Суботні кірмаш у Кіраўску
У мінулую суботу ў горадзе, на пляцоўцы каля ўнівермага быў арганізаваны раённы кірмаш, у якім прынялі ўдзел сельгасарганізацыі, прадпрыемствы, індывідуальныя прадпрымальнікі.
РАПТЗ, ААТ “Дабаснянскае”, СГФ “Чыгірынка” гандлявалі зернем пшаніцы і ячменю, ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” прапаноўвала сваю прадукцыю. Попытам карысталася прадукцыя ААТ “Бабушкина крынка”. Побач размясцілася палатка УКП “Кіраўскія бытпаслугі”, прадпрымальнікі прапаноўвалі дзіцячыя цацкі, ажыццяўляўся продаж сувенірнай прадукцыі.
Было прахладнае, ветранае надвор’е, але многія кіраўчане, госці горада завіталі на кірмаш, каб нешта набыць для сябе, ці проста агледзець, дзе і чым гандлююць.
А каля ўніверсама “Цэнтральны” райспажыўтаварыства наладзіла гандаль блінамі, шашлыкамі “з пылу, з жару” — Масленіца ж! Настрой узнімалі культработнікі сваімі заўзятымі песнямі, запрашалі ўсіх у карагод.
Тэкст і фота Наталлі ХАДАКОВАЙ.