Забеспячэнне доступу да сучасных паслуг сувязі
Мы ўжо не ўяўляем работу ці правядзенне вольнага часу без тэлефона, інтэрнэта, інтэрактыўнага тэлебачання. Сучасныя тэхналогіі робяць наша жыццё больш цікавым, дапамагаюць у вырашэнні рознага роду пытанняў, дазваляюць тэрмінова даведвацца пра навіны, зрабіць неадкладны званок, падзяліцца ўражаннямі, праз інтэрнэт убачыць знаёмага ці сваяка, які знаходзіцца за некалькі тысяч кіламетраў і пагутарыць з ім.
Менавіта такія паслугі прадастаўляе сваім кліентам раённы вузел электрасувязі. Аб тым, як ідуць справы і якія новаўвядзенні чакаюць жыхароў раёна ў галіне сучасных тэхналогій, — наша размова з начальнікам РВЭС Аляксандрам ТКАЧОВЫМ.
— Аляксандр Сяргеевіч, якімі тэмпамі сёння ідуць работы па пашырэнні прадастаўлення паслуг электрасувязі?
— Мадэрнізацыя і пашырэнне мясцовых тэлефонных сетак ажыццяўляюцца з улікам перспектыўных планаў развіцця інфраструктуры населеных пунктаў.
Нягледзячы на некаторыя складанасці, калектыў не збавіў набраных тэмпаў і выканаў паказчыкі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця за 2015 год. Аб’ём вырабленай прадукцыі, без уліку налічаных падаткаў, склаў 11157 млн. рублёў. Прадукцыйнасць працы на аднаго работніка — 318,8 млн.рублёў. Рост прадукцыйнасці працы па выручцы — 136%.
Летась актыўна працягвалася развіццё традыцыйных паслуг электрасувязі, а таксама актыўна ўкараняліся новыя віды. Праводзілася работа па задавальненні заявак на ўстаноўку тэлефонаў. У выніку ў раёне паслугамі тэлефаніі карыстаюцца 9302 абаненты.
Спецыялісты вузла электрасувязі ўводзяць і пашыраюць спектр паслуг на базе новых тэхналогій, у тым ліку пераход да мультысэрвісных сетак электрасувязі. На тэлефоннай сетцы ўстаноўлена каля 800 тэлефонаў па тэхналогіі бесправаднога доступу WLL, што дапамагло задаволіць усе заяўкі на ўстаноўку тэлефонаў.
— Ці вядуцца работы па замене састарэлых АТС, і што гэта дае абанентам?
— Нашым вузлом электрасувязі праведзена мадэрнізацыя з заменай састарэлага абсталявання на большасці АТС раёна. У выніку мы выйшлі на зусім іншы — больш якасны ўзровень прадастаўлення паслуг электрасувязі з дадатковымі функцыямі, калі тэлефонны апарат стаў не толькі сродкам вядзення размовы, але і памочнікам у многіх штодзённых справах.
У мінулым годзе магчымасць карыстацца інтэрнэтам і інтэрактыўным тэлебачаннем ZALA атрымалі жыхары аграгарадкоў Скрыпліца і Барчыцы, в.Чыгірынка.
У бягучым годзе будуць праведзены работы па замене электроннай АТС у аг. Паўлавічы і каардынатнай АТС у в.П.Слабада з пашырэннем і ўстаноўкай вузлоў шырокапалоснага доступу ў інтэрнэт. Праводзяцца работы па павелічэнні прапускной здольнасці ліній і павышэнні якасці прадастаўляемых абанентам паслуг.
— Якія паслугі найбольш папулярныя?
— Каля 4000 прыхільнікаў інтэрнэта раёна выбралі Вyfly ад Белтэлекама (шчыльнасць на 100 жыхароў складае 19,6 шт.). Шмат аматараў і ў бесправаднога доступу да сеткі інтэрнэт па тэхналогіі Wi-Fi.
Асаблівым попытам карыстаецца інтэрактыўнае тэлебачанне ZALA. У раёне да гэтай паслугі пад-ключыўся 4141 абанент. Сёння гледачам даступныя каля 100 каналаў з інтэрактыўнымі функцыямі, што дазваляе гля-дзець праграмы і тэлеперадачы ў любы зручны час, незалежна ад раскладу тэлеэфіру, а таксама прадастаўляюцца дадатковыя пакеты паслуг і магчымасць прагляду фільмаў у лічбавым фармаце HD, караоке.
Ёсць свае прыхільнікі і ў радыёстанцый. Гэты від перадачы інфармацыі не губляе сваёй актуальнасці. У мінулым годзе намі рэалізавана 614 УКВ радыёпрыёмнікаў.
— Якія планы на перспектыву?
— Зараз асноўным накірункам дзейнасці арганізацыі можна назваць перавод шматпавярховых дамоў горада на магчымасць атрымання розных мультысэрвісных паслуг сувязі па валаконна-аптычнай тэхналогіі. Развіццё шырокапалоснага доступу на базе аптычных сетак дазволіць павялічыць хуткасць перадачы дадзеных, а таксама дасць магчымасць прапаноўваць шырокі комплекс паслуг электрасувязі па адным провадзе. Менавіта па такой тэхналогіі плануецца мадэрнізацыя дамоў №№2а, 1, 34 па вул.Валадарскага, №2 па вул.К.Маркса, №№93а, 91, 89, 87, 85, 83 і 81 па вул.Гагарына.
Многія кіраўчане ўжо ацанілі магчымасці прадастаўлення паслуг па валаконна-аптычнай тэхналогіі. Новы стандарт да-зваляе вырабляць за-грузку дадзеных з інтэрнэта на высокіх хуткасцях (да 100 Мбіт/сек.), а таксама глядзець online фільмы, у тым ліку ў HD-якасці, слухаць музыку і радыёстанцыі.
Трэба сказаць, што ўкараненне сучасных тэхналогій дазволіла нам значна палепшыць якасць прадастаўляемых паслуг і пашырыць іх спектр. Радуе, што не застаюцца ў баку ад рознага роду новаўвядзенняў і жыхары сельскіх населеных пунктаў. Да таго ж, сярод карыстальнікаў нашых навейшых паслуг становіцца ўсё больш людзей старэйшага ўзросту.
Мяркую, што з асноўнай задачай нашай арганізацыі — забеспячэннем роўнага доступу да сучасных паслуг сувязі для ўсіх жыхароў раёна — мы спраўляемся паспяхова.
Гутарыла
Людміла СЯМЁНАВА.