“Мы — грамадзяне Беларусі!”

nevskiy

Адзінаццаты год запар у нашай краіне праводзіцца Усебеларуская патрыятычная акцыя “Мы — грамадзяне Беларусі!”, прымеркаваная да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Яе мэта — выхаванне патрыятызму, нацыянальнай свядомасці і грамадзянскасці маладога пакалення. Падчас такой акцыі традыцыйна праводзіцца адна з галоўных падзей у жыцці маладых людзей — уручэнне ім пашпартоў грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. 

14 сакавіка ў Магілёўскім абласным музеі імя П.В.Масленікава ў межах Усебеларускай акцыі “Мы — грамадзяне Беларусі!” адбылося ўрачыстае ўручэнне пашпартоў прадстаўнікам таленавітай моладзі рэгіёна. Удзел у прайшоўшым мерапрыемстве прынялі старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў, прадстаўнікі органаў мясцовай ўлады, ветэранскіх арганізацый, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.
Галоўны ў жыцці дакумент з рук старшыні аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага атрымалі 20 юнакоў і дзяўчат. Сярод іх, прадстаўнік Кіраўшчыны, вучань 8 класа гімназіі горада Дзмітрый Кірычэнка. Юнак з’яўляецца пастаянным удзельнікам гімназічных і раённых алімпіяд, пераможцам раённага этапа алімпіяд па матэматыцы, геаграфіі, асновах бяспекі жыццядзейнасці. Дзмітрый захапляецца спортам, з’яўляецца прызёрам спартыўных спаборніцтваў па тэнісе, шахматах і шашках, лыжных гонках, прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці сваёй навучальнай установы.
Па словах Дзмітрыя Кірычэнкі, гэты дзень для яго на ўсё жыццё стане самым незабыўным. “Быць у ліку запрошаных на ўрачыстае мерапрыемства для ўручэння старшынёй аблвыканкама У.В.Даманеўскім такога важнага дакумента, як пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, — вялікі гонар. Такая ацэнка маіх вучэбных і спартыўных дасягненняў абавязвае ў далейшым імкнуцца да больш высокіх арыенціраў”.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.