На парадку дня — уздым зябліва
Цёплае надвор’е дазваляе аграрыям раёна працягваць восеньскае ворыва. Як вядома, зяблевая апрацоўка глебы мае вялікае значэнне: яна дазваляе зменшыць напружанасць веснавых палявых работ, забяспечвае больш якасную перадпасяўную апрацоўку глебы і сяўбу сельскагаспадарчых культур у лепшыя агратэхнічныя тэрміны.
Па дадзеных райсельгасхарчу сельгасарганізацыямі раёна ўздым зябліва праведзены на плошчы 10250 га (62% ад плана). Найбольш актыўна вядуць восеньскае ворыва працаўнікі СГФ “Чыгірынка” (95%), СВК “Калгас “Беларусь” (87%), “Чырвоны баец” (82%), “Добасна-агра” (79%).
У ліку лідараў на ўздыме зябліва і працаўнікі СВК “Калгас “Ніва”. Па стане на ўчарашні дзень тут было ўзарана 1520 га (85% ад плана).
Да правядзення восеньскага ворыва ніваўцы падыходзяць з адказнасцю: своечасова праведзеныя работы дазволяць не толькі захаваць вільгаць у глебе, а і значна стрымаць рост пустазелля ў будучым. З раніцы да позняга вечара на палетках шчыруе механізатарскае звяно ў саставе Ула-дзіміра Лебедзева, Генадзя Макаронка, Васіля Белаглазава, Анатоля Губарава, Сяргея Гушчына. Усе працаўнікі — вопытныя і адказныя, таму паспяваюць перавыконваць дзённыя нормы, што, у сваю чаргу, падразумевае і добрыя заробкі.
Ніваўцы разлічваюць правесці ўздым зябліва да першага лістапада. Усё для гэтага ёсць: магутная энерганасычаная тэхніка, паліва, адказныя кадры. Застаецца толькі належным чынам пашчыраваць на палетках, каб быць потым з важкім ураджаем.
З адказнасцю да даручанай справы ставіцца вопытны механізатар Васіль Лебедзеў з СВК “Калгас “Ніва”.