Каб адпачынак быў без шкоды для прыроды, здароўя і ўласнага кашалька…

ozerca

У мінулым нумары “Кіравец” паведамляў аб тым, што ў раёне сфарміравана і дзейнічае рабочая група з ліку прадстаўнікоў адказных службаў, якая ажыццяўляе кантроль за захаваннем грамадзянамі правілаў паводзін на вадзе, недапушчэннем купання ў несанкцыянаваных месцах, выключэннем выпадкаў знаходжання людзей у плавальных сродках без выратавальных камізэлек, недапушчэннем распіцця спіртных напояў, катання на лодцы і на рыбалцы ў стане алкагольнага ап’янення. Удзельнікі рэйдаў падчас аб’езду водных аб’ектаў раёна таксама праводзяць з грамадзянамі растлумачальныя гутаркі аб бяспечных паводзінах на вадзе і недапушчэнні ўжывання ў месцах адпачынку алкагольных напояў, аб захаванні правілаў пажарнай бяспекі.

Праведзеныя на мінулым тыдні рэйды пераканалі ў тым, што многія аматары адпачынку на прыродзе не ведаюць, а многія ведаюць, але не жадаюць выконваць элементарныя правілы паводзін на вадзе. Як прыклад — 4 адміністрацыйныя пратаколы: 3 — за распіцце алкагольных, слабаалкагольных напояў, піва ў грамадскім месцы, а таксама з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення — такія дзеянні караюцца штрафам ад 1 да 8 б.в., а ўчыненыя паўторна на працягу года “пацягнуць” на штраф ад 2 да 15 б.в.; 1 — за развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах, гэтае парушэнне прадугле-джвае штраф да 12 б.в.
Падчас праведзеных рэйдаў адзначана арганізацыя на возеры “Селішча” г.Кіраўска дзяжурства выратавальніка на водах з неабходным інвентаром, а таксама наяўнасць амаль на ўсіх азёрах, копанях і сажалках, дзе забаронена купанне, папярэджваючых таблічак. Аднак на гарадскім пляжы не было таблічкі, якая папярэджвае аб забароне скачкоў у ваду з дамбы: яе проста вырвалі “з корнем”.
Падчас прыезду да копані, размешчанай за СШ №1, рабочая група ўбачыла дзяцей, якія купаліся ў забароненым месцы і без нагляду дарослых, а на беразе ляжалі гумавыя пакрышкі, якія яны выкарыстоўвалі для скачкоў у ваду. Рабятам патлумачылі, што купацца ў гэтым месцы нельга, акрамя таго скачкі ў ваду з любых прадметаў вельмі небяспечныя і часта заканчваюцца трагедыямі.
Найбольш “ураджайным” на розныя правапарушэнні стала берагавая лінія Чыгірынскага вадасховішча. Практычна кожная адпачываючая кампанія людзей мела ў сваім “арсенале” значную колькасць моцных напояў, многія ўжо былі падшафэ, а таму, як гаворыцца, ім было не тое што вадасховішча, а і мора па калена. На зробленыя заўвагі яны пачыналі даказваць сваю правату, пагражаючы членам рабочай групы судамі за парушэнне іх правоў. Адна такая занадта эмацыянальна размаўляючая кампанія была дастаўлена ў раённы аддзел унутраных спраў, дзе яна адразу прыціхла і зразумела вінаватасць сваіх паводзін.
Практычна ўсе прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці ў адзін голас сцвярджалі, што берагавая лінія водных аб’ектаў і лес не з’яўляюцца грамадскімі месцамі. Аднак згодна Палажэння аб парадку запаўнення рэгістрацыйнай карткі адзінай дзяржаўнай сістэмы рэгістрацыі і ўліку правапарушэнняў, зацверджанай Пастановай Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь 31.03.2007 №82 пад грамадскім месцам разумеюцца ўчасткі мясцовасці, будынкі, збудаванні, маршрутныя транспартныя сродкі, якія знаходзяцца ў межах населенага пункта, за выключэннем жылля і агароджаных участкаў мясцовасці, прылягаючых да жылля грамадзян індывідуальнай забудовы, а таксама якія знаходзяцца па-за межамі населенага пункта, маршрутныя транспартныя сродкі, будынкі і збудаванні, прызначаныя для свабоднага (за плату) наведвання грамадзянамі.
Грамадскія месцы ўмоўна можна падзяліць на некалькі катэгорый: існуючыя пастаянна (ву-ліцы, паркі, скверы і г.д.), куды ў любы час можа трапіць любы жадаючы; часовыя, знаходжанне ў якіх залежыць ад рэжыму работы, часу сутак і часу знаходжання людзей (будынак, спартыўныя і іншыя культурна-масавыя збудаванні, усе віды грамадскага і службовага транспарту); якія носяць эпізадычны, часам выпадковы характар (лес, пляж, рака, поле падчас масавага знаходжання грамадзян або правядзення культурна-спартыўных, масавых і іншых мерапрыемстваў).
Сярод адмоўных фактаў можна адзначыць і горы смецця ўздоўж усяго берага Чыгірынскага вадасховішча, якія, як напамін аб сваім “культурным” адпачынку, пакідаюць людзі. Няўжо некаторым падабаецца адпачываць на звалцы? Напэўна, кожны, пры тым і не аднойчы, чуў заклік аб тым, што неабходна ўбіраць за сабой пасля адпачынку на прыродзе. Толькі ў бягучым годзе сіламі працаўнікоў устаноў і арганізацый раёна, падчас правядзення суботнікаў, з берагоў вадасховішча былі вывезены тоны смецця, аднак яны растуць зноў, як грыбы пасля дажджу. Гледзячы на такія паводзіны, складаецца меркаванне, што многія больш не збіраюцца прыяз-джаць сюды адпачываць…
Рэйдавыя праверкі будуць працягвацца і надалей. Таму нагадваем, што купацца дазваляецца толькі ў абсталяваных для гэтага месцах (у нашым раёне — гэта возера “Селішча”). Ужыванне алкаголю пры купанні строга забаронена. Акрамя таго, бацькам варта абавязкова сачыць за сваімі дзецьмі і ні ў якім выпадку не адпускаць іх адных купацца, тым больш у забароненых месцах.
Людміла СЯМЁНАВА,
член рабочай групы.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.