Лепшыя біятланісты Кіраўскага раёна — у Паўлавіцкай школе
Біятлон — добра вядомы і папулярны від зімовага спорту ў нашай краіне. Шмат яркіх старонак упісана беларускімі біятланістамі ў гістарычны летапіс гэтага відовішчнага алімпійскага віду спорту. У падтрымку слаўных традыцый і з мэтай падрыхтоўкі новага пакалення спартсменаў ў рэспубліцы праводзяцца і ўжо набылі папулярнасць спаборніцтвы “Снежны снайпер”. Не выключэннем стаў і наш раён: біятлонныя гонкі ўжо некалькі гадоў як уключаны ў праграму круглагадовай спартакіяды школьнікаў. У мінулую суботу прайшлі раённыя спаборніцтвы па гэтым відзе.
Трэба адзначыць, што гэты від не лічыцца абавязковым, бо не ўсе ўстановы адукацыі маюць магчымасць паўнацэнна прыняць удзел у гэтых спаборніцтвах. Сёлета біятлон абралі ў пяці школах: абедзьвюх гарадскіх, Паўлавіцкай, Мышкавіцкай і Жыліцкай.
Месцам правядзення стала Паўлавіцкая школа, прадстаўнікі якой летась абаранялі гонар Кіраўшчыны на абласных спаборніцтвах. Спаборніцтвы, заўважым, былі наладжаны на належным узроўні. Адзінае, чаго не хапіла, і гэта ўжо не ў кампетэнцыі арганізатараў, — гэта недахоп снегу. Па гэтай прычыне, лыжныя гонкі на трасе былі заменены бегам. А вось усё астатняе было такім, як мы прызвычаіліся бачыць у тэлерэпартажах з біятлонных спаборніцтваў: былі і спартыўны азарт, і стральба па мішэнях, і перадача эстафеты, і нечаканыя фінішы, і шчырая падтрымка заўзятараў…
Варта таксама адзначыць, што сёлета “Снежны снайпер” упершыню праводзіўся ў раёне па класічнай біятлоннай формуле. Дагэтуль спачатку школьнікі спаборнічалі ў стральбе, а потым — у лыжных гонках або бегу. Зараз жа ўмовы былі такімі: рабяты ўдзельнічалі ў трох узроставых групах, у кожнай з якіх заяўляліся па 4 спартсмены — па 2 дзяўчынкі і 2 хлопчыкі. Кожны з іх прабягаў па два кругі (250 м) і адпраўляўся на стральбу, затым прабягаў яшчэ круг (у старэйшай групе — 2) і зноў “змагаўся” з мішэнямі і да фінішу прабягаў яшчэ адзін круг, затым перадаваў эстафету. Безумоўна, пасля пераадольвання дыстанцыі закрыць “талерачкі” было больш праблематычна, але ў гэтым і заключана “соль” біятлона. І менавіта так праводзяцца абласныя і рэспубліканскія спаборніцтвы. У гэтай сувязі хтосьці са спартсменаў узяў верх за кошт хуткасці, хтосьці — за кошт трапнасці, а той, хто спалучыў уменні ў абедзвюх пазіцыях, адпаведна быў у выйгрышы. І, забягаючы наперад, адзначым, што ў большасці гэта зноў аказаліся гаспадары — рабяты з Паўлавіцкай школы.
Першымі на дыстанцыю выйшлі школьнікі малодшай групы. Лепшыя індывідуальныя вынікі сярод дзяўчынак паказалі Аліна Дырыкава і Валерыя Лазарава з Паўлавіцкай СШ, Марыя Краўчанка з Мышкавіцкай школы, сярод хлопчыкаў — Андрэй Собалеў і Павел Барадзін з Паўлавіцкай, Вячаслаў Бародзіч з Мышкавіцкай школ. У камандным заліку першынствалі паўлавіцкія школьнікі, другое і трэцяе месцы адпаведна занялі рабяты з СШ №1 і Мышкавіцкай школы.
У спаборніцтвах біятланістаў сярэдняй групы таксама на вышыні аказаліся паўлавіцкія школьнікі. У дзяўчынак першае і другое месцы занялі Крысціна Лазарава і Настасся Котава з названай установы адукацыі, на трэцяй пазіцыі была Алёна Грабнёва з Мышкавіцкай СШ, у хлопчыкаў перамогу атрымаў Арцём Іваноў з Паўлавіч, другую і трэцюю прыступкі на п’едэстале гонару адпаведна заваявалі Мікіта Чарвяк з СШ №2 імя К.П.Арлоўскага і Станіслаў Пацыенак з СШ №1. Тройка прызёраў у камандным заліку: Паўлавіцкая СШ, Мышкавіцкая СШ, СШ №2 імя К.П.Арлоўскага.
Не было роўных паўлавіцкім спартсменам і ў спаборніцтвах сярод старэйшых рабят. Першыя месцы занялі Марыя Сідарэнка і Уладзімір Яновіч, другія — Настасся Страхава і Ягор Сямёнаў са школы-гаспадыні правядзення “Снежнага снайпера”. Па “бронзавай” узнагародзе ўзялі таксама Настасся Анісімава з СШ №2 імя К.П.Арлоўскага і Сяргей Крупінскі з СШ №1. Камандны залік, як лёгка можна здагадацца, выйгралі вучні Паўлавіцкай СШ, другое і трэцяе месцы адпаведна занялі СШ №2 імя К.П.Арлоўскага і Мышкавіцкая СШ.
Абсалютныя пераможцы спаборніцтваў каманда Паўлавіцкай школы зноў будзе прадстаўляць наш раён на абласных спаборніцтвах.
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота аўтара.