здольнасць аддаваць сябе людзям. У мінулым годзе на агульным сходзе жыхары а/г Барсукі даверылі каардынацыю жыцця ў населеным пункце сапраўднай гаспадыні свайго слова і справы — Ніне Іванаўне. Выбар сяльчан быў абгрунтаваным: жанчына заўсёды вылучаецца актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Яна імкнецца выслухаць аднавяскоўцаў, без якіх не ўяўляе свайго жыцця, дапамагае вырашаць іх праблемы, а таксама падтрымлівае ў цяжкую хвіліну.

І так на працягу доўгіх гадоў, калі пасля заканчэння Клімавіцкага ветэрынарна-заатэхнічнага тэхнікума ў 1969 годзе прыехала на практыку ў тагачасны калгас імя Куйбышава. Тут, на Лешчанскай малочна-таварнай ферме маладую дзяўчыну запрыкмеціў вадзіцель Пётр, які стаў ёй спадарожнікам на ўсё жыццё. Гушчыны выгадавалі траіх дзяцей, іх радуюць чацвёра ўнукаў.
Так, у сямейных клопатах, пошуках і рэалізацыі навінак у прафесійнай справе непрыкметна праляцелі тры дзесяцігоддзі. У гэты час без адрыву ад вытворчасці закончыла Беларускую сельгасакадэмію. Штодзённая, скрупулёзная праца, у якой Ніну Іванаўну вызначалі мэтанакіраванасць, прынцыповасць, бескампраміснасць, а ў жыцці — чалавечнасць, беражлівае, паважлівае стаўленне да людзей, пасадзейнічалі змене пасады: яе назначылі намеснікам начальніка райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі.
Ніна Іванаўна не любіць пахвальбы, і тое, што яе добрасумленная праца адзначана ордэнамі Знак Пашаны, Працоўнага Чырвонага Сцягу, ведаюць не многія.
Не можа жанчына без справы і на заслужаным адпачынку. Зараз Гушчына ўзначальвае Барсукоўскі сельскі Дом культуры. Былы важак мясцовай моладзі, а затым і камуністаў гаспадаркі Ніна Іванаўна заўсёды ставіцца да справы адмыслова, без штампаў і трафарэтаў.
Падчас нашай сустрэчы жанчына нібы перагарнула адну за адной старонкі свайго жыцця: нарадзілася ў вялікай сям’і, дзе акрамя яе выхоўвалася шасцёра дзяцей. Прыкладам ва ўсім для іх былі бацькі: старанныя, адказныя, сумленныя. Такімі ж выраслі і іх дзеці.
“Самае галоўнае для мяне — жыць з людзьмі і для людзей”,— адзначае ў размове Н.І.Гушчына.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.