Вынікі падведзены, перспектывы развіцця вызначаны

rapts1

Завяршыла справаздачную кампанію ў сельгасарганізацыях, праводзімую ў раёне па выніках работы за 2014 год, ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне”.
У выніковым сходзе прыняў удзел старшыня райвыканкама Аляксандр Бутараў і прадстаўнік ААТ “Упраўляючая кампанія холдынга “Аграмашсэрвіс” Алег Яромін. У межах мерапрыемства адбыўся чарговы сход акцыянераў таварыства.

Дырэктар РАПТЗ Мікалай Чаранкоў падвёў вынікі мінулага года, зрабіў аналіз дапушчаных пралікаў, акрэсліў галоўныя задачы на год бягучы.
— Па выніках работы таварыства за 2014 год усе нашы структурныя падраздзяленні, а іх 10, спрацавалі бясстратна, — пачаў сваю прамову кіраўнік таварыства. — Аднак, некаторыя з іх, значна знізілі аб’ёмы вытворчасці. Не выканаў даведзены аб’ём работ калектыў рамонтнай майстэрні: ён склаў толькі 43,8% да ўзроўню 2013 года. Асноўная прычына зніжэння — неаплата прадпрыемствамі выкананых работ і аказаных паслуг.
Нядрэнна спрацавала аўтатранспартнае падраздзяленне. У мінулым годзе ім аказваліся паслугі па дастаўцы прадпрыемствам раёна ГЗМ, мінеральных угнаенняў, па перавозцы збожжа, цукровых буракоў і іншыя. Аб’ём выкананых работ склаў 1,5 млрд. руб. (+27% да ўзроўню 2013 г.).
Значныя аб’ёмы работ выканаў калектыў будаўнічай брыгады, сярод асноўных аб’ектаў — рэканструкцыя МТК “Пацава Слабада”, зернесышульнага комплексу, рамотныя работы ў жывёлагадоўчых памяшканнях.
Па словах Мікалая Чаранкова, асноўная доля ўсіх даходаў прадпрыемства — гэта выручка ад рэалізацыі прадукцыі сельскагаспадарчай галіны. За 2014 г. яна склала 53,2 млрд. руб. альбо 76% ад агульнага аб’ёму і ўзрасла ў параўнанні з пазалеташнім паказчыкам на 36%. Выручка ад рэалізацыі на аднаго працуючага ў сельскай гаспадарцы склала 401 млн. руб.
Выручка ад рэалізацыі раслінаводчай прадукцыі склала 23,8 млрд. руб., атрымана 1212 млн. руб. прыбытку.
Дойны статак падсобнай гаспадаркі складае 900 галоў, было атрымана 5499 т малака, што значна перавышае паказчык 2013 г. Уведзеная ў строй у мінулым годзе першая чарга МТК “Пацава Слабада” дазволіла атрымаць дадаткова 996 т малака. У бягучым годзе плануецца поўны ўвод комплексу ў строй дзеючых.
Словы падзякі ад кіраўніцтва прадпрыемства прагучалі ў адрас аператараў машыннага даення Таццяны Казловай, Жанны Кісель, Святланы Кед, Анастасіі Кісель, жывёлаводаў Алены Вангілеўскай, Зінаіды Таркан, Алены Чарапуха, Наталлі Дрозд і многіх іншых.
У сваім дакладзе старшыня Назіральнага савета акцыянернага таварыства Святаслаў Русецкі адзначыў, што на прад-прыемстве надаецца належная ўвага перааснашчэнню і мадэрнізацыі вытворчасці, набыццю новай тэхнікі, паляпшэнню ўмоў працы і адпачынку работнікаў. Асаблівую ўвагу, па яго словах, неабходна звярнуць на якасць вырабляемай прадукцыі, павышэнне квалі-фікацыі і прафесійнага ўзроўню кадраў, на эканомнае выкарыстанне фінансавых сродкаў і матэрыяльных рэсурсаў РАПТЗ. Усё гэта дазволіць прадпрыемству павысіць эфектыўнасць фінансава-гаспадарчай дзейнасці таварыства і сацыяльную абароненасць яго працаўнікоў.
Кіраўнік раёна Аляксандр Бутараў выказаў удзячнасць калектыву РАПТЗ за добрасумленную і адказную працу, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў у 2014 годзе.
Ён адзначыў, што за апошнія тры гады таварыства планамерна паляпшае свае фінансава-эканамічныя паказчыкі. Тэмп росту валавой прадукцыі да ўзроўню 2013 г. склаў +20,7%, што вышэй сярэднераённага паказчыка. Аднак перад калектывам РАПТЗ стаіць шэраг задач, над вырашэннем якіх неабходна працаваць. Сярод іх: павелічэнне рэнтабельнасці продажу, колькасці БРЖ на 100 га сельгасугоддзяў, а таксама пагалоўя дойнага статка, павелічэнне сярэднямесячнай зар-платы работнікаў, аднак яна павінна быць зароблена.
Нягледзячы на тое, што прадпрыемства значна павялічыла вытворчасць малака, падкрэсліў кіраўнік раёна, неабходна звярнуць увагу на такі паказчык, як яго гатунковасць. У РАПТЗ працэнтныя суадносіны гатунка “экстра” ў агульнай колькасці малака не высокія, што, у сваю чаргу, вядзе да недаатрымання выручкі. Гэтае пытанне неабходна ўзяць пад асаблівы кантроль.
Сельгасугоддзі РАПТЗ маюць нядрэнны бал пашні, таму неабходна прыкласці ўсе намаганні, каб атрымліваць максімальна высокія ўраджаі збожжавых і зернебабовых культур.
Па словах старшыні райвыканкама, у таварыстве маецца тэхніка для вырошчвання і ўборкі цукровых буракоў, таму іх вытворчасць трэба выводзіць на больш высокі ўзровень.
Аляксандр Бутараў звярнуў увагу прысутных на неабходнасць стварэння на базе РАПТЗ спецыялізаванай брыгады па абслугоўванні абсталявання ў даільных залах сельгасарганізацый раёна. Ёсць таксама магчымасць наладзіць на базе райаграпрамтэхзабеспячэння вытворчасць стойлавага абсталявання для ферм. Старшыня райвыканкама даручыў кіраўніцтву таварыства разгледзець гэтыя пытанні ў бліжэйшы час.
Аляксандр Бутараў заклікаў калектыў РАПТЗ правесці вясенне-палявых работы ў аптымальныя тэрміны і пры высокай якасці. А кіраўніцтва прадпрыемства, са свайго боку, павінна забяспечыць работнікаў бяспечнымі ўмовамі працы і дастойнай зарплатай.
Алег Яромін уручыў дырэктару РАПТЗ Мікалаю Чаранкову Ганаровую грамату ААТ “Упраўляючая кампанія холдынга “Аграмашсэрвіс” за шматгадовую добрасумленную работу ў сістэме АПК і дасягненне высокіх паказчыкаў у працы за 2014 год.
Па выніках штогадовага раённага спаборніцтва сярод галін народнай гаспадаркі за 2014 год калектыў РАПТЗ вызначыўся ў 7 намінацыях. На сходзе лепшым прадстаўнікам яго структурных падраздзяленняў былі ўручаны каштоўныя падарункі і грашовыя прэміі.
Шэраг заслужаных работнікаў сельскагаспадарчай галіны таварыства быў адзначаны дыпломамі і прэміямі раённай арганізацыі “Беларускі прафсаюз работнікаў АПК”.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.