Дапамагаюць стаць на шлях выпраўлення

inspektor

У раённым аддзеле ўнутраных спраў у штаце крымінальна-выканаўчай інспекцыі — старшы інспектар Іван Гаўрыльчык і інспектар Ігар Скудны. У іх абавязкі ўваходзіць ажыццяўленне прэвентыўнага нагляду, арганізацыя прафілактычнага нагляду за падуліковымі раней асуджанымі асобамі, выкананне крымінальных пакаранняў, не звязаных з пазбаўленнем волі.
Трэба адзначыць, што супрацоўнікі значную ўвагу надаюць не толькі штодзённай карпатлівай рабоце па пастаноўцы на ўлік і захаванні патрабаванняў, прад’яўляемых да падуліковых асоб, але і па адаптацыі сваіх падапечных у грамадстве.
Нярэдка кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый знаходзяць мноства доказаў, каб не браць на работу чалавека, які толькі што вярнуўся з месцаў пазбаўлення волі. Некаторых раней асуджаных не прымаюць дома, адмаўляюцца ім дапамагаць. З узнікаючымі жыццёвымі цяжкасцямі асобныя грамадзяне не ў стане справіцца самастойна. Некаторыя знаходзяць выйсце з такой сітуацыі ва ўчыненні новага злачынства.
— Мы прыкладаем максімум намаганняў, каб такога не дапусціць,— расказвае старшы інспектар Іван Гаўрыльчык. — Зразумела, што, як правіла, падуліковыя асобы маюць патрэбу ў некваліфікаванай працы, а такіх вакансій не так ужо і многа. Да таго ж, асобныя грамадзяне, якія прыбываюць у раён з месцаў пазбаўлення волі, не выказваюць асаблівага жадання працаваць.
Каб папярэдзіць учыненне правапарушэнняў такімі асобамі, мы праводзім розныя прафілактычныя і спецыяльныя комплексныя мерапрыемствы, у ходзе якіх сустракаемся з усімі, хто знаходзіцца ў нас на уліку, праводзім з кожным выхаваўчую работу, прымаем дадатковыя меры па ўстанаўленні прэвентыўнага нагляду ў адносінах асоб, якія не жадаюць станавіцца на шлях выпраўлення. Гэта праблемныя людзі, кожны са сваім характарам, сваімі звычкамі. Таму работа супрацоўнікаў інспекцыі патрабуе значнай вытрымкі, а, разам з тым, душэўнай цеплыні да людзей, якія маюць судзімасць. Акрамя граматнасці і кваліфікацыі, неабходна яшчэ мець добрыя чалавечыя якасці.
Па словах Івана Гаўрыльчыка, заваяваць давер большасці грамадзян, з якімі даводзіцца працаваць, нялёгка. Трэба заўсёды помніць, што перад табой чалавек, які парушыў закон, як бы ён ні стараўся сябе апраўдаць.
Іван Гаўрыльчык служыць у органах унутраных спраў амаль два дзесяцігоддзі. За той час, які ён прысвяціў інспекцыі, а гэта — палова ўсёй службы, бачны станоўчыя вынікі ў яе рабоце: сярод асоб, якія знаходзяцца на ўліку ў РАУС (зараз іх 197), амаль не назіраецца паўтарэння ўчынення злачынстваў.
Добрым памочнікам Гаўрыльчыку стаў Ігар Скудны, які пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага педуніверсітэта імя Максіма Танка ў мінулым годзе прыйшоў на працу ў РАУС, каб прадоўжыць справу бацькі, прысвяціўшага службе ў аддзеле звыш 20 гадоў жыцця, з іх апошнія два — у інспекцыі крымінальна-выканаўчай інспекцыі. На жаль, яго ўжо няма ў жывых, але калегі заўсёды ўспамінаюць Ігара Уладзіміравіча добрым словам за адказнае стаўленне да даручанай справы.
Як адзначыў у размове намеснік начальніка РАУС Мікалай Назарчук, супрацоўнікі інспекцыі і ветэраны, сярод якіх Сяргей Елісеенка, рабілі і робяць усё ад іх залежачае, каб выправіць сітуацыю з падуліковымі асобамі. Але станоўчы вынік у большай ступені залежыць ад жадання самога грамадзяніна змяніць лад свайго жыцця.
Таццяна БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.