Яны змагаліся, каб зоры былі ціхімі…

zori

Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, былыя вязні фашысцкіх канцлагераў сталі першымі ў раёне гледачамі новай кінастужкі “А зоры тут ціхія” ў фармаце 3D, прайшоўшай напярэдадні Дня Перамогі на вялікім экране ў Цэнтры вольнага часу і прымеркаванай да 70-годдзя слаўнай даты. Каму, як не ім, людзям, зведаўшым жахі вайны, змагаўшымся з ворагам на франтах, стаць галоўнымі рэцэнзентамі кінакарціны. Паглядзець фільм у гэты дзень прыйшло і маладое пакаленне кіраўчан.

Пасля прагляду фільма ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і былыя вязні фашысцкіх канцлагераў былі за-прошаны на канцэртную праграму, падрыхтаваную для іх работнікамі РЦСАН і наведвальнікамі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў. За кубкам чаю з салодкасцямі ганаровыя госці падзяліліся з прысутнымі сваімі ўражаннямі аб фільме “А зоры тут ціхія”, а таксама ўспомнілі моманты свайго ваеннага жыцця.
Юнаком трапіў на фронт Рыгор Іванавіч Куцілкін. Змагаўся з ворагам на Карэйскім перашыйку, вызваляў гарады і вёскі на тэрыторыі Польшчы. Па словах Рыгора Іванавіча, фільм яго вельмі ўразіў: некаторыя эпізоды давалі адчуванне прысутнасці на полі бою. Ветэран адзначыў, што тэма жанчын на вайне для яго вельмі блізкая: побач з месцам дыслакацыі войскаў размяшчалася часць дзяўчат-зенітчыц. Падчас авіяналётаў варожых самалётаў менавіта зенітчыцы ўступалі з імі ў бой, шмат было на іх рахунку падбітых паветраных машын, але, на жаль, значныя страты былі і сярод дзяўчат-салдат.
Вельмі патрыятычным і праўдзівым назваў фільм “А зоры тут ціхія” ветэран вайны Васіль Антонавіч Буслаў. Па яго словах, савецкія салдаты праявілі вялікую любоў і адданасць сваёй Радзіме, не задумваючыся, ішлі на смерць дзеля яе свабоды. На думку ветэрана, такіх фільмаў павінна быць як мага больш, каб маладое пакаленне не забывалася аб трагедыі свайго народа, свята шанавала подзвіг савецкага салдата.
Хлопчыкамі-падлеткамі зведалі горыч і жахі вайны былыя вязні фашысцкіх канцлагераў Рыгор Захаравіч Каган і Пётр Уладзіміравіч Шчэрбіч. Яны марылі аб бесклапотным і вясёлым дзяцінстве, а замест гэтага вайна прынесла голад, холад, страты блізкіх людзей і штодзённы страх за сваё жыццё.
Па ўспамінах П.У.Шчэрбіча, нялёгкім было і пасляваеннае жыццё: замест дыхтоўнага дома іх сям’я вярнулася на папялішча, жылі ў лазні-зямлянцы. У 1948 годзе, калі бацька вярнуўся з вайны, пабудавалі новы дом.
Страшную трагедыю давялося перажыць у гады Вялікай Айчыннай вайны Рыгору Захаравічу Кагану: фашысты знішчылі яго родных, з сям’і ў жывых застаўся ён адзін. Карнікі доўгі час спрабавалі злавіць юнака, аднак дзяку-ючы дапамозе неабыякавых людзей, яму ўдалося пазбегнуць смерці.
Па словах Р.З.Кагана, фільм, “А зоры тут ціхія” вельмі яскрава паказаў мужнасць і гераізм простых савецкіх дзяўчат, якія ўзялі ў рукі зброю, каб абараніць сваю зямлю ад ненавіснага ворага. Гераіні фільма ўвасобілі ў сваіх ролях сотні трагічных лёсаў жанчын вайны, якія цаной уласнага жыцця набліжалі Вялікую Перамогу.
Жыццё ў блакадным Ленінградзе выпала на долю Галіны Міхайлаўны Бураковай. Тое, што давялося перажыць жыхарам асаднага горада, складана ўявіць: голад, холад, тысячы загінуўшых.
Аднак, нягледзячы на такія нечалавечыя ўмовы, ленін-градцы актыўна ўдзельнічалі ў абароне горада: выраблялі боепрыпасы, рамантавалі ваенную тэхніку. Яны, як і ўвесь савецкі народ, марылі аб Перамозе і набліжалі яе, як маглі.
Сустрэча атрымалася цёплай і душэўнай: ганаровыя госці разам з удзельнікамі мерапрыемства спявалі вядомыя ўсім франтавыя песні, а таксама напявалі мелодыі сваёй маладосці. Спонсарскую дапамогу ў арганізацыі сустрэчы аказалі індывідуальныя прадпрымальнікі цэнтральнага рынка горада.
Сваімі ўражаннямі аб кінакарціне падзялілася і моладзь. Многія адзначылі, што адчулі вялікі гонар за подзвіг і мужнасць савецкага народа, праяўленыя ў барацьбе з фашызмам. Маладыя людзі прызналіся, што многія сцэны фільма немагчыма глядзець без слёз. Па словах рабят, гэтая кінакарціна дала ім магчымасць яшчэ больш яскрава ўсвядоміць ісціну, што сотні тысяч людзей у гады вайны змагаліся з ворагам і гінулі за тое, каб яны сёння жылі пад мірным небам, і забываць аб гэтым — нельга.
Людміла СЯМЁНАВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.