Дзеля камфортнага і бяспечнага руху
У галіне будаўніцтва першае месца ў раённым спаборніцтве заняў калектыў філіяла КУП “Магілёўаблдарбуд” ДРБУ №197, які ўзначальвае Віталь Токараў. Нядаўна арганізацыя адзначыла 50-годдзе з дня заснавання. На яе рахунку — шмат працоўных перамог, высокіх дасягненняў.
Асноўны від дзейнасці ДРБУ — утрыманне ў належным стане сеткі аўтамабільных дарог, размешчаных на тэрыторыі раёна, правядзенне капітальных і бягучых рамонтаў дарожнага пакрыцця.
На балансе знаходзіцца 461,1 км аўтадарог агульнага карыстання, 55,6% з іх — асфальтабетонныя (самы высокі паказчык сярод раёнаў вобласці), а таксама 21 мост, 553 трубы.
Мінулы год быў вельмі адметным для дарожнікаў: агульны аб’ём выкананых работ склаў 27297, 5 млн. рублёў, што скла-ла 157,3% да ўзроўню адпаведнага перыяду 2013 года. На ўтрыманне мясцовых дарог асвоена 5417,2 млн. рублёў або 111,3%.
Пераважны аб’ём работ выканалі работнікі ДРБУ-197 у ходзе падрыхтоўкі да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2014”. Актыўна працавала дарожная служба ў Быхаўскім раёне на будаўніцтве лесагаспадарчай дарогі “Гарадзец — Галееўка”.
Праводзіўся таксама бягучы рамонт вуліц г.Кіраўска і населеных пунктаў раёна, уладкаванне інжынерных сетак, работы па рэканструкцыі малочна-таварных ферм, рамонт і добраўпарадкаванне тэрыторый прадпрыемстваў і арганізацый. Тэмп росту аб’ёму работ па прамых дагаворах да аналагічнага ўзроўню папярэдняга году склаў 192,8%.
У цэлым прадпрыемства забяспечана абсталяваннем і тэхнікай для выканання пастаўленых перад ім задач. У мінулым годзе былі набыты ўстаноўка для рамонту асфальтабетону “Тайфун”, аўтамабілі, вібрапліта VS-134, кустарэз, дыскавая навясная касілка.
На прадпрыемстве працуюць 70 чалавек. Значная частка работнікаў — касцяк калектыву — у дарожнай службе ўжо не адзін дзесятак гадоў. Але прыходзяць і маладыя супрацоўнікі, якія хутка ўліваюцца ў калектыў, з задавальненнем вучацца тонкасцям прафесіі ў больш вопытных калег.
Безумоўна, поспехі калектыву залежаць ад кожнага спецыяліста, работніка. З адказнасцю ставяцца да выканання даручанай справы старшы майстар Рыгор Фралоў, вадзіцелі пагрузчыкаў Сяргей Пятроў і Сяргей Алёшкін, вадзіцель Ігар Комар, кладаўшчыца Ірына Жукоўская, дарожны рабочы Аляксандр Ставер і іншыя.