Поспех у таго, хто да гэтага імкнецца

saparatom

Значны ўклад у развіццё эканомікі раёна ўносяць працаўнікі жывёлагадоўчай галіны. За мінулы год вытворчасць малака склала амаль 50 тыс. т пры сярэднім надоі малака на карову 5787 кг, што дазволіла нашаму раёну ўвайсці ў лік 11 лепшых рэгіёнаў рэспублікі. Па надоях малака Кіраўшчына — першая ў вобласці.
Сёлета пастаўлена мэта выйсці на вытворчасць малака 1500 ц на 100 га сельгасугоддзяў пры маючымся высокім узроўні вытворчасці. Згодна аператыўнай інфармацыі аблсельгасхарчу, у бягучым годзе наш раён пастаянна займае першы радок. Па стане на 28 красавіка гэтага года ад кожнай каровы надоена ў сярэднім 16,6 кг (11,6 кг — у сярэднім па вобласці), валавая вытворчасць малака складае 150,1 т, або109% да адпаведнага ўзроўню мінулага года.

Стабільнасць і зладжанасць у рабоце вызначаюць жывёлаводаў ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне”. На працягу некалькіх гадоў сельгаспрадпрыемства ў ліку лідараў па вытворчасці малака. Асноўнае правіла, якога прытрымліваюцца на кожнай ферме райаграпрамтэхзабеспячэння, — захаванне тэхналагічных патрабаванняў.
Калі параўнаць атрыманыя за першы квартал паказчыкі з тымі, якія сельгаспрадпрыемства мела год назад, а яны былі даволі высокімі, то большасці ферм удалося не толькі ўтрымаць, а і значна пераўзыйсці леташнія дасягненні.
Вытворчасць малака ў райаграпрамтэхзабеспячэнні да адпаведнага ўзроўню мінулага года склала 120,6%. Сярод немалаважных аспектаў, дазволіўшых дасягнуць такіх вынікаў, — збалансаваны рацыён кармлення жывёлы, належны догляд і ветэрынарнае абслугоўванне, а таксама якасныя кармы. Свой уклад у дасягненне высокіх паказчыкаў унеслі і механізатары, якія былі задзейнічаны на нарыхтоўцы і закладцы на захоўванне травяных кармоў.
Неблагіх вынікаў па вытворчасці малака ў першым квартале бягучага года дасягнуў калектыў МТФ “Любонічы”. Зараз тут утрымліваецца 156 галоў дойнага статка. За студзень-сакавік бягучага года жывёлаводамі атрымана 329 т малака (+28,1% у параўнанні з адпаведным перыядам 2014 г.), пры планавым заданні — 293 т. Дзякуючы зладжанай рабоце за першы квартал удалося значна палепшыць надоі на карову з 1646 кг у 2014 г. да 2108 кг у 2015 г.
Лідарства па надоях малака трымаюць даяркі Святлана Кед і Валянціна Русанава. Працоўны стаж жанчын на гэтай ферме невялікі: у першай — каля 7 гадоў, у другой — 3, аднак працавітасці і адказнасці за даручаную справу ім не займаць, аб чым яскрава сведчаць іх працоўныя дасягненні. У мінулым годзе ад кожнай са сваіх рагуль Валянціна Русанава атрымала па 7514 кг малака, за тры месяцы бягучага — па 2220 кг, гэта лепшы вынік у сельгаспрад-прыемстве. Больш за 2000 кг складаюць надоі на карову ў групе Святланы Кед, Анастасіі Урупа і Ніны Валовіч.
Якім будзе бягучы год для жывёлаводаў райаграпрамтэхзабеспячэння, сказаць складана. Аднак тое, што тут сфарміраваўся зладжаны калектыў аднадумцаў, якія сваёй адказнай і стараннай працай імкнуцца зрабіць усё магчымае не толькі дзеля паляпшэння ўласнага дабрабыту, але і эканамічнага стану сельгаспрадпрыемства — відавочна. А гэта дае спадзяванне, што намечаныя планы будуць выкананы.
Людміла СЯМЁНАВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.