Каб кожны дом быў з хлебам і дабром!

Каб кожны дом быў  з хлебам і дабром!

shestv

У мінулую суботу па-святочнаму ўпрыгожаны, маляўніча яркі ад рознакаляровых фарбаў, абноўлены аграгарадок Любонічы прымаў удзельнікаў і гасцей раённага свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2017”. На мерапрыемстве былі падведзены вынікі сёлетняй уборачнай кампаніі. У цэнтры ўвагі знаходзіліся героі жніва, якіх шчыра ўшанавалі на галоўнай сцэне свята. Надвор’е ў гэты дзень спрыяла добраму настрою і адпачынку пасля напружаных працоўных дзён. І падстава для такога настрою была важкая — сёлетні багаты раённы каравай!
Раздзяліць радасць свята прыбылі ганаровыя госці: начальнік упраўлення гандлю і паслуг Магілёўскага аблвыканкама Інэса Караткевіч, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, генеральны дырэктар “Магілёўэнерга” Канстанцін Пуціла, загадчык аддзела па сацыяльна-эканамічных пытаннях Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Віталь Лісіцкі, дырэктар ДУП “Беларуснафта-Магілёўаблнафтапрадукт” Аляксандр Несцераў, в.а.генеральнага дырэктара ААТ “Магілёўскі мясакамбінат” Уладзімір Антоненкаў, намеснік генеральнага дырэктара па камерцыйных пытаннях ААТ “Кіруючая кампанія холдынга “Бабруйскаграмаш” Валерый Глушакоў, дэлегацыі Першамайскага раёна г.Бабруйска, Быхаўскага раёна.
Асаблівай пашаны на свяце былі ўдастоены ветэраны працы, кіраўнікі сельгасарганізацый мінулых гадоў, ганаровыя грамадзяне раёна Аляксандр Серакоў, Валянціна Клімовіч, Надзея Каранкевіч.

З крыніц жыватворных…

Распачалася насычаная праграма “Дажынак-2017” адметнай падзеяй: адкрыццём новага аб’екта “Крынічка” каля в.Пацава Слабада.
Згодна падання, крыніцы — гэта слёзы Багародзіцы. Вада ў іх жывая, гаючая, памыешся ёю, і душа напаўняецца радасцю, адступаюць усе нягоды і хваробы. Усё цячэ… Мяняюцца гістарычныя эпохі і вераванні. Аднак крыніцы ва ўсе часіны былі і застаюцца для беларусаў месцам прыцягнення.
Такая крыніца ўладкавана для жыхароў раёна. Невыпадкова яна прабілася тут: у 1787 годзе ў пяцістах метрах адсюль дзейнічаў Свята-Нікольскі храм.
У сваёй прамове старшыня райвыканкама Аляксандр Бутараў падкрэсліў важнасць адкрыцця такога ўнікальнага аб’екта. За штодзённымі справамі мы часам не заўважаем тых дароў, якія дадзены самім Богам, для таго, каб светлай была душа чалавека, каб ён карыстаўся тым, што падаравала яму прырода, адзначыў кіраўнік раёна.
Аб’ект пабудаваны метадам народнай будоўлі, талакі. Аляк-сандр
Бутараў выказаў бязмерную ўдзячнасць усім, хто прыняў удзел у добрай справе і выказаў упэўненасць, што гэтае месца стане любімым для жыхароў раёна і гасцей, зрабіў акцэнт на тым, што вада ў крынічцы якасная, адпавядае належным стандартам.
Права перарэзаць чыр­воную стужку было прадастаўлена Аляксандру Бутараву, старшыні райсавета дэпутатаў Галіне Слабоднікавай, дырэктару ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне” Мікалаю Чаранкову, дырэктару УКП “Жылкамгас” Юрыю Мацю­шонку.
Настаяцель Свята-Пакроўскага храма пратаіерэй Дзмітрый Первій правёў абрад асвячэння крыніцы, і ўсе прысутныя пакаштавалі вады з яе.
У Свята-Косма-Даміянаўскім храме аг.Любонічы прайшло святочнае богаслужэнне, на якім прысутнічалі ўдзельнікі мерапрыемстваў і госці.
У гонар правядзення раённага свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2017” у аг.Любонічы быў закладзены сквер дзеля таго, каб ён радаваў многія пакаленні гэтага населенага пункта сваёй прыгажосцю, служыў прыкладам беражлівых адносін да прыроды.
Ганаровае права ўрачыстай пасадкі дрэў было прадастаўлена кіраў­ніцтву раёна, ганаровым грамадзянам Кіраўшчыны, ветэранам працы, кіраўнікам і лепшым камбайнерам сельгасарганізацый.
У дзень услаўлення мірнай працы каля брацкай магілы загінуўшых падчас Вялікай Айчыннай вайны мірных мясцовых жыхароў удзельнікі і госці “Дажынак” ушанавалі іх памяць. Тут у чэрвені 1942 года былі расстраляны фашыстамі 154 жыхары 7 бліжэйшых вёсак. У 1949 годзе на магіле ўстанавілі абеліск, які рэканструяваны да 60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у памяць аб усіх земляках, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Жалобную ліцію правёў настаяцель Свята-Косма-Даміянаўскага храма іерэй Максім Кірэеў.
Прысутныя застылі ў мінуце маўчання, затым усклалі кветкі да брацкай магілы.

Паклон вам нізкі, хлебаробы, за ўраджай ад нівы шчодрай!

Па цэнтральнай вуліцы сталіцы “Дажынак-2017” пад музыку духавога аркестра святочным шэсцем пакрочыла калона дэлегацый сельгасарганізацый на чале з кіраўніцтвам раёна, ганаровымі гасцямі. Лідараў уборачнай кампаніі вылучалі чырвоныя стужкі з залатымі літарамі “Пераможца жніва-2017”.
На галоўнай сцэне свята, абсталяванай у цэнтры аграгарадка, адбылося ўшанаванне перадавікоў.
Урачыстае адкрыццё раённага свята працаўнікоў вёскі абвясціў Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь.
Дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах уславілі добры ўраджай сёлетняга года, сабраны “на жыццё мірнае, жыццё слаўнае”. Дажынкавы сноп ураджаю гэтага года быў уручаны кіраўніку раёна Аляксандру Бутараву. Ён шчыра вітаў прысутных, ад імя раённага выканаўчага камітэта і ад сябе асабіста павіншаваў усіх са святам ураджаю — заканчэннем уборачнай кампаніі.
Старшыня райвыканкама падкрэсліў, што Кіраўшчына мае дастойныя рэзультаты ў аграпрамысловым комплексе. Так, за дасягненне высокіх паказчыкаў эфектыўнасці работы ў вобласці сельскай гаспадаркі раён узнагароджаны Ганаровым дыпломам Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.
Сёлета працаўнікі сельгасарганізацый раёна забяспечылі лідзіруючыя пазіцыі ў жывёлагадоўлі, першымі на Магілёўшчыне завяршылі ўборку збожжавых, трымаючы на працягу жніва пальму першынства ў вобласці па тэмпах уборачнай кампаніі, аднымі з першых у поўным аб’ёме выканалі дзяржаўны заказ па пастаўках збожжа.
Дзякуючы зладжанай рабоце кіраўнікоў гаспадарак, механізатараў і спецыялістаў, валавы збор збожжа пераўзышоў леташні рэзультат амаль на 20%: вырашчана і без страт убрана больш 53 тыс. т збожжавых і зернебабовых культур пры ўраджайнасці 36 ц/га. У 2,3 раза павялічаны валавы збор рапсу пры ўраджайнасці 28 ц/га, што з’яўляецца лепшым паказчыкам у вобласці!
Як адзначыў Аляксандр Бутараў, найвышэйшы рэзультат і ўраджайнасць атрыманы ў ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўска- га”, дзе намалочана 16670 т збожжа, што на 3783 т больш леташняга паказчыка пры сярэдняй ураджайнасці 48 ц/га. Значную прыбаўку да ўзроўню мінулага года атрымалі хлебаробы КСУП “Жылічы” (40%), ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне” (амаль 22%) і “Дабаснянскае” (15%), СВК “Бераснёўскі” (20%).
Жніво гэтага года стала адным з самых масавых за апошнія гады: на хлебнай ніве працавалі 63 экіпажы збожжаўборачных камбайнаў, у тым ліку 9 маладзёжных і 5 сямейных экіпажаў, 62 вадзіцелі, у тым ліку 6 маладых.
30 экіпажаў маюць на сваім рахунку больш 1 тыс. т намалочанага збожжа, што ў 2 разы больш чым летась. Згодна канчатковых вынікаў уборачнай кампаніі 10 экіпажаў намалацілі больш 1,5 тыс. т збожжа, 5 экіпажаў — двухтысячнікі.
28 вадзіцеляў перавезлі больш 1 тыс. т збожжа, 15 — больш 1,5 тыс. т,
8 — больш 2 тыс. т.
Асаблівую рэзультатыўнасць паказалі рассветаўцы, якія ўнеслі істотны ўклад у агульную капілку дасягненняў раёна і вобласці падчас жніва. Экіпаж збожжаўборачнага камбайна ў саставе Івана Салановіч і Івана Багеля першым на Магілёўшчыне пераадолеў тысячны рубеж па намалоту і першым у раёне намалаціў 2 тыс. т збожжа; экіпажы ў саставе Уладзіміра Бяляўскага і Аляксея Дзмітрыева, Ігара Жэлдака і Віктара Юркаўца сталі першымі ў вобласці, якія намалацілі 1 тыс. т збожжа на айчынных камбайнах; вадзіцелі Аляксандр Бабіч і Генадзь Гукаў — першыя тысячнікі ў вобласці на перавозцы збожжа ад камбайнаў.
Значную ролю ў захаванні ўраджаю адыгралі аператары зернесушыльных комплексаў: так, рассветаўская брыгада на чале з Сяргеем Сіўчыкавым апрацавала 9400 умоўных т збожжа.
Зладжана спрацавалі агранамічныя і інжынерныя службы гаспадарак раёна. Калектывы ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”, КСУП “Чырвоны баец”, ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне” сталі пераможцамі раённага спаборніцтва.
У працэсе падрыхтоўкі да раённых “Дажынак-2017”, адзначыў Аляксандр Бутараў, абноўлены аграгарадок Любонічы. Тут праведзена значная работа па ўцягненні пустуючых земляў у сельгасабарот, добраўпарадкаванні і навядзенні парадку ў населеных пунктах, у чым заслуга кіраўнікоў і працоўных калектываў арганізацый і ўстаноў раёна, органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, жыхароў аграгарадка і інш.
Кіраўнік раёна выказаў шчырую ўдзячнасць усім удзельнікам жніва за іх руплівую, самаадданую працу дзеля забеспячэння харчовай бяспекі краіны.
Аляксандру Бутараву быў уручаны святочны каравай ад працаўнікоў Кіраўшчыны як сімвал жыцця, урадлівасці і дабрабыту. Урачыста былі ўнесены караваі ўсіх сельскагаспадарчых арганізацый з добрымі словамі пра тых, хто з першымі промнямі сонца працаваў у полі, вырасціў і сабраў самае каштоўнае на зямлі — Хлеб.
Начальнік упраўлення гандлю і паслуг Магілёўскага аблвыканкама Інэса Караткевіч па даручэнні Магілёўскага выканаўчага камітэта, ад імя яго старшыні Уладзіміра Даманеўскага павіншавала ўсіх з добрым ура- джаем-2017. Кіраўская зямля, як падкрэсліла яна, заўжды славілася і славіцца працавітымі, таленавітымі людзьмі, захаваннем традыцый, адна з якіх — ушанаванне хлебаробаў — людзей, якія любяць сваю зямлю і праслаўляюць родны край.
Прадстаўнік аблвыканкама падзякавала ўсім, хто ўнёс сваю лепту ў сёлетні каравай і пажадала дабівацца яшчэ больш важкіх рэзультатаў на карысць працвітання раёна, вобласці, роднай Беларусі.
Інэса Караткевіч уручыла ўзнагароды шэрагу прадстаўнікоў раёна.

За плённую, добрасумленную працу ў сістэме АПК і дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў Ганаровай граматы Магілёўскага аблвыканкама ўдастоены дырэктар КСУП “Жылічы” Міхаіл Агафонаў, аб’яўлены Па­дзякі камбайнеру ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” Уладзіміру Бяляўскаму, намесніку дырэктара ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне” Ляонцію Кушавараву.
Ганаровай граматай камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама ўзнагароджаны вадзіцелі: КСУП “Барчыцы-агра” Леанід Арцёмаў, ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” Генадзь Гукаў, КСУП “Ніва-Барсукі” Уладзімір Ермалаеў, трактарыст-машыніст РАПТЗ Міхаіл Залаты.
Словы віншаванняў са святам і шчырай удзячнасці хлебаробам прагучалі ад прадстаўніка Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Віталя Лісіцкага. Ганаровая грамата Рэспубліканскага камітэта прафсаюза была ўручана камбайнеру ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” Мікалаю Дразду, дырэктару КСУП “Ніва-Барсукі” Івану Рыняку, старшыні прафкама “Рассвета” Наталлі Шапавалавай. Ганаровай граматай абкама прафсаюза работнікаў АПК узнагароджаны дырэктар КСУП “Жылічы” Міхаіл Агафонаў.
Шчырыя словы віншаванняў адрасавалі кіраўчанам госці з суседніх раёнаў.
Цырымонію ўзнагароджвання працягваў Аляксандр Бутараў. За шматгадовую плённую працу ў галіне сельскай гаспадаркі, асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна і ў сувязі з 60-годдзем з дня нараджэння Ганаровай граматы райвыканкама ўдастоены дырэктар КСУП “Жылічы” Міхаіл Агафонаў, за адраджэнне і захаванне гісторыка-культурнай спадчыны — кіраўнік народнага аўтэнтычнага фальклорнага ансамбля “Спадчына” Марыя Салановіч.
Наступны блок праграмы свята быў прысвечаны ўшанаванню і ўзнагароджванню пераможцаў раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых раслін за 2017 год (адпаведнае рашэнне райвыканкама апублікавана ў мінулым нумары раённай газеты “Кіравец”). З гонарам узнімаліся лідары жніва на святочную сцэну пад шчырыя апладысменты прысутных.
Эстафету віншаванняў працягваў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Іван Барташэвіч. Падзяка была аб’яўлена камбайнерам ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” Івану Багелю і СГФ “Чыгірынка” Сяргею Гурулёву, брыгадзіру КСУП “Чырвоны баец” Фёдару Еўдакімаву, вадзіцелю Івану Куляшову і камбайнеру Сяргею Юхнаўцу з СГФ “Чыгірынка”, а таксама самым маладым камбайнеру і вадзіцелю ўборачнай кампаніі Паўлу Свірко з “Рассвета” і Алегу Таркану з ААТ“Стайкаўскае”, самым старэйшым камбайнеру і вадзіцелю — Аляксандру Бяляўскаму з “Рассвета” і Аляксандру Здункевічу з РАПТЗ.
Са шчырымі словамі ў якасці старшыні Магілёўскага аграпрамысловага саюза звярнуўся да землякоў Аляксандр Багель. Аб’яўлена падзяка гэтай арганізацыі дырэктару КСУП “Жылічы” Міхаілу Агафонаву, трактарысту-машыністу “Рассвета” Валерыю Піскунову, галоўнаму інжынеру РАПТЗ Уладзіміру Дарафею, вадзіцелю КСУП “Ніва-Барсукі” Івану Скрыпунову, галоўнаму інжынеру СВК “Бераснёўскі” Міхаілу Шапоткіну.
Лепшыя ўдзельнікі жніва былі ўшанаваны і раённай прафсаюзнай арганізацыяй работнікаў АПК: аб’яўлена падзяка вадзіцелю РАПТЗ Дзмітрыю Багамолаву, камбайнеру “Рассвета” Аляксандру Іваніцкаму, камбайнеру КСУП “Барчыцы-агра” Дзмітрыю Іванову, галоўнаму аграному КСУП “Жылічы” Уладзіміру Палячэнку, старшаму камбайнеру КСУП “Ніва-Барсукі” Аляксандру Петранкову, камбайнеру ААТ “Дабаснянскае” Алегу Сосаву, калектыву сталовай КСУП “Чырвоны баец” (загадчык Алена Малахава).
Інэса Караткевіч, як старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” падкрэсліла ў сваёй прамове, што жанчына заўсёды была, ёсць і будзе ўвасабленнем міру, дабра, любові і веры. І практычна няма ніводнай сферы дзейнасці, дзе б не была задзейнічана жаночая праца: тая стваральная сіла, якая ёсць у жанчыне, забяспечвае дасягненне высокіх рэзультатаў. Каштоўныя падарункі ад Магілёўскай абласной арганізацыі атрымалі загадчык зернетока КСУП “Барчыцы-агра” Галіна Дзятлава, загадчык сталовай ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” Святлана Бяляўская, аграном КСУП “Ніва-Барсукі” Юлія Свірко, загадчык зернесклада СВК “Бераснёўскі” Алена Котава, загадчык склада РАПТЗ Вольга Вашукевіч.
Фінальным акордам урачыстай часткі стала ўручэнне старшынёй райвыканкама Аляксандрам Бутаравым памятнага вымпела Кіраўскага раёна “Дажынкі-2017” дырэктару ААТ “Кіраўскае рай- аграпрамтэхзабеспячэнне” Мікалаю Чаранкову і пераходнага вымпела “Дажынкі-2018” — дырэктару КСУП “Жылічы” Міхаілу Агафонаву: менавіта аграгарадок Жылічы будзе прымаць раённае свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі” ў наступным годзе.
На працягу ўсёй праграмы музычныя прывітанні дарылі прысутным культработнікі, калектывы мастацкай самадзейнасці раёна, дзеці.
Свята прадоўжылася ўвечары. На галоўнай сцэне разгарнулася канцэртная праграма. Падарункам прысутным стаў удзел у ёй заслужанай артысткі Беларусі Ларысы Грыбалёвай. Зорка беларускай эстрады і тэлевядучая прэзентавала гледачам свае новыя і ўжо знаёмыя песні, якія былі цёпла сустрэты публікай.
А пасля канцэрта неба расквяцілася рознакаляровымі агнямі святочнага фейерверка, які таксама стаў адным з сімвалаў ушанавання герояў жніва.
Завяршыліся мерапрыемствы гэтага насычанага дня святочнай дыскатэкай “Рытмы розных пакаленняў”, якая сабрала шматлікіх жыхароў раёна.

Мы папрасілі прысутных на “Дажынках-2017” герояў жніва падзяліцца сваімі ўражаннямі аб прайшоўшай уборачнай кампаніі і галоўным свяце хлебаробаў.
Мікалай БЕЛАКУРСКІ, старшы камбайнер ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”, узнагароджаны ордэнам Пашаны і медалём “За працоўныя заслугі”:
— Уся ўвага сёння прыкавана да ўдзельнікаў жніва. Сваё свята яны па праву заслужылі, уклаўшы цеплыню сваіх рук і душы ў высакародную справу — вырошчванне хлеба.
Земляробы Кіраўшчыны заўсёды ўмелі працаваць, ды і цяпер шчыруюць з душой і любоўю. Так ужо павялося ад нашых дзядоў і прадзедаў. З дзіцячых гадоў мы ведаем цану хлебу, цану таго няпростага шляху, які пачынаецца ад кінутага ў зямлю маленькага зярнятка да налітага ў полі коласа, ад якаснай мукі да пышнага і багатага каравая. І, як паказалі вынікі жніва, хлебаробы прайшлі гэты шлях дастойна.
Для нас “Дажынкі” — гэта вялікае свята. Паглядзіце колькі народу: моладзь, людзі старэйшага пакалення — ва ўсіх добры настрой. Якая прыгажосць навокал: работы майстроў, арыгінальна аформленыя падвор’і… Аб любоніцкай гасціннасці будзем яшчэ доўга памятаць.

Іван САЛАНОВІЧ, старшы камбайнер ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”:
— Галоўны і самы запамінальны момант свята — урачыстае ўзнагароджванне перадавікоў жніва, усіх, хто напрамую ці ўскосна меў дачыненне да хлеба, быў звязаны з ім з ранняй вясны і да восені, хто працаваў у полі не пакладаючы рук. Мне таксама пашчасціла быць у ліку пераможцаў.
Нягледзячы на завяршэнне ўборкі збожжа, работа ў нас не прыпынялася ні на хвіліну: працягваецца наша праца, вядуцца восеньскія палявыя работы.
Але сёння мы можам адпачыць на такім цудоўным мерапрыемстве. Усё арганізавана ярка, маляўніча, весела… Канцэрт, разнастайныя выставы, дзіцячыя пляцоўкі — усё прадумана і зроблена з душой і фантазіяй.

Дзяніс КАЗАНЦАЎ, механізатар КСУП “Чырвоны баец”:
— Прыемна стаць адным з лепшых сярод маладзёжных камбайнераў. Мой вынік — паказчык таго, што я нездарма стараўся пераняць вопыт ад старэйшых таварышаў. У мінулыя гады я шчыра радаваўся за сваіх калег, а сёлета – сам прымаю віншаванні.
Любонічы ў гэты дзень ператварыліся ў калейдаскоп рознакаляровых фарбаў, пляцоўку для гульняў, забаў і народных гулянняў. Упэўнены, што кожнаму ўдзельніку мерапрыемства гэты дзень запомніцца як адзін з самых яркіх і вясёлых. Чым яшчэ можна ахарактарызаваць гэтае свята? Вядома ж, гасціннасцю і шчырасцю.

На падвор’ях было весела!

Караваі, песні, танцы — гэта далёка не поўны пералік усяго таго, чым парадавала, здзівіла і захапіла гасцінная і хлебасольная сталіца сёлетняга свята працаўнікоў хлебнай нівы. Тут, у Любонічах, пастараліся зрабіць свята незабыўным, з улікам народных традыцый і мясцовага каларыту.
Панаваўшая атмасфера стварала асаблівы настрой. Яшчэ на пад’ездзе да аграгарадка сустракалі маляўнічыя саламяныя і іншыя кампазіцыі па тэматыцы да галоўнага хлебаробнага свята.
Аграгарадок ператварыўся ў шматлюдную выставу-кірмаш і на працягу ўсяго дня захапляў мясцовых жыхароў і гасцей прыгажосцю і разнастайнасцю гандлёвых радоў, вырабамі народных умельцаў. Любы жадаючы мог паспытаць арыгінальныя стравы і прыкупіць памятныя сувеніры: выстава-продаж прываблівала вырабамі з саломы, паперы, лазы, дрэва і інш. Гандлёвыя рады райспажыўтаварыства давалі магчымасць на свежым паветры паспытаць смак разнастайнай кулінарнай прадукцыі. Дыміліся мангалы з шашлыкамі, ветліва зазывалі палаткі.
Гасцінна раскінуліся святочна аформленыя падвор’і — своеасаблівая візітная картка сельгаспрадпрыемстваў Кіраўшчыны. Кожнае з іх вылучалася сваёй унікальнасцю і непаўторнасцю, здзіўляла арыгінальным афармленнем. Тут усё радавала погляд: і ветлівыя гаспадары, якія пастараліся максімальна дакладна праілюстраваць побыт беларускай вёскі, і багаты ўраджай прадстаўленай тут агародніны, і розныя прысмакі, і конкурсы з бяспройгрышнымі латарэямі.
Дарослыя і дзеці з цікавасцю разглядалі сельскагаспадарчую тэхніку, выстава якой была арганізавана на адной з пляцовак свята. Жадаючыя маглі на свае вочы ўбачыць трактары і камбайны, на якіх нашы аграрыі праводзяць увесь комплекс сельскагаспадарчых работ: ад сяўбы да ўборкі ўраджаю.
Увага ўдельнікаў свята была накіравана на выставы работ майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, малюнкі выхаванцаў Дзіцячай школы мастацтваў. Увазе гасцей быў прапанаваны стэнд раённай бібліятэкі, прысвечаны пісьменнікам – юбілярам гэтага года, адзін з якіх адлюстроўваў жыццё і творчасць Францыска Скарыны.
Весела і шумна было на маладзёжнай пляцоўцы для моладзі, якая размяшчалася каля Любоніцкай СШ. Райкамам ГА “БРСМ” і выхаванцамі Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі была арганізавана творчая праграма з песнямі, загадкамі, конкурсамі, а таксама выставай фотаздымкаў з момантамі працы падарастаючага пакалення ў студэнцкіх атрадах і ўдзелу мола­дзі ва ўборачнай кампаніі гэтага года.
Для дзяцей разгарнула сваю дзейнасць пляцоўка «Вясёлка дзяцінства», было агранізавана катанне на конях і поні, працавалі атракцыёны і пракат электрамабіляў.
Жадаючыя маглі ўба­чыць усю прыгажосць Кіраўскай зямлі з неба падчас аглядных палётаў на самалётах, якія былі наладжаны вучэбна-спартыўнай установай «Бабруйскі аэраклуб».
На любоніцкіх «Дажынках» было весела, святочна, шматлюдна… Кожны з прысутных змог знайсці для сябе занятак па душы.

Последние новости

Кировск — здоровый город

Прививка поможет защититься

19 апреля 2024
Профилактика и безопасность

Огонь повредил дом

19 апреля 2024
В Комитете госконтроля

Рассмотрели вопросы жизнедеятельности населения

19 апреля 2024
Прямая линия

Прямая телефонная линия

19 апреля 2024
80-летие освобождение Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Акцыя «Разам з мастацтвам» на Кіраўшчыне

19 апреля 2024
Общество

Вопросы граждан были решены

18 апреля 2024
Кировск — здоровый город

Школа – территория здоровья

18 апреля 2024
В стране и мире

Задержан наркозависимый экстремист с арсеналом

18 апреля 2024
Профилактика и безопасность

Замени старую электропроводку

18 апреля 2024
Профилактика и безопасность

Дом – не зона конфликта

18 апреля 2024

Рекомендуем

Актуально

В субботу 6 апреля на территории Кировщины прошел “Единый день озеленения

6 апреля 2024
В стране и мире

Лукашенко: миролюбивая Беларусь нужна и России, и Украине, но “Зеленский начинает нас цеплять”

8 апреля 2024
80-летие освобождение Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Мір на зямлі – галоўная каштоўнасць

11 апреля 2024
В стране и мире

Задержан наркозависимый экстремист с арсеналом

18 апреля 2024
Профилактика и безопасность

Безопасность движения

15 апреля 2024
Общество

Житель агрогородка Барсуки Кировского района осужден по части 2 статьи 205 Уголовного Кодекса Республики Беларусь

13 апреля 2024
80-летие освобождение Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

11 красавіка адзначаўся Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў

12 апреля 2024
Общество

На заседании cовета Кировского районного объединения профсоюзов был рассмотрен ряд вопросов, касающихся деятельности организации

9 апреля 2024