Выбраны старшыня праўлення
У мінулую пятніцу ў Дабаснянскім СДК было мнагалюдна: члены працоўнага калектыву СВК “Добасна-агра” сабраліся на сход з нагоды выбрання старшыні праўлення гаспадаркі. У яго рабоце прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Надзея Каранкевіч і першы намеснік начальніка райсельгасхарчу Мікалай Пад’ялоўскі.
З уступным словам да прысутных у зале звярнулася Надзея Каранкевіч і прапанавала на разгляд кандыдатуру Мікалая Лук’янава на пасаду кіраўніка гаспадаркі. Адзначалася, што на працягу двух дзесяцігоддзяў Мікалай Мікалаевіч працаваў у сельгасарганізацыі на розных пасадах: аграномам-аграхімікам, галоўным аграномам, намеснікам старшыні па вытворчасці. І заўсёды яго вылучалі адказнасць, дысцыплінаванасць, разуменне, імкненне да ўсяго новага і перадавога, своечасовае выкананне даручэнняў.
Гэтага ж, а таксама стараннасці, добрасумленнага выканання даручанай справы, узаемавыручкі ён будзе патрабаваць ад кожнага падначаленага — аб гэтым заявіў у сваім выступленні старшыня Мікалай Лук’янаў. Кіраўнік таксама ахарактарызаваў становішча спраў у гаспадарцы, вызначыў асноўныя напрамкі, над выкананнем якіх калектыў будзе працаваць у далейшым.
Той факт, што прысутныя ў зале аднадушна прагаласавалі за Мікалая Лук’янава, сведчыць аб поўным даверы старшыні. Пажадаем калектыву выканання ўзятых абавязацельстваў і новых працоўных здзяйсненняў!