Высокія дзяржаўныя ўзнагароды
8 мая ў Мінску ў ліку шэрагу заслужаных лю-дзей Беларусі высокую дзяржаўную ўзнагароду — медаль “За працоўныя заслугі” атрымалі нашы землякі — першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Мікалай Пад’ялоўскі і старшыня СВК “Калгас “Ніва” Іван Рыняк.
Дзяржузнагароды па даручэнні Кіраўніка дзяржавы ўручыў 80 прадстаўнікам розных сфер дзейнасці прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў. Яны ўдастоены ўзнагарод за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, дасягненне высокіх паказчыкаў.
“Сімвалічна, што наша ўрачыстая цырымонія праходзіць напярэдадні важнейшага дзяржаўнага свята — 70-годдзя Вялікай Перамогі. Добрасумленная і самаадданая праца на працягу ўсёй гісторыі Беларусі была і заўсёды будзе крыніцай дабрабыту беларускага народа, а значыць — асновай незалежнасці нашай краіны”, — падкрэсліў прэм’ер-міністр.
Ён павіншаваў усіх прысутных у зале з атрыманнем узнагарод, пажадаў далейшых поспехаў і новых працоўных дасягненняў.