Жыццё, прысвечанае людзям

dvorkin

Толькі пасля службы ў радах Савецкай Арміі здзейснілася мара Алега Дворкіна стаць урачом — ён паступіў у Гродзенскі медінстытут. Кожнае лета разам з іншымі студэнтамі будучы медык працаваў у будатрадах: яго заўсёды вылучалі энергічнасць, дружалюбнасць, вясёлы характар. Дзякуючы арганізатарскім здольнасцям Дворкіна заўсёды акружалі людзі. Гэтыя рысы характару і зараз уласцівыя Алегу Рыгоравічу, якога, з упэўненасцю можна сказаць, ведаюць усе жыхары нашага раёна. І сёння, калі ён адзначае свой юбілей, кожны, па магчымасці, павіншуе яго і пажадае здароўя. Бо менавіта на варце здароўя іншых людзей, не шкадуючы свайго, гэты чалавек стаіць усё сваё свядомае жыццё.
Да Дворкіна пацыенты заўсёды ставяцца па-асабліваму: яны яго паважаюць і цэняць. І ў першую чаргу, за адказнасць: ён ні на хвіліну не забываецца, што адно недакладна назначанае лячэнне можа дорага каштаваць. Таму Алег Рыгоравіч не толькі глыбока вывучае медыцыну, укараняе ў практыку новае і перадавое, ён заўсёды асэнсоўвае свой абавязак перад людзьмі. І яны давяраюць прафесіяналу сваё здароўе.
А.Р.Дворкін — добры, стрыманы, міласэрны, ён упэўнены, што займаецца любімай справай, якая аблягчае пакуты хворых. А, згадзіцеся, пацыенты бываюць розныя: і да кожнага доктар знаходзіць падыход, умее ўважліва выслухаць, даць слушную параду, а самае галоўнае — назначыць неабходнае лячэнне. Для гэтага ў яго маецца багаты багаж ведаў і навыкаў, якімі ён ахвотна дзеліцца з маладымі спецыялістамі.
Алег Рыгоравіч заўсёды дакладна плануе, кантралюе і аналізуе сваё кола абавязкаў. І нягледзячы на займаемыя пасады ў розныя гады дзейнасці (ён узначальваў калектыў райпаліклінікі, быў намеснікам галоўнага ўрача па сетцы, зараз выконвае абавязкі намесніка галоўнага ўрача па паліклінічнай рабоце) заўсёды своечасова і добрасумленна выконвае даручэнні.
Акрамя таго, Дворкін — нязменны старшыня прафсаюзнага камітэта. Нягледзячы на патрабавальнасць, строгасць, прынцыповасць, ён заўсёды прыме пра-вільнае рашэнне, прыдзе на выручку іншаму, са спагадлівасцю і павагай ставіцца да людзей.
Жыццёвыя поспехі, працоўныя дасягненні юбіляра былі б немагчымымі без надзейнага тылу. Самым шчырым сябрам і дарадцам заўсёды была і застаецца яго спадарожніца жыцця Ларыса Дзмітрыеўна, разам з якой выгадавалі дваіх дзяцей: сына і дачку. Дзядулю з бабуляй радуюць двое ўнукаў.
За тыя гады, якія Алег Рыгоравіч прысвяціў нашаму раёну, ён па-ранейшаму нястомны рамантык, аптыміст, надзейны сябра, добры сусед і,наогул, выдатны чалавек. Без яго ўдзелу не абыходзіцца ніводны канцэрт медыцынскіх работнікаў: ён — цудоўны спявак і пастаянны вядучы. Няхай і надалей у яго ладзяцца справы, не згасае энтузіязм, а каля дома заўсёды цвітуць кветкі!
Валянціна ПАЛЯШЧУК,
старшыня ветэранскай арганізацыі
медработнікаў.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.