Вадзіцель СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага Дзяніс Сакабіцкі першым на Магілёўшчыне пераадолеў рубеж у тысячу тон на перавозцы збожжа ад камбайнаў
У мінулую нядзельную раніцу павіншаваць лідара працоўнага спаборніцтва ў “Рассвет” прыбылі старшыня абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Віктар Гейдэль, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Адамаў, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Ставер. Да іх таксама далучыліся старшыня СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага Аляксандр Багель і яго намеснік па ідэалагічнай рабоце, старшыня прафкама гаспадаркі Наталля Шапавалава.
Ад абласнога прафсаюза АПК Дзянісу Сакабіцкаму была ўручана грашовая прэмія, а таксама ў якасці падарунка — майка і кепка з сімволікай прафсаюза АПК. Каштоўны падарунак атрымаў лідар спаборніцтва ад райвыканкама, грашовую прэмію — ад гаспадаркі, Падзячнае пісьмо, каштоўны падарунак, наклейкі “Лідару працоўнага спаборніцтва” і знак з адзнакай “1000 тон збожжа”, якія ўпрыгожылі аўтамабіль перадавога вадзіцеля, — ад райкама прафсаюза работнікаў АПК. Усе выказалі Дзянісу Алегавічу шчырыя віншаванні і пажаданні дасягнуць важкіх рэзультатаў па выніках уборачнай кампаніі.