Гэты дзень мы набліжалі, як маглі…

kulsha

На абарону Айчыны ў гады вайны ўсталі ўсе: ад мала да вяліка. І зараз, праз сем дзесяцігоддзяў пасля Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі, з болем у сэрцы ўспамінае аб ваенных падзеях ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Іванавіч Кульша з в.Выжары. 

Юнак толькі закончыў 9 класаў, калі фашысты акупіравалі яго родны край. Міхаіл Іванавіч памятае ўсё да дробязей: як па шашы Магілёў — Бабруйск, непадалёку ад якой жыла сям’я Кульшаў, рухаліся варожыя транспартныя сродкі з жывой сілай, зброяй, прадуктамі харчавання, палівам; як над вёскай днём і ноччу праляталі нямецкія самалёты і скідвалі бомбы; як зганялі людзей для адпраўкі ў Германію; як расстрэльвалі тых, хто не падпарадкоўваўся нямецкім загадам; як моладзь збірала па наваколлі зброю; як у голадзе і холадзе не скараліся ворагу, рабілі ўсё, каб нашкодзіць захопнікам. Рана пасталеў Міхаіл: як старэйшы ў сям’і, дапамагаў бацькам гадаваць малодшых братоў.
Не забываецца і на той сакавіцкі дзень 1944-га, калі іх вёску акружылі карнікі і выгналі ўсіх жыхароў з хат. Людзей раздзялілі на дзве групы: жанчын, дзяцей і старых — у адну, мужчын і падлеткаў — у другую. Затым усіх пагрузілі на аўтамашыны і павезлі. Як затым стала вядома — спачатку ў Бабруйск, а затым на цягніку іх даставілі ў Азарыц-кі канц-лагер.
…Баявы шлях Міхаіла Кульшы пачаўся ў гэтым жа годзе, калі, нарэшце, вызвалілі ад фашысцкай навалы родную Беларусь, і яго прызвалі ў Чырвоную Армію. Пасля праходжання па скарочанай праграме школы маладога байца — фронт. З баямі наш зямляк прайшоў праз Польшчу, Германію, затым іх часць перакінулі ў Чэхаславакію. У саставе танкавай дывізіі сяржант Кульша ваяваў па-геройску, аб чым сведчаць баявыя ўзнагароды — медалі “За адвагу”, “За вызваленне Прагі”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”. Неаднойчы глядзеў смерці ў вочы, але, як адзначыў ветэран, напэўна, ён нарадзіўся ў кашулі, таму застаўся жывым.
Радасную вестку аб Перамозе пачуў, калі быў непадалёку ад Прагі. Пунсовым полымем заззяла гэтая вестка ў сэрцах людзей, саграваючы надзеяй на мірнае будучае. Міхаіл Іванавіч да дробязей памятае той дзень: іх узвод рушыў да горада, неўзабаве перад калонай спыніўся грузавік, з яго выйшаў вайсковы чалавек і крыкнуў, што Германія капітулявала.
Дзесьці за кіламетр ад горада іх прыйшлі сустракаць жыхары: усе былі з кветкамі, прапаноўвалі рускім салдатам ежу, абдымалі іх і плакалі…
Пасля капітуляцыі Германіі давялося яшчэ пэўны час знішчаць разрозненыя групоўкі фашыстаў. Удзельнічаў Міхаіл Кульша ў разгроме мілітарысцкай Квантунскай арміі Японіі.
Да 1951 года ён працягваў вайсковую службу. Як адзначыў Міхаіл Іванавіч, армія стала для яго сапраўднай школай жыцця, навучыла цаніць кожнае яго імгненне, а атрыманая баявая загартоўка заўжды дапамагала перажыць усе нягоды.
Пасля вайны М.І.Кульша закончыў Магілёўскі будаўнічы тэхнікум, увесь час, да выхаду на заслужаны адпачынак, займаўся самай мірнай прафесіяй: узводзіў жылыя дамы і вытворчыя памяшканні ў тагачасным саўгасе імя Кірава.
У свае сталыя гады, нягле-дзячы на перажытыя цяжкія выпрабаванні, ён застаецца бадзёрым, не губляе пачуцця гумару.
…Вайна і сёння трывожыць сны ветэрана. І адзінае, чаго жадае Міхаіл Іванавіч, каб яна ніколі больш не паўтарылася. Каб людзі жылі ў міры і спакоі, гадавалі дзетак, будавалі планы, а мары абавязкова здзяйсняліся. Дзеля гэтага ён ваяваў, не шкадуючы жыцця, і радуецца таму, як прыгажэе і квітнее год ад года родная Беларусь.
Таццяна БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.