Узнагароды за плённую працу

alex

У межах свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”), якое ў шосты раз прайшло ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна, адбылася цырымонія ўшанавання пераможцаў рэспубліканскага і абласнога спаборніцтваў работнікаў аграпрамысловага комплексу вобласці. Сярод узнагароджаных была цэлая кагорта прадстаўнікоў Кіраўшчыны: вылучыліся наш раён, асобныя сельгасарганізацыі, падраздзяленні, працаўнікі.
У цырымоніі прынялі ўдзел старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў, першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Леанід Марыніч, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Анатоль Ісачанка, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Лабушаў.

Вітаючы дэлегацыі рэгіёнаў Прыдняпроўскага краю, гасцей, кіраўнік вобласці Уладзімір Даманеўскі выказаў глыбокую ўдзячнасць сяльчанам за іх нялёгкую і карпатлівую працу, асабісты ўклад у забеспячэнне харчовай бяспекі краіны. “Дзякуючы вашай стараннасці, адказным адносінам да справы аграпрамысловы комплекс Магілёўшчыны займае дастойнае месца ў краіне. Сёння мы па многіх параметрах не ўступаем іншым рэгіёнам Беларусі, а па некаторых — і пераўзыходзім. Праца нашых сяльчан адзначана на самым высокім узроўні. У 2015 годзе 25 лепшых работнікаў аграпрамысловага комплексу вобласці ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі”, — адзначыў губернатар.
Дарэчы, ганаровае права ўручыць святочны каравай кіраўніку вобласці было прадастаўлена аператару машыннага даення СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага Валянціне Клімовіч, узнагаро-джанай нядаўна ордэнам Пашаны.
У 2014 годзе сельскім працаўнікам вобласці ўдалося дасягнуць многага. Сяльчане ўпэўнена развівалі галіну раслінаводства, нарошчвалі тэмпы вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі, пастаўлялі на сталы жыхарам рэгіёна якасныя прадукты харчавання. У цэлым вытворчасць сельгаспрадукцыі ў гаспадарках усіх катэгорый узрасла ў параўнанні з 2013 годам на 2,5%. Сельгас-арганізацыямі ў мінулым годзе атрыманы чысты прыбытак ад рэалізаванай прадукцыі, работ і паслуг больш чым на Вr500 млрд. пры рэнтабельнасці 6,5%.
Разам з тым, як адзначыў у сваёй прамове старшыня аблвыканкама, у сельскай гаспадарцы Магілёўскай вобласці яшчэ шмат нявырашаных задач. Сёння неабходна не толькі атрымаць, але і ўмела прадаць прадукцыю, забяспечыць яе канкурэнтаздольнасць, у тым ліку і за кошт зніжэння затрат. Зараз ад стану аграрнай галіны напрамую залежыць не толькі эканамічны, але ў многім і сацыяльны дабрабыт грамадства, падкрэсліў Уладзімір Даманеўскі. Таму і ў далейшым уплыў сельскай гаспадаркі ў развіцці рэгіёна будзе ўзрастаць. Асновапалагаючымі ў бягучым і наступных гадах павінны стаць паказчыкі, якія характарызуюць фінансавы стан АПК, яго экспартную накіраванасць і даходнасць. У цяперашні час распрацоўваецца праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Магілёўскай вобласці, у адпаведнасці з якой перад аграрыямі ставяцца задачы па істотным павелічэнні вытворчасці прадукцыі. Пры гэтым асаблівая ўвага будзе надавацца выпуску прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю. Уладзімір Даманеўскі выказаў упэўненасць, што працаўнікам сяла вобласці, якіх заўжды вылучалі ўпартасць, працавітасць, руплівасць і прафесіяналізм, гэтая задача па сілах.
Кіраўнік вобласці ўручыў пераможцам спаборніцтва дыпломы Магілёўскага аблвыканкама і грашовыя прэміі, шэрагу перадавікоў сельгасвытворчасці — Ганаровыя граматы. Прыемна было бачыць на сцэне амфітэатра прадстаўнікоў нашага раёна.
Узнагароды з рук губернатара прымалі старшыня райвыканкама Аляксандр Бутараў і першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Мікалай Пад’ялоўскі (на верхнім здымку) за першыя месцы, якія заняў Кіраўскі раён сярод раёнаў вобласці па вытворчасці цукровых буракоў і вытворчасці і продажу дзяржаве малака.

Узнагароды з рук губернатара прымалі старшыня райвыканкама Аляксандр Бутараў і першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Мікалай Пад’ялоўскі за першыя месцы, якія заняў Кіраўскі раён сярод раёнаў вобласці па вытворчасці цукровых буракоў і вытворчасці і продажу дзяржаве малака.
Сярод гаспадарак і іншых арганізацый (іх філіялаў) па вытворчасці цукровых буракоў 2 месца заняў СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, а па вытворчасці агародніны закрытага грунту сярод спецыялізаваных сельгасарганізацый “Рассвет” стаў лепшым: узнагароды былі ўручаны старшыні гаспадаркі Аляксандру Багелю.
Сярод сельскагаспадарчых і іншых арганізацый (іх філіялаў) вобласці па вытворчасці і рэалізацыі малака 1 месца — на рахунку СГФ “Чыгірынка” РДУП “Беларуснафта-Магілёўаблнафтапрадукт”: кіраўнік вобласці ўручыў дыпломы і грашовую прэмію з найлепшымі пажаданнямі далейшых поспехаў дырэктару сельгасфіліяла Ігару Кузняцову.
За 2 месца ў спаборніцтве сярод механізаваных кормаўборачных атрадаў быў заахвочаны атрад ААТ “Кіраўскі райаграпрамтэхзабеспячэнне”: заслужаныя яго калектывам узнагароды прымаў яго кіраўнік Святаслаў Русецкі.
За дасягненне лепшых паказчыкаў ў развіцці АПК у 2014 годзе сярод камбайнераў кормаўборачных камбайнаў сельскагаспадарчых і іншых арганізацый (іх філіялаў) дыплом аблвыканкама і грашовую прэмію за 1 месца атрымаў Міхаіл Вербенка, трактарыст-машыніст СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага.
Былі таксама ўзнагароджаны: сярод аператараў машыннага даення, дасягнуўшых найвышэйшых надояў малака ад каровы пры тлустасці малака не ніжэй базіснай — Жанна Кісель з РАПТЗ; сярод аператараў жывёлагадоўчых комплексаў і механізаваных ферм па вырошчванні БРЖ старэй 6-месячнага ўзросту, атрымаўшых найвышэйшыя сярэднясутачныя прывагі БРЖ — Валянціна Сяргейчык з СВК “Калгас “Ніва”; сярод тэхнікаў, занятых штучным асемяненнем кароў і цялушак, свінаматак, забяспечышўых найбольшае атрыманне цялят і парасят адпаведна ад 100 кароў і цялушак, ад 100 асноўных свінаматак — Аляксандр Хархалёў з СВК “Чырвоны баец”; сярод механізатараў, забяспечыўшых найвышэйшую выпрацоўку эталонных гектараў на ўмоўны трактар — Генадзь Волас з СВК “Калгас “Беларусь”; сярод цяплічніц, забяспечыўшых найвышэйшую ўраджайнасць агародніны з 1 кв.м на абслугоўваемай плошчы закрытага грунту — Наталля Карпенка з СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага.
Пералік узнагарод кіраўчан папоўніла Ганаровая грамата Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь: першы намеснік міністра Леанід Марыніч уручыў яе галоўнаму ветэрынарнаму ўрачу СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага Ігару Казеку, Падзяку міністра атрымаў Аляксандр Храмянкоў, трактарыст-машыніст КСУП “Жылічы”.
Ганаровай граматай Магілёўскага аблвыканкама была ўзнагароджана Галіна Валькевіч, загадчыца МТФ СВК “Калгас “Ніва”.
Ганаровую грамату Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК яго старшыня Мікалай Лабушаў уручыў начальніку аддзела па ідэалагічнай рабоце СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага Яўгену Пішчаліну.
Грамату абласнога Савета дэпутатаў атрымаў з рук яго старшыні Анатоля Ісачанкі дырэктар КСУП “Жылічы” Міхаіл Агафонаў.
А музычнымі падарункамі ўсім прысутным на свяце стала выступленне аркестра народных інструментаў імя Л.Л. Іванова пад кіраўніцтвам Мікалая Алданава, а таксама канцэрт расійскіх зорак эстрады: Кацярыны Шаўрынай і Ігара Карнелюка, які, дарэчы, родам з Беларусі — артыст жадаў землякам усяго самага найлепшага і нават пранікнёна прадэкламаваў урывак з верша “Мой родны кут”.
Удзел у свяце “Купалле” прымалі і нашы работнікі культуры, якія радавалі ўсіх сваімі песнямі і танцамі, раённай арганізацыі БРСМ, раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва: яны прапаноўвалі цікавыя экспазіцыі сувенірных вырабаў. Шматлюдна было ў гандлёвым павільёне Кіраўскага райспажыўтаварыства, дзе былі стравы на любы густ.
Дзякуючы сельскім працаўнікам ёсць хлеб, жыццё і песня — усё гэта яскрава прадэманстравала чарговая сустрэча сяброў у Александрыі.
Наталля ХАДАКОВА.
Фота
Максіма
МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.