“Дзяцінства, абпаленае вайной”

Пад такой назвай у Дабаснянскай сельскай бібліятэцы адбылася сустрэча з былымі вязнямі фашысцкага канцлагера “Азарычы” сёстрамі Соф’яй Максімаўнай Суконка і Тамарай Максімаўнай Апенька. У фае бібліятэкі была аформлена выстава рэпрадукцый Міхаіла Савіцкага “Лічбы на сэрцы”.
З затоеным дыханнем слухалі вучні мясцовай школы ўспаміны жанчын аб жудасных умовах, якія давялося ім перажыць у канцлагеры. У “Азарычы” дзяўчынкі трапілі разам са сваёй маці і 2-гадовай сястрычкай.
Са слязамі на вачах былыя вязні ўспаміналі час, праведзены за калючым дротам. На тэрыторыі канцлагера людзі знаходзіліся пад адкрытым небам. Жанчыны, у якіх былі маленькія дзеці, на ноч збіраліся ў невялікія групы, па магчымасці ўхутваючы малых ад холаду. Вельмі хацелася есці і піць. Не вытрымаўшы такіх нечалавечых умоў, памерла маленькая сястрычка Соф’і і Тамары.
Для людзей, якія знаходзіліся ў канцлагеры, кожны дзень мог стаць апошнім у жыцці. Варта было толькі каму-небудзь наблізіцца да калючага дроту, фашысты стралялі без папярэджвання. Уздоўж ахоўнай агароджы ляжала шмат забітых і параненых. Соф’і і Тамары разам з матуляй пашчасціла вярнуцца дадому жывымі.
Усё сваё жыццё жанчыны прысвяцілі працы ў жывёлагадоўчай галіне. Заўсёды былі ў перадавіках, даглядалі сваіх рагуль старанна і плённа. Нягледзячы на сталы ўзрост жанчыны і зараз не сядзяць без справы: завіхаюцца па хатняй гаспадарцы, вельмі любяць вырошчваць кветкі, а яшчэ — з’яўляюцца актыўнымі ўдзельніцамі мастацкай самадзейнасці.
Галіна КАЛІКІНА, Валянціна ШАМЕДЗЬКА,
бібліятэкары Дабаснянскай
і Дабрыцкай сельскіх бібліятэк.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.