Скрыпліцкі сельсавет: аб стане работы і перспектывах развіцця

sk2r skr

Добрым стымулам для актывізацыі работы па навядзенні парадку на зямлі, тэрыторыях населеных пунктаў, аб’ектах вытворчай і сацыяльнай сферы з’яўляецца правядзенне штомесячна выязных пасяджэнняў райвыканкама на базе аднаго з сельскіх Саветаў дэпутатаў. Гэтую форму работы кіраўнік раёна Аляксандр Бутараў лічыць вельмі эфектыўнай.  Яна дае магчымасць на месцах прааналізаваць, наколькі зладжана і плённа працуюць кіраўніцтва сельгасарганізацый, сельвыканкамаў, дэпутацкі корпус і актыў па розных напрамках. А лепш падрыхтавацца сяльчанам да такой своеасаблівай справаздачы дапамагаюць арганізацыі горада, іх працаўнікі, якія дружным дэсантам падключаюцца да работ па добраўпарадкаванні.

Пасля Паўлавіцкага і Дабаснянскага сельскіх Саветаў дэпутатаў у зоне ўвагі ўдзельнікаў выязнога пасяджэння райвыканкама, у тым ліку кіраўнікоў арганізацый і службаў, якія адказваюць за жыццезабеспячэнне насельніцтва, быў Скрыпліцкі сельскі Савет.
На тэрыторыі дадзенага сельсавета пражывае 1416 чалавек, размешчана12 сельскіх населеных пунктаў, самыя буйныя з іх — Скрыпліца, Капусціна, Барчыцы, Хвайніца. Разам з тым, у дзвюх вёсках пражывае да 10 чалавек. Наяўнасць на сяле кінутых, безгаспадарных дамоў, зямельных участкаў дастаўляе мясцовай уладзе нямала клопатаў пры арганізацыі работ па добраўпарадкаванні. Па Скрыпліцкім сельсавеце па стане на пачатак года такіх сядзіб налічвалася больш сотні. Як адзначыла старшыня райсавета дэпутатаў Надзея Каранкевіч, кіраўніцтвам сельвыканкама ажыццяўляюцца прадугледжаныя заканадаўствам меры па вырашэнні іх далейшага лёсу. Безгаспадарныя дамы зносяцца, на ўчастках наводзіцца парадак, землі перадаюцца ў севазварот гаспадарак.
У в.Капусціна толькі пры падрыхтоўцы да выязнога пася-джэння райвыканкама былі высечаны і ўбраны старыя дрэвы, кустоўе, дзікая расліннасць на 3,5 га. Практычна ўсе ўчасткі прымыкаюць да палёў СВК “Калгас “Ніва”, кіраўніцтву трэба ўцягваць іх у севазварот. Прыкметна папрыгажэла вёска, а работы ў дадзеным напрамку будуць працягвацца.
Па Скрыпліцкім сельсавеце 29 га земляў, якія належаць уцягненню ў севазварот: 22 га будуць перададзены СВК “Ка-лгас “Ніва”, 7 га – “Беларусі”. А ўвогуле за чатыры апошнія гады ўцягнута ў севазварот 152 га земляў.
На тэрыторыі сельсавета 15 могілкаў, 12 з іх агароджаны. Летась за сродкі Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва капітальна былі адрамантаваны адны могілкі, сёлета такія работы будуць праведзены ў в.Вязаўка.
Удзельнікі выязнога пасяджэння, будучы ў Капусціна, завіталі на падвор’е сям’і Шашанкаў, якое не можа застацца непрыкмечаным: дом дагледжаны, тэрыторыя аформлена з творчым падыходам. Гаспадары Пётр і Вольга не толькі з душой ставяцца да ўтрымання свайго падвор’я, але і з’яўляюцца актыўнымі памочнікамі сельвыканкама ва ўсіх добрых справах і пачынаннях. Вольга Акімаўна — дэпутат Скрыпліцкага сельскага Савета дэпутатаў. Як яна адзначыла, шмат яшчэ работы прадстаіць у іх вёсцы па навя-дзенні парадку, але далёка не ўсе жыхары адгукаюцца на заклік шчыраваць у гэтым напрамку. Неабходна праводзіць з такімі грамадзянамі растлумачальную работу, рэзюмавала Надзея Каранкевіч, каб яны разумелі: патрабаванні жорсткія, прадугледжана і адпаведная адказнасць за іх ігнараванне. Сёлета старшынёй сельвыканкама Жаннай Рышкевіч жыхарам сельсавета было выдадзена 92 прадпісанні па пытаннях навядзення парадку. Яны практычна ўсе выкананы за выключэннем 7: чацвёра грамадзян запэўнілі, што ўсё зробяць, на тых, хто не выконвае прадпісанні, будуць складзены пратаколы.
Старшыня райвыканкама Аляксандр Бутараў засяродзіў увагу на тым, што неабходна падставіць плячо такім катэгорыям насельніцтва, як інваліды, адзінока пражываючыя і г.д. Многія пытанні па добраўпарадкаванні можна вырашаць эфектыўным спосабам: ажыццяўляць збор сродкаў самаабкладання, вызначаць разам, куды іх накіраваць.
Як падкрэсліў Аляксандр Бутараў, наведзены ў населеных пунктах парадак трэба падтрымліваць і працягваць работы далей. Усё гэта робіцца не для паказухі, а для людзей — стварэння больш камфортных умоў пражывання. Таму і сяльчанам самім трэба быць больш дзейнымі і актыўнымі.
На МТФ “Капусціна” СВК “Калгас “Ніва” ішла размова аб эфектыўнасці вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі, перспектывах развіцця галіны. Каментарыі даваў старшыня гаспадаркі Іван Рыняк.
Валавая вытворчасць малака па гаспадарцы за 6 месяцаў бягучага года да адпаведнага леташняга ўзроўню склала 110%, рэалізацыя — 112%. Атрымана неблагая рэнтабельнасць — 38%. Увогуле дынаміка паказчыкаў у галіне станоўчая.
Пытанні корманарыхтоўкі ў гаспадарцы вырашаюцца належным чынам, падкрэсліў намеснік начальніка райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі Іван Грышчанка, забяспечваецца рацыянальнае выкарыстанне кармоў. На гэтай ферме захоўваюцца ўсе тэхналагічныя патрабаванні, забяспечаны поўны цыкл вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Калектыў тут працуе невялікі, зладжаны, да працы ставіцца з высокай адказнасцю. Удзельнікі пасяджэння агледзелі памяшканні, асаблівая ўвага тут, як і на іншых вытворчых аб’ектах, якія наведваліся ў гэты дзень, звярталася на пытанні стварэння належных бытавых умоў для работнікаў.
Увод новай МТФ “Барсукі” дасць магчымасць атрымаць дадатковыя жывёламесцы, павялічыць пагалоўе і ў выніку — вытворчасць малака.
Старшыня райвыканкама нагадаў аб неабходнасці выканання важнай задачы — павелічэння выручкі ад рэалізацыі на аднаго працуючага мінімум да 400 млн. рублёў.
Далей увага была звернута на аб’екты сацыяльнай сферы аг.Скрыпліца: дзіцячы садок і сярэднюю школу. Садок наведвае 13 дзяцей, ажыццяўляецца падвоз і з в.Капусціна. Усё неабходнае для належнага ўтрымання і выхавання рабят тут маецца.
У мясцовай школе 67 вучняў, падвоз 35 з іх ажыццяўляецца з в.Капусціна школьным транспартам.
У магазіне “Тавары штодзённага попыту” аг.Скрыпліца ішла размова аб тавараабароце, які за 6 месяцаў склаў 1 млрд. 135 млн., або 93,7% да ўзроўню мінулага года. Зніжэнне тавараабароту ў гандлёвай кропцы, як растлумачыла старшыня райспажыўтаварыства Святлана Сарока, адбылося таму, што аддаленыя вуліцы аграгарадка абслугоўваюцца аўтамагазінам.
Адзін са старажылаў Скрыпліцы, ветэран працы, паважаны тут чалавек Афанасій Фаміч Сямёнаў у размове са старшынёй райвыканкама адзначыў, што прэтэнзій да якасці абслугоўвання ў сяльчан няма, задавальняе іх і асартымент.
У населеных пунктах сельсавета бываюць выпадкі несанкцыянаванага гандлю: старшыня райвыканкама патрабаваў больш жорстка адсочваць гэта, аператыўна сігналізаваць у адпаведныя службы для прыняцця мер.
У будынку мясцовага СДК размешчаны сельскі Савет дэпутатаў, аддзяленне паштовай сувязі, сацыяльны пункт. Удзельнікі выязнога пасяджэння цікавіліся дзейнасцю і ўмовамі работы кожнай структуры.
Так, у сацыяльным пункце прадстаўнік РЦСАН Ала Печань паведаміла аб тым, што ў зоне ўвагі сацыяльнай службы знаходзяцца пажылыя людзі, адзінокія і адзінока пражываючыя, мнагадзетныя сем’і, асобы, пацярпелыя ад наступстваў войн. Спецыяліст расказала аб правядзенні абследавання ўмоў пражывання ўразлівых катэгорый грамадзян на прадмет захавання пажарнай бяспекі, аб аказваемай дапамозе па рамонце электраправодкі.
Па шляху ў аг.Барчыцы Надзея Каранкевіч праінфармавала, што па сельсавеце на баланс УКП “Жылкамгас” перададзена 18 км унутрыгаспадарчых дарог, яны прагрэйдзіраваны, на астатніх ДРБУ-197 зроблены ямачны рамонт. Перададзены камунальнікам 142 калодзежы, многія з якіх патрабуюць рамонту. У ходзе падрыхтоўкі да выязнога пасяджэння было адрамантавана 19 калодзежаў. Была таксама ахарактарызавана сітуацыя з выразкай аварыйных дрэў.

На МТФ “Барчыцы” СВК “Калгас “Беларусь” старшыня гаспадаркі Уладзімір Ядчанка паказаў, як праходзяць работы па рамонце і рэканструкцыі памяшкання старога кароўніка пад радзільнае аддзяленне і цэх сухастою. Яно тут вельмі неабходнае, каб увязаць у адзіны цыкл увесь тэхналагічны працэс вытворчасці малака. Новае падраздзяленне мяркуюць увесці ў эксплуатацыю ў верасні.
А ўвогуле ў гаспадарках раёна сёлета запланавана пабудаваць 7 радзільных аддзяленняў.
На МТФ “Барчыцы-1” пры абмеркаванні пытання наконт забеспячэння грамадскага статка кармамі на прадстаячую зімоўку старшыня гаспадаркі запэўніў, што праблем з гэтым не будзе. Больш 3 тыс. тон засталося леташніх кармоў, столькі ж рэалізавалі. Пабудавалі новую сянажную яму, якая абышлася ў 50 млн. рублёў.
Жывёла на комплексе прыгожая, чыстая. Для падсцілкі выкарыстоўваецца кастрыца з ільнозавода, а гэта гіграскапічны, сухі матэрыял.
На гэты дзень на стадыі завяршэння знаходзілася будаўніцтва другога хлява новай малочна-таварнай фермы, было ўжо ўстаноўлена стойлавае абсталяванне. Заставалася правесці добраўпарадкаванне тэрыторыі, дарожныя работы.
Наведалі ўдзельнікі пасяджэння і мехдвор СВК “Калгас “Беларусь”, у майстэрні, якая, дарэчы, ацяпляецца з выкарыстаннем мясцовых відаў паліва, створаны добрыя ўмовы для працаўнікоў.
І зноў — аб’екты сацыяльнай сферы. У Барчыцкай сярэдняй школе ўмовы для навучання і выхавання сельскіх рабят адпавядаюць належным патрабаванням: добры харчблок, спартзала, кабінеты і інш.
У фельчарска-акушэрскім пункце працуе вопытны спецыяліст — Вера Іванаўна Костка. На момант нашага знаходжання там на прыёме была маладая мама з дзіцяці, якая выказала самыя добрыя водгукі аб умовах і якасці медабслугоўвання на ФАПе.
Мясцовы магазін райспажыўтаварыства па насычанасці таварамі, умовах не горш, чым гарадскі. Аператыўна выконваюцца заяўкі пакупнікоў. Асартымент і абслугоўванне не выклікаюць нараканняў, як пацвердзілі сяльчане, да якіх з пытаннямі на гэтую тэму звярнуўся кіраўнік раёна (на здымку).
Наведалі ўдзельнікі выязнога пасяджэння комплексна-прыёмны пункт, дзе ішла размова аб бытавым абслугоўванні, а далей — мясцовы СДК: тут стараюцца зрабіць адпачынак жыхароў розных узростаў цікавым і насычаным, наладжваюць культурна-масавыя мерапрыемствы. Працуе філіял Кіраўскай дзіцячай школы мастацтваў.
Пасля наведвання аб’ектаў на пленарным пасяджэнні з удзелам кіраўніка справамі Магілёўскага аблвыканкама Рыгора Вароніна і начальніка гандлёвай інспекцыі Магілёўскай вобласці Таццяны Салаўёвай былі разгледжаны вынікі работы галін народнай гаспадаркі і выканання бюджэту раёна за першае паўгоддзе бягучага года.
Наталля ХАДАКОВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.