Каля 80 чалавек на Кіраўшчыне маюць званне “Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь”
Людзі, якія здаюць кроў і яе кампаненты, дораць іншым надзеі, мары, жыццё… Нямала чалавек выконваюць гэтую высакародную місію і ў нашым раёне. Сярод іх — сястра-гаспадыня аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі райбальніцы Галіна Аўчыннікава. Жанчына ўзнагароджана знакам «Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь», які азначае, што яна здала кроў звыш за 40 разоў.
У 1994 годзе Галіна Анатольеўна ўладкавалася на работу ў райбальніцу, у аддзяленне рэанімацыі. Дзяўчына кожны дзень бачыла, як урачы імкнуліся выратаваць сваіх пацыентаў, як іншы раз тэрмінова патрабавалася кроў для выратавання чалавечага жыцця… Менавіта тады яна і вырашыла стаць донарам, праявіўшы не толькі грамадзянскую адказнасць, але і хрысціянскую, чалавечую салідарнасць.
Трэба сказаць, што на той мамонт медыкі здавалі кроў бясплатна, дарэчы, і сёння многія з іх адмаўляюцца ад гарантаваных выплат. Галіна Аўчыннікава нікола не ставіла на першы план нейкія матэрыяльныя выгоды ад донарства: галоўнае, лічыць яна, што яе дапамога для кагосьці жыццёва неабходная.
Па словах Галіны Анатольеўны, ні з чым не параўнаць тое адчуванне самазадавальнення і пачуццё выкананага абавязку, калі бачыш, што пацыент, які атрымаў часцінку тваёй крыві, ідзе на папраўку, як свецяцца радасцю вочы родных, калі ім паведамляеш, што ўсё самае страшнае ўжо закончылася…
Як адзначыла ў размове з карэспандэнтам “раёнкі” медык, здача донарскай крыві — гэта не толькі акт міласэрнасці ў адносінах да іншых, навукова даказана, што грамадзяне, якія рэгулярна здаюць кроў або яе кампаненты, садзейнічаюць паляпшэнню свайго здароўя. І тая колькасць медыкаў, якія з’яўляюцца донарамі, — яскравае таму пацверджанне.
Дзяржава высока цэніць і заахвочвае людзей, якія гатовы ў любы час па першаму закліку прыйсці на дапамогу і здаць частку сваёй крыві тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Такія свядомыя грамадзяне за актыўную донарскую дзейнасць удастойваюцца знака “Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь”. На Кіраўшчыне такое званне маюць каля 80 чалавек.
Людміла СЯМЁНАВА.