Майстар сваёй справы

_MG_8560На мінулым тыдні карэспандэнты “раёнкі” наведаліся ў СВК “Бераснёўскі”. Поле з налітымі каласамі сустрэла нас цеплынёй і прыемным пахам. На календары — жнівень: жніво падыходзіла да свайго завяршэння. У пэўным сэнсе ішла барацьба за кожнае зярнятка ў полі, бо надвор’е сёлета —  неспрыяльнае.  Але ж калі за штурваламі збожжауборачнай тэхнікі добрасумленныя людзі, якія добра ведаюць сваю справу, то яна ідзе належным чынам. Тое, што зараз маем з палёў — вынік агульнай працы ўсіх: механізатараў, камбайнераў, вадзіцеляў, аграномаў, кіраўнікоў гаспадарак. 

На полі, што каля в.Бераснёўка, працавалі тры камбайны. На момант нашага прыезду палеткі ўжо былі практычна ўбраны. Кожнага, хто там працаваў, можна назваць героем, бо ў іх руках самае галоўнае — хлеб. Адным з такіх з’яўляецца Алег Грынфельд. Калі размаўлялі з ім, ён быў у бадзёрым настроі, і гэта нягледзячы на тое, што ён з 8 раніцы — “на нагах”, на твары — усмешка. Перадавік, адказны чалавек, майстар сваёй справы. У СВК “Бераснёўскі” прыйшоў у 1999 годзе, у яго гэта 15 самастойная ўборка. Мае шмат Ганаровых грамат за плёную працу падчас жніва і сяўбы. Пакуль мы размаўлялі, Алег Іванавіч увесь час паглядаў у бок камбайна, а ў поглядзе можна было прачытаць, што няма ні хвіліны ў запасе, трэба жаць, пакуль надвор’е спрыяе.
Галоўны аграном Васіль Лугаўцоў паведаміў аб тым, што Алег Іванавіч ужо не першы дзень у лідарах па намалоце.
Не толькі ад камбайнераў залежыць ураджай: збожжа трэба як мага хутчэй даставіць на машыне на зернеачы-шчальна-сушыльны комплекс. Сярод такіх вадзіцеляў таксама ёсць свой перадавік — Уладзімір Карасёў, які ў “Бераснёўскім” 7 год. Ужо крыху стомлены, але ж з пазітывам і ўсмешкай. Вось з такіх людзей трэба браць прыклад: калі ўсё рабіць у прыўзнятым настроі, то і вынікі добрыя. Раней ён працаваў у саўгасе імя Кірава, які пасля далучылі да СВК “Калгас “Ніва”. Не першы год партрэт Уладзіміра Карасёва знаходзіцца на Дошцы гонару.
Безумоўна, адным з галоўных багаццяў у нашым жыцці з’яуляецца хлеб. Усе мы ведаем яго прыемны водар і смак. Хлеб ніколі не бывае лёгкім, таму ў ім смак не толькі збожжа, але і людской працы, у яго ўкладзена душа чалавечая. Слава тым рукам, што пахнуць хлебам!
Ангеліна Карабанава.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.